Слаўна, на ўздыме адсвяткавала Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў у Томскай вобласці сваё 15-годдзе. Мерапрыемствы з гэтай нагоды прайшлі 5-7 лістапада. Яны ўключалі канцэртную частку, выставы, беларускія народныя танцы, выставы, круглы стол, майстар-класы, экскурсіі і вандроўкі па Томску і Томскай вобласці – у беларускую вёску Манастырка, у санаторый Сіні Уцёс за 130 кіламетраў ад Томска.
На святкаванне з’ехалася мноства гасцей: найперш з Расіі (з Іркуцка, Навасібірска і Навасібірскай вобласці, Валгаграда, Масквы), але былі госці і з Казахстана, і з Ізраіля, і, вядома ж, не абышлося без госця з самой Беларусі. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выправіла ў далёкую вандроўку барда Алеся Камоцкага, які прывёз беларусам Томшчыны цёплыя вітанні з Радзімы і цудоўныя беларускія песні.
Цягам святочных дзён у яго адбылося тры выступы – у межах вялікага ўрачыстага канцэрта ў Томску, у якім удзельнічала багата беларускіх таленавітых калектываў ды салістаў, так і ў згаданых вышэй беларускім сяле Манастырка ды ў санаторыі Сіні Уцёс.
Старшыня аўтаноміі беларусаў Любоў Адаскевіч, якая з імпэтам і дасведчанасцю падрыхтавала такую разнастайную і насычаную праграму, кіруе арганізацыяй усе гэтыя гады - і варта адзначыць, робіць гэта выдатна. Дзякуючы яе нястомнай працы і руплівасці сябры аўтаноміі адчуваюць сваё адзінства, а беларуская прысутнасць у Томскай вобласці выразна бачная. Алесь Камоцкі, завітаўшы на сядзібу “Бацькаўшчыны” пасля падарожжа, каб падзяліцца ўражаннямі, не раз выказваў захапленне высокай прафесійнасцю спрадарыні Любові.
Думаецца, што ў памяці ўдзельнікаў свята надоўга застануцца цёплыя згадкі пра гасціннасць і спраўнасць беларусаў Томшчыны, а сябры аўтаноміі атрымалі сапраўднае натхненне для новых выдатных справаў. Шмат яшчэ юбілеяў наперадзе, а здзяйсненняў – болей шматкроць!