Дарагія сябры!
Ад імя Управы Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуем вас з 15-годдзем дзейнасці беларускай дыяспары на тэрыторыі Томска і Томскай вобласці!
Многія з вас памятаюць пачатак арганізацыі: тады, на парогу новага тысячагоддзя, невялікая ініцыятыўная група ў Томску стварыла таварыства беларускай культуры, якое ўзяло на сябе задачу адраджэння і захавання беларускай традыцыі на Томскай зямлі. І гэта мела пад сабой грунтоўныя падставы, бо яшчэ ў пазамінулым стагоддзі сюды прыязджалі беларускія перасяленцы, і іх нашчадкі ў 4-м, у 5-м калене жывуць сёння тут, і дагэтуль на Томшчыне існуюць цэлыя беларускія вёскі.
І ў многім плёнам вашай 15-гадовай працы ёсць тое, што сёння многія нашчадкі выхадцаў з Беларусі, якія нарадзіліся ўжо тут, адчуваюць сваю прыналежнасць да бацькоўскага краю, да беларускай культуры, што яны з цікавасцю спазнаюць старонкі нашай гісторыі, знаёмяцца з нашай традыцыяй. Асобная заслуга кожнага з вас і асабіста кіраўніка арганізацыі Любові Адаскевіч у тым, што дзейнасць арганізацыі спрыяе прасоўванню на публічных пляцоўках беларускай нацыянальнай культуры, і такім чынам беларуская прысутнасць заўважная і іншым народам Томшчыны.
Усё гэта магчыма выключна дзякуючы вашай актыўнай і няспыннай працы, за якую мы выказваем вам сваю пашану: гэта і адукацыйна-асветніцкая, і канцэртная, і даследчая дзейнасць, і правядзенне традыцыйных беларускіх святаў ды іншых культурных мерапрыемстваў.
Асобна варта адзначыць важнасць таго, што вы не абмяжоўваецеся Томскім краем, актыўна падтрымліваючы культурныя сувязі з іншымі беларускімі суполкамі розных рэгіёнаў Расіі, суседніх краінаў. Вы не толькі дасылаеце весткі пра сваю дзейнасць у Беларусь, але і ўдзельнічаеце ў значных культурных мерапрыемствах, у тым ліку і З’ездах беларусаў свету, якія ладзіць нашае Згуртаванне. Мы шчыра спадзяемся, што ў хуткасці ў нашай серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” дзякуючы вам з’явіцца кніга і пра беларусаў Томшчыны.
Дазвольце ад усяго сэрца павіншаваць вас з нагоды 15-годдзя аўтаноміі! Няхай у вашых сэрцах заўжды жыве гонар і радасць за сваю нацыю! Моцы вам, натхнення і імпэту! Няхай памяць пра карані жывіць галінкі таго дрэва Беларушчыны, якое вы ўзрасцілі на Томскай зямлі!
Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
05 лістапада 2015 года