6 ліпеня “Бацькаўшчына” атрымала ад Міністэрства юстыцыі запыт з патрабаваннем прадставіць інфармацыю па 34 пунктах да 12 ліпеня. Усе дакументы былі прадстаўлены арганізацыяй у поўным аб’ёме і ў прызначаны тэрмін.
Тым не менш, 14 ліпеня на офісе Згуртавання адбыўся ператрус. Паколькі супрацоўнікі “Бацькаўшчына” працуюць на дыстанцыі з-за каронавірусу, у офісным памяшканні нікога не было. Кіраўніцтва арганізацыі да гэтага часу не атрымала інфармацыю, што менавіта было прычынай вобшуку, што канфіскавалі прадстаўнікі Следчага камітэту, паколькі не бачыла ні пастановы, ні пратаколу. Дзверы ў офіснае памяшканне апячатаны, а рахунак Згуртавання заблакаваны.
Ад Міністэрства юстыцыі Згуртаванне за гэты час атрымала аж два папярэджанні: першае нібыта за тое, што на сайце арганізацыі адсутнічае фінансавая справаздача за 2020, хаця закон дазваляе гэтую інфармацыю альбо размяшчаць на сайце арганізацыі, альбо дасылаць у Мінюст. Міністэрству справаздача была прадстаўленая ў адпаведнасці з заканадаўствам 28 лютага, і за ўвесь час ніякіх заўваг гэтая акалічнасць не выклікала.
Міністэрства не абмежавалася адным папярэджаннем: 15 ліпеня накіравала Згуртаванню ўжо новы дакумент з шэрагам заўваг, якія трэба было выправіць да 22 ліпеня. Нагадваем, што офіс “Бацькаўшчыны” на той момант быў ужо апячатаны.
Сярод іншага, Згуртаванню ставілася ў віну розніца паміж юрыдычным адрасам і адрасам для наведвання, пазначаным на сайце. І гэта здзіўляе, бо закон дазваляе арганізацыі мець адрозныя адрасы: юрыдычны – для размяшчэння кіруючых органаў, таксама можа быць яшчэ адрас для пошты і адрас для наведванняў. А ў выпадку “Бацькаўшчыны” гэта быў увогуле адзін і той жа адрас: памяшканне ў розных дзяржаўных сістэмах пазначана розным чынам, пра што Згуртаванне і давяло ў адказе Міністэрству юстыцыі.
Таксама Міністэрства знайшло парушэнне ў тым, што “Бацькаўшчына” не прадставіла асабістыя дадзеныя сяброў арганізацыі. Аднак, у адпаведнасці з законам, толькі спісы выбарных органаў павінны ўтрымліваць поўныя асабістыя звесткі і кантактныя дадзеныя сябраў. І менавіта ў такім выглядзе спісы Радаў, Управы і Кантрольна-рэвізійнай камісіі былі прадстаўленыя. Падобнае патрабаванне не распаўсюджваецца на ўсіх сяброў арганізацыі, больш за тое – разгалошванне асабістых дадзеных без згоды асобы вядзе да адміністрацыйнай адказнасці нават па беларускім заканадаўстве, не кажучы ўжо пра абавязковасць атрымання Згуртаваннем пісьмовай згоды на прадстаўленне падобнай інфармацыі ў кожнага з замежных сяброў.
Арыгінальным патрабаваннем быў запыт на прадстаўленне бухгалтарскай дакументацыі арганізацыі. Цяжка меркаваць, наколькі гэта кампетэнцыя Мінюста, тым больш, што ў гэты орган ужо былі прадстаўлены фінансавыя справаздачы за ўвесь перыяд праверкі, дзе пазначана, на што выдаткоўваліся фінансы арганізацыі. Тым не менш “Бацькаўшчына” пацвердзіла ў зваротным лісце гатоўнасць прадставіць усю дакументацыю, як толькі атрымае доступ у офіс. І адначасова звярнулася да Міністэрства юстыцыі з просьбай запатрабаваць дакументы, якіх не хапае для завяршэння праверкі дзейнасці “Бацькаўшчыны”, наўпрост у адпаведныя структуры, якія зладзілі ператрус.
Такім чынам, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” атрымала два пісьмовыя папярэджанні ад Міністэрства юстыцыі, што дае мажлівасць адпаведна дзеючаму заканадаўства ліквідаваць арганізацыю цягам году.
Адзначым таксама, што толькі ператрусам і апячатваннем офісу дзеянні сілавікоў у дачыненні да Згуртавання не скончыліся: не застаўшы кіраўніцтва ў офісе, прадстаўнікі сілавых структур накіраваліся дадому да кіраўніка арганізацыі Алены Макоўскай і да Старшыні Рады Ніны Шыдлоўскай, якія былі вымушаны тэрмінова пакінуць краіну і да сёння знаходзяцца за мяжой.
Нагадаем, што МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” было створанае ў 1990 годзе на хвалі нацыянальнага адраджэння і працавала ўсе гэтыя гады, каб кансалідаваць беларусаў у краіне і па-за яе межамі дзеля развіцця Беларусі. Згуртаванне ладзіла мерапрыемствы і акцыі, скіраваныя на ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці праз выхаванне павагі і паглыбленне ведаў пра родную мову, культуру, гісторыю; паслядоўна выступала ў абарону правоў і інтарэсаў беларусаў замежжа. Менавіта дзякуючы Згуртаванню ў 2014 годзе быў прыняты закон “Аб беларусах замежжа”, а з’езды беларусаў свету “Бацькаўшчыны” сталі сапраўднай агульнанацыянальнай платформай для абмеркавання актуальных для Беларусі і яе замежжа пытанняў і праблем.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”