60 гадоў таму ў Беластоку пачала выдавацца беларуская газэта «Ніва». Зьмяняліся пакаленьні журналістаў, але тыднёвік заўсёды быў папулярным сярод беларусаў Беласточчыны. Сёньня «Ніва» ня толькі інфармуе суайчыньнікаў у цэлым рэгіёне, але і выдае кнігі, ладзіць літаратурныя конкурсы. Госьцем перадачы — галоўны рэдактар тыднёвіка Яўген Вапа.
— Яўген, рады бачыць цябе ў Беларусі. Пяць гадоў ты быў неўязным, не мог атрымаць беларускай візы. Цяперашні дазвол на ўезд гэта што, падарунак беларускай улады да 60-годзьдзя «Нівы»? — Мне цяжка меркаваць, бо рашэньні беларускай улады бываюць непрадказальнымі. Але я цешуся, што нарэшце змог прыехаць у Менск на запрашэньне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, каб пагаварыць пра тое, як зрабіць наша супрацоўніцтва лепшым і яшчэ больш плённым. Мэта майго візыту, як я і напісаў у паперах для атрыманьня візы, — гэта прэзэнтацыі ў Менску нашых выданьняў, прымеркаваных да юбілею «Нівы». І віза, і юбілей акурат супалі, і я вельмі рады, што маю магчымасьць непасрэдна, а ня толькі праз тэлефон ці мэйл, кантактавацца зь людзьмі. Калі чалавек чалавека бачыць, яму адразу робіцца цяплей. — Першы рэдактар «Нівы» Георгі Валкавыцкі ў сваёй мэмуарнай кнізе «Віры» ўспамінаў, што тады, у 1956-м, не знайшлося беларускага шрыфту ня толькі ў беластоцкай друкарні, але нават беларускамоўнай друкаркі ў рэдакцыі не было. А што ўяўляе зь сябе сёньняшняя «Ніва»? — Першы нумар «Нівы» выйшаў 4 сакавіка 1956 году — роўна праз тры гады пасьля сьмерці Сталіна. Так што маем такія гістарычныя даты... Для мяне, як чалавека, які нарадзіўся ў маленькай пушчанскай вёсцы на польска-беларускай мяжы, для маіх дзядоў і бацькоў, для ўсіх беларусаў Беласточчыны «Ніва» была і ёсьць адным з важных падмуркаў нашай нацыянальнай тоеснасьці ў Польшчы. Мне неяк падумалася, як можна коратка расшыфраваць абрэвіятуру слова «Ніва», і я прыдумаў: «НІВА» — «Наша І Ваша Апора». На старонках тыднёвіка мы засяроджваемся менавіта на нашым беларускім пункце гледжаньня. Мы таксама стараемся наблізіць да нашых чытачоў тое важнае, што робіцца ў Беларусі. Той, хто цікавіцца справамі беларусаў у Польшчы, ня можа абмінуць рэдакцыі «Нівы». Мы сёньня мусім улічваць дэмаграфічныя зьмены — раней жыцьцё вёскі было асноўным зьместам для тыднёвіка, а сёньня пераважная частка нашых чытачоў жыве ў горадзе. У рэдакцыі працуюць клясныя прафэсіяналы-журналісты, якія займаюцца ня толькі журналістыкай. Восем чалавек працуе на поўную стаўку або на палову стаўкі, астатнія карэспандэнты — фрылянсэры, якія пішуць для нас. Для нас вельмі важны кантэкст памежжа, і тут вельмі якасныя тэксты пастаўляюць у газэту Віктар Сазонаў і Ўладзімер Хільмановіч з Горадні. На жаль, пачынаючы з 2007 году, сыстэматычна зьмяншаецца датацыя на выданьне «Нівы» з боку Міністэрства ўнутраных справаў, таму нам давялося адмовіцца да колеру. Але мы спадзяемся, што сытуацыя паступова палепшыцца. — «Толькі скнара і лянівы не выпісвае «Нівы» — памятаю я лёзунг яшчэ тых часоў, калі тыднёвік часьцей даходзіў у Беларусь. Ці шмат у вас падпісчыкаў? Дзе жывуць вашы чытачы апрача Беласточчыны?
