Днямі на адрас «Бацькаўшчыны» прыйшоў ліст ад сябра Рады Таварыства беларускай культуры ў Літве Леакадзіі Мілаш, змест якога дае спадзеў на тое, што скандал вакол былога старшыні ТБК Хведара Нюнькі, які цягнецца ўжо два гады, урэшце сціхне.
Нагадаем, што ў верасні 2014 года з ініцыятывы сябра ТБК Аляксандра Адамковіча адбылося тэрміновае пазачарговае пасяджэнне Рады ТБК, па выніках якога старшынства перайшло да апошняга, а Хведар Нюнька, які ўзначальваў арганізацыю ад самага ўстаноўчага сходу ў 1989 годзе, зрабіўся галоўным фігурантам крымінальнай справы – група сяброў ТБК накіравала позвы ў крымінальную паліцыю, пракуратуру і суд, вінавацячы былога старшыню ў фінансавых махінацыях. Неўзабаве распачалося і публічнае цкаванне – на адрасы беларускіх арганізацый, на прыватныя адрасы беларусаў замежжа, у сродкі масавай інфармацыі пачалі прыходзіць лісты, якія ачарнялі асобу Хведара Нюнькі і мелі на мэце паставіць пад сумнеў плён ягонай дваццаціпяцігадовай працы. А між тым, дзякуючы намаганням ТБК пад кіраўніцтвам спадара Хведара, у Вільні працуе беларуская гімназія, усталяваныя мемарыяльныя дошкі і помнікі на магілах беларускіх дзеячаў, на Лукішскім пляцы захаванае месца, на якім быў забіты Кастусь Каліноўскі, а ў гонар знакавых для беларусаў асобаў названыя некалькі вуліц у Вільні. Тады ў абарону гонару і годнасці спадара Хведара Нюнькі – аднаго з заснавальнікаў і сябры Рады «Бацькаўшчыны», сябры Рады БНР – у адкрытых лістах выказаліся МГА «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”», Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, ганаровы сябра ТБК Літвы акадэмік Радзім Гарэцкі, рэдактар Нью-Ёркскай газеты «Беларус», старшыня Беларуска-Амерыканскага Задзіночання Ганна Сурмач. Не выявіўшы злачынных дзеянняў, у 2015 годзе адхіліла позву і літоўская пракуратура.
Не здаволіўшыся такім вынікам, апаненты Хведара Нюнькі падалі апеляцыю. Распачалося новае расследаванне. І вось нарэшце, 29 чэрвеня 2016 года, прыйшоў адказ, падпісаны суддзёй: справа закрытая праз адсутнасць доказаў.