У Сібіры адбылося адкрыццё этнакавярні «Беларуская глеба», дзе будуць падаваць толькі беларускія стравы.
«Глеба» па-беларуску значыць «зямля». Цяпер часцінка беларускай зямлі зʼявілася ў Іркуцку. Сустрэлі нас шырокімі абдымкамі і ўтульнай хатняй беларускай кухняй. Заслухаліся госці меладычнымі беларускімі песнямі ў выкананні ансамбля «Крывiчы», бурныя апладысменты атрымала музыка і спявачка Таццяна Беланогая з Менску. І, вядома ж, не абышлося без народных беларускіх танцаў», – напісала спадарыня Алеся Стасевіч у суполцы іркуцкага моладзевага клубу «Крывічы» ў «Фэйсбуку». Яна ж і выклала здымкі з адкрыцця страўні.
У кавярні працуе калектыў кухараў з Беларусі. Тут будуць падаваць толькі беларускія стравы: дранікі без мукі, бабку, зразы, пражанку, смажанку, зацірку і гэтак далей.
Уладальнік страўні – Сяргей Глебец, чалец клубу «Крывічы» ў Іркуцку. Сяргей – беларус паводле крыві, але народжаны ў Прыбайкаллі.