ЗБС “Бацькаўшчына” атрымала адказы на Заяву ў абарону суверэнітэту Рэспублікі Беларусь

У снежні 2019 года Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” па рашэнні Рады накіравала на адрас шэрагу дзяржаўных устаноў краіны Заяву ў абарону дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Прычынай, якая змусіла зрабіць гэты крок, сталі перамовы паміж уладамі Беларусі і Расійскай Федэрацыі па паглыбленні інтэграцыі, якія адбываюцца ў атмасферы закрытасці. Ад большасці адрасатаў адказы, на дзіва, прыйшлі даволі хутка.

Пастаянная камісія па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь паведаміла, што наша Заява разгледжана і прынята да ведама. “Развіццё ўзаемавыгаднага беларуска-расійскага супрацоўніцтва – адзін з прыярытэтных напрамкаў міжнароднай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, і беларускія парламентарыі паслядоўна праводзяць лінію, накіраваную на адстойванне нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь”, – запэўнівае ліст за подпісам Старшыні пастаяннай камісіі па міжнародных справах А.У. Савіных.

У Міністэрстве культуры, як вынікае з атрыманага намі ліста, таксама разгледзелі наш Зварот, і даслалі нам разгорнуты адказ пра тое, якім чынам Міністэрства ажыццяўляе міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж Беларуссю і РФ. Адказ падсумоўвае выснова: “Пытанні сферы энергетыкі, доступу да рынкаў, уніфікацыя мытнага і падатковага заканадаўства, якія згадваюцца ў вашым звароце, не ўваходзяць у кампетэнцыю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь”.

Пастаянная камісія па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь праінфармавала, што перанакіравала нашу Заяву на адрас Міністэрства замежных спраў Беларусі, куды мы, зрэшты, таксама яе дасылалі.

У сваю чаргу, адказ Міністэрства замежных спраў за подпісам намесніка міністра Я.А. Шэстакова прыйшоў вельмі разгорнуты і давёў, што ўрадавыя рабочыя групы па далейшым паглыбленні эканамічнай інтэграцыі дбаюць перш за ўсё аб забеспячэнні роўных умоў суб’ектам гаспадарання абедзвюх краін. Затым ідзе пералік сведчанняў аб выключна эканамічнай накіраванасці “Праграмы дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы”. Працытуем:

“Каментары аб выключна эканамічнай накіраванасці Праграмы дзеянняў і “дарожных карт” да яе дадзеныя ў верасні – лістападзе 2019 г. Прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Румасам С.М., прэс-сакратаром Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Эйсмант Н.М., былым Міністрам эканомікі Рэспублікі Беларусь Крутым Д.М. і Міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь Макеем У.У.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў нязменнасць курсу на ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці нашай дзяржавы. Так, 17 лістапада 2019 г. Кіраўнік дзяржавы падчас размовы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі на ўчастку па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу паведаміў, што не будзе падпісваць ні адзін з дакументаў аб паглыбленні інтэграцыі з Расіяй, калі яны будуць супярэчыць Канстытуцыі нашай краіны.

У звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага і сёмага скліканняў Кіраўнік дзяржавы грунтоўна асвятліў актуальныя пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва і інтэграцыйнага ўзаемадзеяння.

7 снежня 2019 г. у г. Сочы падчас перамоў з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Пуціным У.У. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адзіная праблема, над якой працуюць у цяперашні час урады, – гэта забеспячэнне роўных умоў для жыцця людзей і працы суб’ектаў гаспадарання.

24 снежня 2019 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка ў інтэрв’ю галоўнаму рэдактару радыёстанцыі “Эхо Москвы” Венедзіктаву А.А. паведаміў, што на вышэйшым узроўні дасягнута дамоўленасць аб тым, што пытанні завяршэння саюзнага будаўніцтва з наднацыянальнымі органамі не будуць абмяркоўвацца ў рамках работы па паглыбленні эканамічнай інтэграцыі”.

Зварот, дасланы намі ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, быў перанакіраваны ў Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, а ўжо адтуль на наш адрас прыйшоў адказ, у якім апроч шматлікіх цытат і спасылак на пастановы дзяржаўных органаў аб дзеяннях, накіраваных на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй пачынаючы з 1995 года (у такім самым ключы, як і ў згаданых вышэй лістах), утрымліваецца таксама вытлумачэнне атмасферы таемнасці, у якой праходзіла ўзгадненне “дарожных мапаў”:

“Перапіска па пытанні рэалізацыі Праграмы дзеянняў і фарміравання дарожных карт паміж Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання вядзецца пад абмежавальным грыфам «Для службовага карыстання»”.

Такая сітуацыя, са словаў Міністэрства, адпавядае Закону № 455-З “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” ад 10.11.2008 г., які, сярод іншага, вызначае панятак службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання.

Парадак прадстаўлення абмежавальнага грыфа “Для службовага карыстання” вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці, Палажэннем аб парадку прадстаўлення абмежавальнага грыфа “Для службовага карыстання”. Сімвалічна, што тое самае Палажэнне рэгулюе і выкарыстанне грыфа “Камерцыйная тайна”. Спадзяемся, што “камерцыйнай тайнай” дзяржаўны суверэнітэт ніякім чынам, ні на якім этапе і ні для кога не зробіцца.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”