Ужо амаль год спн. Валянціна Трыгубовіч займаецца ўпарадкаваньнем архіваў Беларускай фундацыі Крачэўскага (Нью-Ёрк, ЗША). Спн. Валянціна ласкава пагадзілася распавесьці пра Фундацыю і яе мэты, а таксама пра тое, у чым каштоўнасьць збораў, што захоўваюцца ў Фундацыі, і пра далейшыя пляны па іх выкарыстаньні.
Валянціна Трыгубовіч з унукамі на Таймс-сквэр напярэдадні Новага году
- Распавядзіце, калі ласка, пра Фундацыю: якія мэты мае? Як даўно была створаная?
- Фундацыя імя Пётры Крачэўскага (Kreceuski Foundation, Inc.) паўстала ў 1959 годзе ў Нью Ёрку. Яе закладнікамі былі беларускія дзеячы паваеннай хвалі эміграцыі. Назву далі ў памяць першага старшыні Рады БНР на выгнаньні Пётры Крачэўскага (1879 - 1928). У складзе першай Рады дырэктароў Фундацыі былі Вітаўт Тумаш (старшыня), Антон Адамовіч, Натальля Арсеньнева, Янка Запруднік, Віталь Кажан, Кастусь Мярляк, Антон Шукелайць. Першы значны фінансавы ўнёсак зрабіла Рада БНР: у 1960 годзе яе старшыня Мікола Абрамчык перадаў ахвяраваньні на стварэньне эміграцыйнага музэю-архіву. Празь некалькі гадоў былі купленыя (у крэдыт, натуральна) чатыры дамы, у адным зь іх памяшканьні прызначаліся для грамадзкіх патрэбаў - сходы, сустрэчы, рэпетыцыі танцавальнага ансамблю, школка для дзяцей, а іншыя дамы здаваліся ў арэнду дзеля пакрыцьця выдаткаў утрыманьня грамадзкага цэнтру ды выплаты крэдыту. Пакрысе зьбіраліся кнігі й розныя дакумэнты, што меліся стаць асновай архіву-музэю. На жаль, слабое гаспадараньне, часовы заняпад рынку нерухомасьці ў гэтым раёне ды заўсёдная перавага надзённых клопатаў над стратэгічнымі, статутнымі мэтамі прывялі да продажу трох будынкаў. На сёньня ўласнасьцю Фундацыі зьяўляецца адзін трохпавярховы дом, на першым паверсе якога разьмяшчаюцца нашы архіўныя зборы, а на другім-трэцім жывуць кватаранты, коштам якіх аплочваюцца асноўныя выдаткі Фундацыі. Адразу хачу заўважыць, што празь нейкі час пасьля рэгістрацыі Фундацыі беларусы, якія ўжо лепш зьведалі амэрыканскае заканадаўства, рабілі спробы зьмяніць статус сваёй грамадзкай арганізацыі на лепшы - безпадаткавы. Аднак справа тады так і не была даведзеная да канца. Гэтым занялося новае кіраўніцтва гады два назад. І вось маем: ад сёлета Фундацыя вызваленая ад шмат якіх падаткаў - штатных і федэральных. Значыць, з'эканомленыя грошы пойдуць на ўласныя праекты. І называемся мы цяпер Беларуская фундацыя Крачэўскага (Belarusian Kreceuski Foundation).
Беларуская фундацыя Крачэўскага ў Нью Ёрку на Gothic Drive, 166-34 (левая палова будынку)
- Якія архівы захоўваюцца ў Фундацыі? Якіх беларускіх дзеячаў і ў якім аб'ёме?
- Паводле статутных палажэньняў, мы зьбіраем дакумэнтальныя сьведчаньні жыцьця ды дзейнасьці беларусаў за межамі Бацькаўшчыны. Дакладна вам сказаць, што ёсьць у зборах, я пакуль ня ў стане, бо займаюся парадкаваньнем іх менш як год часу. І тэрміналягічна я пакуль не магу ўжываць слова "архівы", бо тое, з чым маю справу, гэта неўпарадкаваны ды несыстэматызаваны збор. Аднак большасьць наяўных матэрыялаў так ці інакш дакумэнтуе дзейнасьць беларускай эміграцыі паваеннай хвалі, найперш той, што асталявалася ў Злучаных Штатах Амэрыкі.
Беларускія газэты ваеннага часу
- У чым каштоўнасьць гэтых архіваў, ці збораў, як вы кажаце? Што, на вашу думку, найбольш каштоўнае? Для каго найперш яны ўяўляюць каштоўнасьць сёньня?
- Гэтыя паперы, фатаграфіі, магнітныя стужкі ды іншыя рэчы зафіксавалі частку нашай агульнай гісторыі, гісторыі беларускага народу ў ХХ стагодзьдзі. І яны найперш патрэбныя дасьледчыкам, што вывучаюць гэты пэрыяд. А там будзе відаць... Можа, паводле іх нехта створыць тэлесэрыял ці напіша прыгодніцкі раман.
