Зміцер Саўка: “Беларуская цывілізацыя ў Амерыцы”

Новае выданне ў “Бібліятэцы Бацькаўшчыны” – гэта не проста выкшталцоны летапіс паўстагадовай (на час напісання кнігі) гісторыі “Беларуска-Амерыканскага Задзіночання” – найбуйнейшай і найстарэйшай арганізацыі беларусаў у ЗША, створанай у 1949 годзе. Кніга мае ўсе шанцы зрабіцца сапраўдным хітом яшчэ і дзякуючы асобе летапісца, вядомага беларускага мовазнаўцы Змітра Саўкі, які, пражыўшы ўсяго пяць дзясяткаў гадоў, пайшоў у лепшы свет у 2016 годзе.

Дзякуючы “Беларускай цывілізацыі ў Амерыцы” многія чытачы адкрыюць для сябе яшчэ адзін са шматлікіх талентаў знакамітага рэдактара, перакладчыка, лексікографа і актыўнага суаўтара праекта нармалізацыі сучаснага беларускага правапісу – талент даследчыка-эміграцыязнаўцы.

Зміцер Саўка прыязджаў у Злучаныя Штаты пры канцы 1990-х на запрашэнне Вітаўта Кіпеля, кіраўніка Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, і прабыў там агулам паўтара гады. З першых дзён працы над складаннем “Бібліяграфіі беларускіх слоўнікаў і энцыклапедый“ ён моцна ўразіў беларускую грамаду Нью-Ёрка сваёй актыўнасцю і нястомнасцю. У выніку тая “Бібліяграфія...” сталася адно часткай усяго зробленага ім за той адносна нядоўгі перыяд. Паміж падрыхтоўкай успамінаў Яўхіма Кіпеля, працай у газеце “Беларус” і альманаху “Запісы БІНіМ” ён знаходзіў час для таго, каб рыхтаваць матэрыял яшчэ і для гэтай кнігі, куды апрача гісторыі Беларуска-Амерыканскага Задзіночання увайшлі сабраныя і падрыхтаваныя Змітром Саўкам захапляльныя ўспаміны дзеячаў эміграцыі, сябраў БАЗА (Янкі Азаркі, Васіля Русака, Антона Шукелойця, Васіля Шчэцькі ды іншых). Успаміны не толькі пра побыт і дзейнасць на чужыне, але і пра даваеннае жыццё, ваенныя падзеі.

Кніга падрыхтаваная да друку вядомай даследчыцай эміграцыі Наталляй Гардзіенка, адкрываецца прадмовай слыннага архівіста Лявона Юрэвіча і традыцыйна ўзбагачаная грунтоўнымі каментарамі.

Выданне, якое ўпрыгожыць любы збор і ўзбагаціць кожную беларускую душу, з’явіцца ў крамах да трэцяй гадавіны смерці Змітра Саўкі – 9 красавіка.

Спяшайцеся купіць яе ў мінскіх крамах:

  • “Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72)
  • “Цэнтральная кнігарня” (пр-т Незалежнасці, 19)
  • “Веды” (вул. К. Маркса, 36)
  • “Кнігі і кніжачкі” (пр-т Незалежнасці, 14)
  • “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2)


а таксама замаўляйце праз інтэрнэт:

knihi.by

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”