“У лістах чалавек не хлусіць”

23 верасня ў мінскай кнігарні “логвінаЎ” прайшла прэзентацыя кнігі доктара Янкі Запрудніка «Па гарачых слядах мінуўшчыны: Мае лісты 1952—1959». Пра тое, як рыхтавалася кніга, расказалі рэдактар Валянціна Трыгубовіч, даследчыца Наталля Гардзіенка, дырэктар выдавецтва “Лімарыус” Марына Шыбко і намеснік старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Валер Герасімаў.

Распачалі імпрэзу са звароту доктара Янкі Запрудніка, які зачытала Наталля Гардзіенка:

“Паважаныя спадарыні й спадары, дарагія сяброўкі й сябры!

Хоць мы з вамі жывём далёка адны ад адных, я цешу сябе наступнай думкай: філёзафы прызналі, што прастора ў сваёй сутнасьці – гэта ня рэч і не адчуваньне, а толькі прадукт псыхалёгіі. Значыцца, спараджае прастору думка. Дык думкаю мы яе сёньня й зьнішчаем. У гэты мамэнт мы з вамі разам. Разам у імя Бацькаўшчыны. 

Мне вельмі прыемна, што з дапамогаю групы супрацоўнікаў, мы здолелі завяршыць наш працаёмкі выдавецкі праект у форме кнігі маіх лістоў. У іх адлюстраваны  пэрыяд нашай гісторыі мала ведамы на Бацькаўшчыне. Рэч у тым, што наша гістарычная прастора шмат шырэйшая, чымся прастора геаграфічная. Гістарычная прастора ўключае ў сябе долю й нядолю нараджэнцаў Беларусі па цэлым сьвеце. Гісторыю гэтых людзей трэба ведаць, бо ў ёй шмат павучальнага для сёньняшняга дня, асабліва ў сэнсе культурнага й нацыянальнага самасьцьверджаньня беларусаў. Прыклад замежных  суродзічаў, асабаліва ў пэрядзе пасьля Другой сусьветнай вайны, варты таго, каб азнаёміцца зь ім бліжэй. Ён будзе стымуляваць наш сёньняшняшні адраджэнскі рух, нашу нацыянальную годнасьць. З такой мэтай і выдадзена мая кніга. 

Пры гэтай нагодзе хачу яшчэ раз шчыра падзякаваць тым, хто працаваў над ейным выхадам у сьвет  – шаноўным Валянціне Трыгубовіч, Марыне Шыбко, Натальлі Гардзіенцы ды мастаку-аўтару вокладкі спадару Вадзіму Ногу. Дзякую таксама кіраўніцтву “Бацькаўшчыны” за арганізацыю гэтай імпрэзы і ўсім, хто на яе прыбыў.

Жыве Беларусь!”

Валянціна Трыгубовіч расказала пра адметнасць новай кнігі:

“Адметнасць кнігі “Па гарачых слядах мінуўшчыны” ў тым, што яна цалкам падрыхтаваная доктарам Янкам Запруднікам. Часцей за ўсё каментары да такіх кніг піша нехта іншы. Тут жа ўсе каментары былі падрыхтаваныя спадаром Запруднікам. З майго тэксту тут толькі прадмова.

Таксама я лічу, што важнасць менавіта такіх кніг – збораў лістоў – заключаецца ў тым, што ў лістах чалавек не хлусіць. Бо ліст ты пішаш сябру, які і так усё пра цябе ведае. Ты перад ім не спрабуеш казацца лепшым. Бо калі чалавек піша ўспаміны, мемуары – ужо пачынае працаваць самарэдагаванне”.

На пытанне пра змест лістоў спадарыня Валянціна падкрэсліла:

Янка Запруднік – чалавек справы. З маладых гадоў ён разумеў гістарычную значнасць лістоў як пісьмовых крыніц і друкаваў усе свае лісты адразу з капіркай. Ён расказваў, што падчас пераезду з Еўропы ў Амерыку яму давялося перавозіць 400 кілаграмаў такіх гістарычна значных для нас сёння папер!

Тут у кнізе цвярозае, рэальнае жыццё. Ніякага кахання і летуценных развагаў, як гэта часта бывае ў маладых людзей. Доктар Янка Запруднік пісаў вершы ў маладыя гады. Вось там усё каханне! Дарэчы, варта было б выдаць іх зборнік! Але пакуль што доктар заняты падрыхтоўкай наступнай сваёй кнігі – лістоў ужо ДА яго”.

“Вельмі хацелася б пажадаць спадару Янку Запрудніку доўгіх гадоў жыцця. І каб на гэтай кнізе збор ягоных лістоў не скончыўся і разам мы выдалі яшчэ не адзін адметны том”, – павіншавала ўсіх з выхадам кнігі дырэктар выдавецтва “Лімарыюс” Марына Шыбко.

Даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка адзначыла, што з кнігі добра адчуваецца, як беларуская справа трымалася ў эміграцыі на адзінках: “З лістоў можна пабачыць, што, напрыклад, вялікая справа па арганізацыі канцэрта да 25 сакавіка для беларусаў Мюнхена па сутнасці была выцягнутая на працы некалькіх чалавек”.

А Валянціна Трыгубовіч дадала: “Асноўны аспект, які Янка падкрэсліваў у сваёй кнізе, – гэта тое, што ўсё трэба рабіць самім. Ні ад кога нічога не чакаць і не прасіць. А калі хочаш нешта зрабіць якасна, проста брацца за справу самому”.

Намеснік старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Валер Герасімаў падзяліўся сваім уражаннем ад кнігі:

Кніга Янкі Запрудніка ўжо 26-я ў Бібліятэцы Бацькаўшчыны. Гэта вялікі плюс для такой арганізацыі. Таму што, як можна пагадзіцца са спадаром Янкам Запруднікам, трэба рабіць справу! І Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, якое паўстала 25 гадоў таму, робіць канкрэтную справу – 26 кніг беларускай дыяспары, плюс 3 кнігі ў падсерыі “Людзі  Беларусі” – гэта правільна, гэта тое, што застанецца ў гісторыі!

Пра саму кнігу хацелася б сказаць, што “Па гарачых слядах мінуўшчыны” Янкі Запрудніка – гэта як Біблія. Яе немагчыма сесці і прачытаць за дзень. А трэба па лісце кожны дзень, уважліва ўнікаючы ў апісаныя справы і разважаючы пра іх наступствы.

Акрамя ўсяго, Янка Запруднік – яшчэ і цудоўны бібліёграф. З лістоў можна зразумець, што ён ў эміграцыі ўважліва сачыў за літаратурным і грамадскім жыццём у БССР – спрабаваў знайсці выдадзеныя кнігі, чытаў газеты і часопісы.”

Пра сустрэчу і супрацу з доктарам Янкам Запруднікам распавяла дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка:

“Калі ў 1997 годзе Янка Запруднік прыязджаў у Мінск на З’езд беларусаў свету, па маім запрашэнні ён завітаў у наш архіў, пазнаёміўся з супрацоўнікамі і фондамі і стрымана сказаў адно слова – “Парадак”. І для нас гэтае слова вельмі шмат значыла. А праз некаторы час да нас з Амерыкі прыйшла першая скрыня ад Запрудніка, потым яшчэ і яшчэ. З Фонду Янкі Запрудніка можна яскрава ўбачыць, што цікавіла беларусаў у эміграцыі пра радзіму.”

Напрыканцы імпрэзы з музычным віншаваннем – кранальным  “Паланезам Агінскага” – выступіла бард Таццяна Матафонава.