Газеце беларусаў Польшчы “Ніва” – 60!

60 гадоў таму, 4 сакавіка 1956 г., у Беластоку выйшаў першы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуе калектыў рэдакцыі і ўсіх чытачоў газеты “Ніва” з юбілеем.

60 – немалы шлях для чалавека, тым больш для перыядычнага выдання. Ведаем, што гэты шлях быў для “Нівы” няпростым. Газета зазнала і забарону распаўсюду ў Беларусі, і судовы працэс супраць сябраў Праграмнай рады тыднёвіка, і фінансавыя ды іншыя складанасці... Тым не менш, нягледзячы на ўсе цяжкасці, газета здолела захавацца. Дзякуючы адданай працы рэдактараў і супрацоўнікаў яна працягвае жыць і развівацца, і, што вельмі важна, радаваць сваіх чытачоў і падпісчыкаў цікавымі матэрыяламі!

“Ніва” з’яўляецца знакавай пляцоўкай для многіх журналістаў і пісьменнікаў, актуальнай крыніцай інфармацыі пра беларускае жыццё ў Польшчы не толькі для саміх беларусаў Польшчы і Беларусі, але і для даследчыкаў жыцця беларускай нацыянальнай меншасці. Газета выкарыстоўваецца ў якасці дапаможніка ў школах Беласточчыны з вывучэннем беларускай мовы і, такім чынам, мае надзвычай важнае значэнне ў справе далучэння маладога пакалення да беларускай культуры, і галоўнае – “Ніва” ёсць тым сродкам камунікацыі, які лучыць беларусаў Польшчы ў адзіную супольнасць.

Яшчэ раз віншуем “Ніву” з юбілеем і жадаем супрацоўнікам рэдакцыі і галоўнаму рэдактару Яўгену Вапу добрага здароўя, творчага натхнення ў працы, пазітыўных навінаў, пашырэння кола чытачоў, далейшых поспехаў у справе папулярызацыі беларускай культуры ў Польшчы.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”