22 лютага старшыня Беларуска-Эстонскага Згуртавання Іда-Вірумаа “БЭЗ” Зінаіда Клыга атрымала Ордэн Белай зоркі з рук прэзідэнта Эстонскай Рэспублікі Керсці Кальюлайд. “Бацькаўшчына” звязалася са спадарыняй Зінаідай, каб асабіта павіншаваць сябра Рады і даведацца, як прайшла цырымонія.
– Прэзідэнцкі прыём праходзіў у Лауласмаа, за 35 кіламетраў ад Таліна, у новым, толькі ў кастрычніку пабудаваным Цэнтры кампазітара Арво Пярта. Усе запрошаныя змясціліся ва ўтульнай канцэртнай залі, карэспандэнты радыё і тэлебачання тры гадзіны запісвалі ўсё для навін і для гісторыі.
Безумоўна, я моцна хвалявалася, але ўсё прайшло вельмі ўрачыста і ў той жа час карэктна і сціпла. Як звычайна на сур’ёзныя імпрэзы, я апранула свой святочны стылізаваны строй у беларускіх колерах, і гэта дапамагала мне быць самой сабой, адчуваць сябе проста і годна ў той час, калі мне ўручалі высокую ўзнагароду. Мне было вельмі прыемна ўсведамляць, што на дзяржаўным узроўні адзначаны праца “БЭЗа” і мая праца, якая звязаная, з аднаго боку, з Беларуссю, і з другога – з праблемамі шматнацыянальнага рэгіёна Іда-Вірумаа і ўсей Эстоніі. А яшчэ, што побач са мной так многа людзей, якія радуюцца за мяне, за нас.
– Ці рыхтуецеся да 30-гадовага юбілея БЭЗу, да якога засталіся лічаныя дні?
– У апошні час мы мелі вельмі складаныя абставіны – страцілі магчымасць надалей арэндаваць памяшканне, пакой, у якім доўгі час збіраліся сябры БЭЗу і дзе захоўваліся нашы рэчы. Мы шмат часу шукалі новае месца для нашай “беларускай хаткі”, і толькі 15 лютага пераехалі ў новы пакой. Часу, каб давесці ўсё да ладу і мець магчымасць годна прымаць гасцей, не хапае. Але мы параіліся і вырашылі ўсё ж зладзіць 24 сакавіка невялічкую імпрэзу – “адным стрэлам” адзначыць і ўлазіны, і ўзнагароду, і 30-годдзе Беларуска-Эстонскага Згуртавання.
Ёсць і іншыя задумы. Гэты год у рэспубліцы праходзіць пад эгідай 150-гадовага юбілею першага ўсеэстонскага спеўнага свята, і мы вырашылі, што будзе дарэчна ў чацвёрты раз правесці і наш фестываль “Родныя напевы” (першы такі фестываль мы зладзілі ў 2004-м годзе, папярэдні – у 2016-м), тым больш, што і наш ансамбль беларускай песні існуе 30 гадоў. Мяркуем, што фэстываль адбудзецца 21 верасня. На яго мы звычайна запрашаем сябраў з беларускіх суполак Эстоніі, абавязкова – нейкі спеўны калектыў з Беларусі, а таксама прадстаўнікоў беларускай амбасады ў Таліне. Пры спрыянні кіраўніцтва павету Іда-Вірумаа мы і гэтым разам спадзяемся запрасіць кагосьці з Беларусі. А 22 верасня, на наступны дзень, мы ўсе разам прымем удзел у XVI фестывалі “Творчы кацёл нацыянальных арганізацый Іда-Вірумаа “Loomepada”. Казаць штосьці больш дакладнае пра восеньскія імпрэзы сёння яшчэ рана. Працы будзе зашмат, але ж гэта – частка нашага жыцця.
Гутарыў Сяргей Кандраценка, прэс-сакратар ЗБС “Бацькаўшчына”,
фота err.ee