Выданьні часу DP-лягераў
- Распавядзіце, калі ласка, у чым палягае ваша праца па ўпарадкаваньні збораў. Зь якімі складанасьцямі сутыкаецеся? Колькі спатрэбіцца часу, каб усё давесьці да ладу? Ці дапамагае вам хтосьці?
- Пачну адказваць з канца вашага пытаньня... Фундацыя - гэта грамадзская арганізацыя, якою кіруе Рада дырэктароў. Цяпер гэта шэсьць асобаў: Вячка Станкевіч (старшыня), Ала Орса-Рамана (заступнік старшыні), Валеры Дворнік (скарбнік), Галіна Тумаш, а. Ігар Лабацэвіч і я. Кожны дырэктар адказны за нейкую дзялянку працы, але ўся яна робіцца скаардынавана. Асноўны клопат пра кнігі, дакумэнты, творы выяўленчага мастацтва ды іншыя музэйныя каштоўнасьці ляжыць на нас з а. Ігарам Лабацэвічам. Ён - прафесійны архівіст, з адпаведнай адукацыяй і досьведам працы, ён ведае ўсе тутэйшыя патрабаваньні й стандарты, што вельмі важна для належнага парадкаваньня матэрыялаў. Хоць ён жыве далёка ад Нью Ёрку, мы час ад часу сустракаемся й робім пляны... Спадар Валеры Дворнік, адказны за гаспадарку, мае абавязак забясьпечыць нас “правільнымі” матэрыяламі. (Працаваць я мушу ў спэцыяльных пальчатках, скрынкі, тэчкі ды ўсё іншае набываем на адмысловым архіўным сайце.) І маладзейшыя грамадзкія актывісты ў свой вольны час гатовыя дапамагчы, асабліва гісторыкі паводле адукацыі. (Любімыя іх жарцікі з парогу: "Ну, знайшлі ўжо Трэцюю Ўстаўную грамату?" "А чэк на мільён?")
Працы тут хопіць надоўга... Мая мэта: зрабіць поўную інвэнтарызацыю наяўнага, бо не існуе ніякіх сыстэмных запісаў, хто, што й калі сюды прынёс або адсюль забраў... Так, фрагмэнты. А трэба ж поўная ды ясная "карцінка".
Старшыня Фундацыі Вячка Станкевіч вядзе пасяджэньне Рады дырэктароў
- Ці маеце нейкія пляны па далейшым выкарыстаньні архіўных матэрыялаў? Можа, плянуеце штосьці апублікаваць?
- Час пакажа. Калі буду мець на руках сьпіс наяўных каштоўнасцяў, тады й можна будзе разважаць. Рукапісы, як вядома, не гараць. Але ў вільготным падвале іх зьядае плесьня. З гэтай праблемай я ўжо сутыкнулася.
- Якія беларускія мерапрыемствы праводзяцца цяпер ў Фундацыі?
- Сходы, сустрэчы, нешматлюдныя імпрэзы. Вось у сакавіку было пасяджэньне Рады БНР, напрыклад. У красавіку адбыўся "круглы стол" з тэмаю "Урокі Украіны для Беларусі": частка ўдзельнікаў дыскусіі прысутнічала ў нашай залі, частка (з Украіны ды розных гарадоў ЗША) далучылася да размовы праз скайп.
- Упарадкаваньне архіваў, як на маю думку, патрабуе шмат часу й цярпеньня. Што дае вам сілы на такую працу і ўвогуле натхняе па жыцьці?
- Маеце рацыю, праца бывае бруднай, нуднай і маруднай. Але яе трэба зрабіць у памяць тых людзей, якія праз усю "халодную вайну" пранесьлі сьцяг беларускай незалежнасьці, ахвярна змагаліся за тое, каб Краіна Беларусь паўстала на мапах сьвету. Беларускія паваенныя эмігранты на міжнароднай арэне падрыхтавалі наш 1991 год.
А што натхняе? Старая мудрасьць: помнім мы - не забудуць і нас.
- Як даўно вы жывяце ў ЗША? Ці зьмяніўся, на вашу думку, партрэт беларускай дыяспары ЗША за гэты час? Калі - так, то што менавіта?
- Я жыву тут ад 2008 году. Прыехала ў Нью Джэрзі дапамагчы сыну зь нявесткай падгадаваць малога. Хутка нарадзіўся другі... Пакуль унукі былі зусім малыя, я займалася амаль выключна імі. Цяпер прыязджаю да іх, толькі калі ўзьнікае пільная патрэба (школьныя канікулы, хваробы). Дык маю час на грамадзкую працу ў Нью Ёрку.
А дыяспара зьмянілася, несумненна. Я магу параўноўваць яе ад 1992 году, калі ўпершыню прыехала сюды на Сустрэчу беларусаў Паўночнай Амэрыкі. Мы тады з дэпутатам Валянцінам Голубевым прадстаўлялі Беларускі народны фронт і Апазыцыю ў Вярхоўным Савеце. А міністар замежных спраў Пётр Краўчанка – урадавыя структуры.
Колішняя й сёньняшняя эміграцыі кардынальна адрозныя. Калі тыя, паваенныя, апынуліся на чужыне змушана, ратуючы сваё жыцьцё ды амаль не спадзеючыся на вяртаньне, дык цяперашнія па ўласнай волі едуць вучыцца, працаваць, самарэалізоўвацца й маюць магчымасьць у кожную хвіліну сесьці на зваротны самалёт. (Вядома, ёсьць выключэньні. Вы пра іх ведаеце ня горш за мяне.) Да таго ж зьмянілася ў лепшы бок сусьветная сыстэма камунікацый. У эміграцыі старой і новай хвалі розны сьветапогляд, розныя мэты, розныя магчымасьці... Гаварыць пра гэта ў двух словах, аднак, не выпадае. Тэма вельмі вялікая й сур’ёзная. Можа, калі іншым разам.
- Чым вы займаецеся яшчэ, акрамя парадкаваньня архіўных збораў у Фундацыі?
- Рэдагую кнігі, пішу ўспаміны... Вось у мінулым годзе ў менскім выдавецтве “Лімарыус” выйшла кніга лістоў Янкі Запрудніка, вядомага эміграцыйнага дзеяча. Яна называецца “Па гарачых сьлядах мінуўшчыны”. Я была яе рэдактарам і пісала прадмову. Лісты, якія ўвайшлі ў кнігу, адрасаваліся ў 1952 – 1959 гадах розным асобам, найперш сябрам-аднадумцам. Але там ёсьць і лісты да жонкі, яе бацькоў, да афіцыйных асобаў... Спадар Янка ўсім пісаў на машынцы, пад капірку! Уяўляеце?! Атрымаўся такі нефармальны ды праўдзівы летапіс. Працаваць з гэтым аўтарам надзвычай цікава! Дый проста пагутарыць пры каве (або “кашы”, згатаванай шаноўнай спадарыняй Надзяй) заўсёды прыемна.
Сёлета, спадзяюся, спадар Фядута выдасьць чарговы нумар свайго альманаху “Асоба і час”. Там мае быць публікацыя памяці Веры Чуйко, выбітнай асобы беларускага Адраджэньня пачатку 1990-ых, маёй шматгадовай сяброўкі й паплечніцы ў грамадзкіх справах. Зьбіраць і апрацоўваць матэрыялы для гэтай публікацыі мне было няпроста – прыемна гаварыць зь людзьмі пра яе ды балюча ад усьведамленьня, што гаворым у мінулым часе.
Валянціна Трыгубовіч і Наталля Гардзіенка падчас прэзентацыі кнігі Янкі Запрудніка "Па гарачых слядах мінуўшчыны", Мінск, 2015 г.
- А ці ёсьць цікавасьць да архіваў, што захоўваюцца ў Фундацыі Крачэўскага, з боку навукоўцаў Беларусі, ці мяркуецца нейкае супрацоўніцтва зь беларускімі архівамі ды фондамі?
– Ёсьць і будзе. Вось у красавіку да нас з кароткім візытам зазірнула спадарыня Натальля Гардзіенка, знаны менскі дасьледчык эміграцыі. 26 траўня падчас ХVI Узвышаўскіх чытанняў у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Менску адбылася прэзэнтацыя калекцыі дакумэнтаў, датычных “Нашай Нівы”, сярод якіх паштоўкі, што былі дасланыя братам Луцкевічам, допісы карэспандэнтаў з розных мясьцін Беларусі ды шмат чаго іншага. Гэтую прыватную калекцыю Беларуская фундацыя Крачэўскага (Нью-Ёрк) выкупіла й перадала ў дар БДАМЛМ. Ужо амаль год мы камунікуем зь Вячкам Целешам, мастаком і дасьледчыкам з Рыгі, які піша кнігу пра беларускіх мастакоў Латвіі, дапамагаем яму сабраць інфармацыю ды рэпрадукцыі твораў Пётры Мірановіча, які па вайне жыў у ЗША. У самой Фундацыі, дарэчы, ёсьць 15 твораў Мірановіча. Спадар Вітаўт Кіпель, які цяпер рыхтуе да перавыданьня сваю кнігу “Беларусы ў ЗША”, тэлефануе час ад часу: просіць пашукаць ці ўдакладніць нейкія зьвесткі. Хіба можна адмовіць?!
Галоўнае для мяне цяпер – упарадкаваць нашы шматгадовыя зборы. А потым можна дбаць пра пашырэньне інфармацыі – зрабіць сайт, запрашаць дасьледчыкаў... Абы даў Бог спрыяньне.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”