Зварот ЗБС „Бацькаўшчына“ з нагоды пандэміі COVID-19

Дарагія браты-беларусы!

Чалавецтва сутыкнулася з імгненным і нечаканым выклікам, сур'ёзнасць якога можна ацаніць па тых мерах, якія для яго пераадолення прыкладаюць найбольш развітыя краіны свету. Гаворка пра вірус COVID-19, які на працягу вось ужо некалькіх месяцаў штодня забірае тысячы жыццяў.

Мы ведаем, што вы заўсёды былі неабыякавыя да таго, што адбываецца на Радзіме, уважліва сочыце за падзеямі ў Беларусі. Цяпер да нашай краіны скіравана міжнародная ўвага з прычыны незвычайнага падыходу ўладаў да вырашэння праблемы каронавірусу, ігнаравання досведу краінаў, якія сутыкнуліся з пандэміяй раней. Разам з гэтым відавочна, што ўзровень забяспечанасці медыкаў матэрыяламі, неабходнымі для якаснага і бяспечнага выканання сваёй працы, непараўнальны з тымі краінамі, якія дазволілі сабе адносна мяккія рэжымы абмежавання перасоўвання грамадзянаў. Кажучы проста, іх востра не хапае.

Беларускія медыкі сёння – сапраўдныя героі. Сярод іх ужо есць загінулыя. Мы верым, што грамадства ўганаруе іх належным чынам пасля сканчэння эпідэміі. Але дапамога ў змаганні з каранавірусам, саўдзел ў выратаванні чалавечых жыццяў нам патрэбныя сёння.

Дапамога матэрыяламі, грашыма, маральная падтрымка, спробы паўплываць на меркаванне адказных асобаў і ведамстваў – мы верым, што ў барацьбе за жыцці беларусаў годныя любыя з гэтых сродкаў. Актывісты, якія распачалі дабрачынны збор любой дапамогі і стварылі дзеля гэтага цэнтралізаваны сайт www.bycovid19.com, сцвярджаюць, што маюць магчымасць пераправіць сабраныя матэрыялы ў Беларусь нават нягледзячы на закрытыя межы.

Мы ведаем, што многія з вас ужо аказалі дапамогу, ахвяруючы сродкі на дабрачынныя рахункі, і вельмі цэнім гэта. У некаторых краінах існуюць групы падтрымкі беларусаў замежжа, што толькі сведчыць пра нашу здольнасць яднацца перад сапраўднай пагрозай. Усведамляючы, што многія з вас у сваіх краінах маюць такую самую праблему з гэтай новай хваробай, заклікаем вас усё ж такі не застацца ўбаку і дапамагчы сваёй Радзіме.

Управа МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“