— Падпісчыкаў нямала. Наклад у параўнаньні з ранейшымі часамі зьменшыўся, як і ва ўсіх, але ўжо некалькі гадоў трымаецца каля дзьвюх тысячаў. Для Беластоку гэта даволі вялікі наклад, бо я ведаю, якія наклады ў польскіх выданьняў. Нас чытаюць таксама ў школьнай сыстэме, мы ёсьць у інтэрнэце, адкуль відно, што нашы чытачы жывуць на ўсіх кантынэнтах. У васьмідзесятыя гады значная частка накладу ішла ў Беларусь. Цяпер гэта чамусьці стала немагчыма. Наадварот, мы ведаем, што кожны беларускі пэрыёдык ці кніга на мяжы адразу выклікае вялікае падазрэньне ў беларускіх мытнікаў. Гэта проста абсурдна, калі газэта на беларускай мове выклікае страшэнную пільнасьць і ўвагу з боку памежнікаў. Бывалі такія сюррэалістычныя выпадкі, калі нашы чытачы зь Беларусі прыяжджалі да нас у рэдакцыю, бралі газэту і везьлі праз мяжу. І здаралася, што мытнікі «Ніву» забіралі, а потым у Сьвіслачы прадавалі ў краме сканфіскаваных тавараў. Поўны абсурд. Я не разумею такога падыходу. — У Беларусі дзяржаўныя выданьні даволі жорстка кантралююцца — нават прозьвішча падазронае не праскочыць. «Ніва» ж таксама атрымлівае датацыю. Ці кантралюе польская ўлада зьмест газэты? — Ніхто нас не кантралюе. Мы маем поўную аўтаномію. Пішам пра тое, што бачым і пра што лічым патрэбным напісаць. Вядома, кожны чытач ці чыноўнік могуць мець свае заўвагі. Але такога, каб хтосьці акрэсьліваў лінію паводзінаў для тыднёвіка, няма. Ды ніхто з нас і не згадзіўся б, каб нам вызначалі палітычныя ці ідэйныя напрамкі. Мы адразу запратэставалі б і ў выпадку чаго сышлі б з рэдакцыі. Дзяржаўны кантроль над «Нівай» — мне такое і ў галаву не прыходзіць.
— Пытаючыся пра магчымую цэнзуру, я меў на ўвазе такія тэмы, як, прыкладам, справа «Бурага» — Рамуальда Райса, які ў 1946 годзе нішчыў мірнае беларускае насельніцтва на Падляшшы. Гэтая тэма сёньня неадназначна ўспрымаецца ў Польшчы. — Дык менавіта журналісты «Нівы» і сфакусавалі грамадзкую ўвагу на гэтай трагічнай падзеі. Мы зрабілі гэта сумленна і дакладна. Сёлета акурат споўнілася 70 гадоў ад таго часу, і ў календары «Нівы», які мы выдаем, гэта адзначана. Каляндар з напамінам пра гэта і вершам Міры Лукшы вісіць амаль у кожнай беларускай хаце на Беласточчыне. Усе прызналі, што гэта была сплянаваная акцыя, якая мела на мэце прымусіць беларускае насельніцтва Беласточчыны ўцякаць на ўсход. Прымусіць пры дапамозе такіх нягодных спосабаў — рэпрэсій і нават забойстваў. У цяперашнім дыскурсе ў Польшчы жаўнеры антыкамуністычнага пасьляваеннага падпольля лічацца на сто адсоткаў героямі, але гэта ня так. На жаль, стоадсоткавых герояў у гісторыі амаль не бывае. Крыштальна чыстыя асобы надзвычай рэдка сустракаюцца. Але гэта супраціў, гэта антыкамуністычнае падпольле — і зь іх стварылі пантэон герояў. Але як можна аўтаматычна, без дакладнага дасьледаваньня залічваюць у героі і тых людзей, якія маюць на сваіх руках кроў нявінных людзей? Тут існуе праблема. І вельмі добра, што нас падтрымалі вядомыя польскія публіцысты і палітыкі, нашы калегі-журналісты. Была паіфармаваная канцылярыя прэзыдэнта Польшчы, і быў адменены прэзыдэнцкі патранат над маршам у падтрымку тых «герояў» у Гайнаўцы. — Выступаючы ня так даўно на юбілеі беларускага літаб’яднаньня на Беласточчыне «Белавежа», ты гаварыў, што русыфікацыя ў Беларусі і палянізацыя ў Польшчы — зьявы ўзаемазалежныя. Як яны могуць узалежнівацца адна ад другой, калі ідуць з розных цэнтраў? — Безь беларускай Беларусі той арэол беларускасьці, які сёньня ёсьць на Беласточчыне, будзе няўмольна памяншацца. Калі беларуская мова ня будзе функцыянаваць у штодзённым адміністрацыйна-дзяржаўным жыцьці Беларусі, мы ўсе будзем духоўна кастраванымі. Беларуская школа, унівэрсытэт, дзяржаўныя ўстановы — гэта мусіць быць, калі мы хочам мець беларускую дзяржаву, а ня нейкі «заходне-расейскі» рэзэрват з цэнтрам у Менску. — «І нават арлу, і таму неўздагад, што тут рэзэрват», — як пісаў адзін з самых таленавітых пісьменьнікаў Беласточчыны Юрка Геніюш. — Менавіта. Скажам, прыяжджае да нас нейкі калектыў зь Беларусі: са сцэны сьпяваюць па-беларуску, а між сабой размаўляюць па-расейску. Ну як так? І таму для нас, як для беларускай меншасьці ў Польшчы, самай лепшай дапамогай з боку мэтраполіі будзе, калі Беларусь стане насамрэч беларускай — у адукацыі, ва ўсёй уладнай вэртыкалі, у сутнасьці сваёй. Беларуская Беларусь — гэта самы лепшы падарунак і дапамога ад сваёй дзяржавы, якую могуць мець беларусы па-за межамі. — Я заўсёды зь цікавасьцю чытаю кнігі літаратараў Беласточчыны — Яна Чыквіна, Надзеі Артымовіч, Міры Лукшы, Міхася Андрасюка, Віктара Стахвюка. Усе яны, а таксама дзясяткі іншых, дэбютавалі ў «Ніве». Ці зьяўляюцца ў полі зроку тыднёвіка новыя маладыя таленты? — «Ніва» і Беларускі саюз у Польшчы ўжо больш за пятнаццаць гадоў арганізоўваць конкурс «Дэбют» — якраз для пачаткоўцаў, якія не ўваходзіць у літаб’яднаньне «Белавежа» ці нейкія другія літаратурныя арганізацыі. Мы стараемся таксама падтрымаць тых народных мастакоў слова, якія ня маюць адукацыі, але маюць, скажам, дар паэтычны. Гэта для нас вельмі важна. Праўда, заўсёды не хапае для нашых творцаў некалькіх палосаў. Колькі іх прайшло праз «Ніву», відаць, падлічыць немагчыма. Што да дня сёньняшняга, то нядаўна на прэмію «Дзеяслова» вылучаўся паэт Андрэй Сьцепанюк — дырэктар Бельскага ліцэю. Раней у галіне прозы атрымаў «Залатога апострафа» наш Міхась Андрасюк. Так што на Беласточчыне таленавітыя людзі не зьвяліся, і яны яшчэ напішуць такія рэчы, якія будуць заўважаныя ня толькі ў Беларусі, але ў Эўропе і сьвеце. Бо такой мусіць быць мара кожнай літаратуры. — У канцы нашай гутаркі я хачу працытаваць адзін з тваіх вершаў, надрукаваных у часопісе «Дзеяслоў»: «На мяжы мы жывем і дрыжым. / Тут патруляць усе — і свае, і чужыя. / Каб адвесьці душу, узносім толькі ахвярныя крыжы. / Ці ж нам так паміраць, мае людзі лясныя?». Што трэба зрабіць, каб жыць і не дрыжаць па абодва бакі мяжы?
— Шмат што трэба зрабіць. Трэба, каб мяжа была па магчымасьці адкрытая. Памятаю, як польскія мытнікі ў 90-я гады сьпехам вывучалі беларускую мову, каб гаварыць з грамадзянамі Беларусі па-беларуску. А як жа — незалежная Беларусь паўстала на ўсходзе. А колькі студэнтаў ішло на беларускую філялёгію, каб потым стаць памежнікамі ці мытнікамі! Гэта быў адзін з найлепшых стымулаў для таго, каб вывучаць беларускую мову. Вось што значыць незалежнасьць дзяржавы. Мы, нацыянальная меншасьць у Польшчы, маем свае гарантаваныя правы. Аднак, позна ці рана мы сыдзем у нябыт, асымілюемся — ад гэтага нікуды ня дзецца. Такая, на жаль, сумная праўда жыцьця. Але ўсім нам баліць, каб ня зьнікла з мапы сьвету Беларусь як дзяржава. Часам мы, беларусы замежжа, чуем з мэтраполіі: мы вам дапаможам, мы будзем дыстанцыйна вывучаць з вамі беларускую мову. На гэта я адказваю: каму патрэбнае тое дыстанцыйнае навучаньне? Трэба, каб ва ўсіх школах Беларусі ўсе прадметы вывучаліся па-беларуску, каб улада гаварыла на тытульнай мове народу. Вось што трэба, бо без беларускай мовы аніякай беларускай дзяржаўнасьці ня будзе. На русыфікацыю далей няможна заплюшчваць вочы. У сёньняшнім сьвеце для ўсіх беларусаў самае галоўнае — ня стаць рэзэрвацыяй, а застацца дзяржавай.
****