Шаноўныя сябры!
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуе ўсіх беларусаў з Днём Волі!
Сёлетні Дзень Волі – асаблівы. Займае дух ад таго адчування, якое ўзнікае разам з усведамленнем, што беларускай дзяржаўнасці ўжо больш за сто гадоў.
Лёс беларускай дзяржаўнай незалежнасці, здабытай стваральнікамі Беларускай Народнай Рэспублікі ў надзвычай неспрыяльных умовах у гэты самы дзень, 25 сакавіка далёкага 1918 года, быў пакручасты. Але нягледзячы на ўсе выпрабаванні дэмакратычныя ідэалы, закладзеныя ў падмурак БНР, працягваюць служыць арыенцірам для кожнага беларуса, і працягваюць няўхільна ўвасабляцца ў рэчаіснасці. Найважнейшым з такіх увасабленняў з’яўляецца, безумоўна, незалежная Рэспубліка Беларусь.
Мы жадаем вам годна адзначыць гэтае свята, захаваць адчуванне сябе часткай сусветнай беларускай грамады, напоўніцца моцай і імпэтам для штодзённых дзеяў на карысць беларускай справы, працягнуць будаваць нашу агульную Бацькаўшчыну. Як рабілі гэта на цягам цэлага стагоддзя беларусы ва ўсім свеце.
Жыве Беларусь!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”