Арганізацыі Аб’яднаных Нацый неабходна неадкладна накіраваць у Беларусь міжнародную групу назіральнікаў для фіксацыі таго, што адбываецца ў краіне, заявіла былы кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, выступаючы 4 жніўня перад Саветам бяспекі ААН.
„Мірных пратэстоўцаў незаконна затрымліваюць, збіваюць і арыштоўваюць, — сказала яна. — Пратэсты пачаліся пасля цынічнай і нахабнай спробы Лукашэнкі скрасці галасы людзей. Патрабаванні народа простыя: неадкладнае спыненне гвалту з боку рэжыму, неадкладнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, а таксама правядзенне свабодных і сумленных выбараў”.
Паводле слоў Ціханоўскай, ёсць толькі адна перашкода для выканання гэтых патрабаванняў. „Гэтай перашкодай з’яўляецца Лукашэнка — чалавек, які сутаргава чапляецца за ўладу і адмаўляецца пачуць народ, — падкрэсліла яна. — Народ не можа быць закладнікам аднаго чалавека, які чапляецца за ўладу. І не будзе. Беларусы прачнуліся. Кропка невяртання пройдзеная. Гэта пацвярджаюць штодзённыя акцыі пратэсту, у якіх бяруць удзел тысячы беларусаў па ўсёй краіне, нягледзячы на жорсткасць сілавікоў”.
Ціханоўская зазначыла, што беларускі народ цяпер мае патрэбу ў дапамозе з боку ААН, каб „спыніць абуральнае парушэнне правоў чалавека і цынічную непавагу да права на чалавечую годнасць у цэнтры Еўропы”. „Мы просім ААН асудзіць празмернае прымяненне сілы з боку беларускіх сілавых органаў супраць дэманстрантаў, — сказала яна. — Мы прапануем правесці спецыяльную сесію Савета ААН па правах чалавека, каб абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі. Мы заклікаем ААН неадкладна накіраваць міжнародную назіральную місію ў Беларусь, каб задакументаваць сітуацыю на месцы падзей”.
Ціханоўская таксама запатрабавала, каб беларускія ўлады дазволілі свабодны ўезд у краіну спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.
Яна заклікала міжнародную супольнасць выкарыстаць усе даступныя спосабы спыніць гвалт, у тым ліку ўвесці „санкцыі ў дачыненні да тых асоб, якія здзейснілі парушэнні падчас выбараў і злачынствы супраць чалавецтва”.
„У той жа час я падкрэсліваю, што Лукашэнка больш не прадстаўляе Беларусь, — сказала Ціханоўская. — Беларусы — гэта законапаслухмяныя, мірныя і адказныя людзі з высокім пачуццём уласнай і калектыўнай годнасці, што яны дэманструюць штодня на працягу апошніх некалькіх тыдняў. Мы гатовыя і адкрытыя да дыялогу з усімі бакамі, партыямі і ўсімі краінамі, якія паважаюць суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі”.
У Беларусі з 9 жніўня праходзяць акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў прэзідэнта, на якіх пераможцам абвешчаны дзейны кіраўнік дзяржавы Лукашэнка, які займае гэтую пасаду з 1994 года. Згодна з зацверджанымі ЦВК вынікамі, за Лукашэнку прагаласавала 80,1% выбаршчыкаў, за яго асноўнага апанента Ціханоўскую — 10,12%. Усяго падчас акцый пратэсту было затрымана больш за 8 тыс. чалавек. З 13 жніўня пратэсты пачаліся на многіх беларускіх прампрадпрыемствах. 17 жніўня Лукашэнка дапусціў магчымасць правядзення новых выбараў пасля прыняцця новай Канстытуцыі.
Раней Ціханоўская заяўляла, што ў выніку ўжывання сілы ў дачыненні да пратэстоўцаў як мінімум сем чалавек загінула, дзясяткі зніклі без вестак.
Слуханні ў Савеце бяспекі ААН ініцыяваныя Эстоніяй сумесна з ЗША і Вялікабрытаніяй, якія з’яўляюцца членамі СБ, а таксама Канадай, Даніяй, Ісландыяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай, Румыніяй і Украінай.
„Беларускае Радыё Рацыя“ паводле belapan.by