На пошту нашай арганізацыі прыйшло паведамленне ад Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь пра тое, што, паводле пазову Міністэрства юстыцыі, судом распачатая грамадзянская справа па ліквідацыі ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў. 24 жніўня а 14.30 у Вярхоўным судзе адбудзецца апытанне ў парадку падрыхтоўкі справы да разбіральніцтва.
Нагадаем, што 14 ліпеня ў офісе грамадскага аб'яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў» прайшоў ператрус, у выніку якога Следчым камітэтам РБ была канфіскаваная тэхніка і інфаносьбіты, офіс быў апячатаны. У той жа дзень ператрус адбыўся і кватэры старшыні ГА "СБП" Барыса Пятровіча, з якога была ўзятая падпіска аб нявыездзе і неразгалошванні. Пасля вобшуку адбылося блакаванне банкаўскага рахунку Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь, а таксама вынесеныя два папярэджанні ад Міністэрства юстыцыі. Адно з іх было ў сувязі з непрадастаўленнем дакументаў, якія засталіся ў апячатаным памяшканні офіса.