Беларускія музыкі з ЗША знялі кліп на беларускую народную песню «Маменька», якая распавядае пра тое, як беларускіх хлапцоў забіралі ў рэкруты ў расейскае войска.
Выканаў спеў сямейны фальклорны гурт «Kozak Family Trio». Здымкі праходзілі ў ЗША і Беларусі.
«Мы так рады выпусціць наш музычны кліп на песню «Маменька» пра адвядзенне ў армію, далёка ад блізкіх людзей… Мы здымалі відэа на двух кантынентах і спадзяемся, што вам спадабаецца такое бачанне песні», – адзначаюць музыкі.
У склад гурту «Kozak Family Trio» уваходзяць заслужаная артыстка Беларусі Валянціна Пархоменка, яе муж Алесь Казак і іхная дачка Вольга Казак. Песня «Маменька» у іх выкананні ўжо гучыла на беларускім радыё і тэлебачанні ў 1980-я гады.
Усе яны ў 1990 годзе пераехалі ў ЗША. Музыкі жывуць у штаце Нью-Джэрзі і зараз працуюць над беларускамоўным альбомам, які мае выйсці ўжо сёлета.
«Альбом цалкам выйдзе ўвосень. Там шмат цікавага, палескіх песень у новым мадэрновым гучанні. Я як прадзюсар менавіта хацела паказаць прыгажосць беларускага фальклору і культуры ў крышачку новым гучанні, а таксама захаваць аўтэнтычнасць дыялекту, спеву. Вырасла я ў Амерыцы, але мая сям’я заўсёды спрабавала гэта ўсё захаваць і не згубіць», – распавяла ў каментары belsat.eu Вольга Казак.
Апроч таго, праз месяц запланаваны выхад яшчэ аднаго відэа да новай песні «Крыніца» на словы Валянціны Пархоменка і музыку Вольгі Казак. Здымкі таксама праходзілі ў Беларусі ды ЗША.
Рэкруцкая павіннасць у Беларусі з’явілася пасля далучэння краіны да Расейскай імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай.