30 гадоў таму – 10 верасня 1990-га года – у Мінску прайшла ўстаноўчая канферэнцыя МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Сведкі гэтай падзеі памятаюць, што паветра тых вераснёўскіх дзён было густа насычана салодкімі прадчуваннямі, верай у хуткія перамены ў жыцці ўсіх беларусаў на свеце. Пазней гісторыкі назавуць гэты час Нацыянальным Адраджэннем. А ўсяго праз год тутэйшыя беларусы прачнуцца ў новай, несавецкай, сваёй краіне.
Той важны для „Бацькаўшчыны“ дзень нам падаецца сёння вельмі далёкім, бо зараз, праз 30 год, мы зноўку марым пра перамены і спадзяемся на лепшае. Але галоўнае, што ўвесь гэты час „Бацькаўшчына“ працавала і працуе, каб паяднаць беларусаў усяго свету ў адзіную братэрскую супольнасць, дапамагчы захаваць і наладзіць кантакты паміж беларусамі ўсяго свету, паглыбіць нацыянальную ідэнтычнасць і спрыяць развіццю культуры як у замежных беларускіх асяродках, гэтак і ў самой Беларусі.
Мы хочам падзякаваць усім сябрам і паплечнікамі, якія працавалі і працуюць разам з намі, якія былі побач і падтрымлівалі нас у няпростыя для арганізацыі перыяды, дзялілі з намі радасць ад поспехаў, рабілі ўсё магчымае, каб мы мелі дасягненні, якімі можам ганарыцца.
Мы хочам верыць, што і сусветная салідарнасць беларусаў, якой сёння захапляюцца ва ўсіх краінах, і насычанасць сёлетняга вераснёўскага паветра ў Беларусі сталіся магчымымі дзякуючы ў тым ліку і нашаму дробнаму ўнёску.
Хочам пажадаць нашым сябрам і ўсім беларусам веры ў найлепшае, нязломнай моцы і нязгаснай энергіі.
Жыве Беларусь!
Інфармацыйны цэнтр МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“