Правесьці вечарыну планавалася загаддзя на сялібе Наталіі і Пётры Мурзёнкаў, у нядзелю 23 верасьня. Планы моцна зьмяніў тарнадо, які прайшоў у пятніцу, 21 верасьня, у непасрэднай блізасці ад месца правядзеньня. У доме не было электрычнасці, у нашых сяброў па суседству былі моцна пашкоджаны дрэвы (зламаны і павалены). Абмяркоўваўся нават варыянт адмяніць вечарыну, аднак, арганізатары ўсё ж вырашылі правесці яе, насуперак наступствам прыроды і з мэтай падтрымаць дух сяброў нашай беларускай суполкі і гараджан Атавы.
Вечарына прайшла ў доме сям’і Каралькевічаў, якія ласкава запрасілі зрабіць яе там, і якім мы з Наталіяй вельмі ўдзячны за гэта. На вечарыне прысутнічала каля 50 чалавек. Арганізатарамі вечарыны былі Беларускі інстытут навукі і мастацтваў у Канадзе (БІНІМ, Канада) і Атаўскі аддзел ЗБК.
У праграме вечарыны былі прэзентацыя паэтычнага зборніка Пётры Мурзёнка “Колеры”, які выйшаў з друку ў выдавецтве “Кнігазбор” (Мінск) і музыкальныя кампазіцыі ў выкананьні Галіны Рэзаіпур і Алега Буевіча.
Вечарыну пачаў сп. Юрась Шамецька, кіраўнік паэтычнай секцыі БІНІМ, Канада. Вечарына прайшла на адкрытым паветры, пры добрым надвор’і. Уся падзея трансліравалася ў прамым эфіры на Youtube.
Пётра Мурзёнак выказвае шчырую падзяку непасрэдным удзельнікам і арганізатарам вечарыны – сп. Г. Рэзаіпур, сп. А. Буевічу, сп. Ю. Шамецька, сп. Інне Каралькевіч, сп. А. Каралькевічу, і безумоўна сваёй жонцы Наталіі.
“Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе”