Запісы Зайцава — справа расійскіх нафтавікоў

Аляксей Гайдукевіч на budzma.by піша пра запісы размоваў 2012 году на якіх нібыта фігуруе тагачасны старшыня КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў


Аўтарытэтнае еўрапейскае інтэрнэт-выданне размясціла на сваім сайце запісы размоваў былога кіраўніка КДБ Беларусі Зайцава.

Калі зыходзіць з сапраўднасці матэрыялаў, на думку аўтара публікацыі, спецслужбы ў Мінску ў 2012 годзе планавалі фізічную ліквідацыю некалькіх грамадзянаў Беларусі ў Нямеччыне, а таксама журналіста Паўла Шарамета ў Расіі.

Артыкул выклікаў вялікую інфармацыйную хвалю ва ўкраінскіх СМІ і грамадстве, дзе «справа Шарамета», які быў забіты падчас выбуху аўтамабіля ў цэнтры Кіева ў 2016 годзе, ёсць вельмі рэзананснаю. Значна менш гэтая інфармацыя зацікавіла беларускія СМІ і грамадства. Бо беларусы, здаецца, за 2020 год настолькі прызвычаіліся да гвалту і свавольстваў камандна-адміністрацыйнага апарату, што пачалі выбудоўваць эмацыйны мур для абароны сацыяльнай свядомасці ад такога кшталту інфармацыйных плыняў. Тым больш што ўжо некалькі месяцаў можна назіраць планамерныя ўкіды запісаў размоваў паміж прадстаўнікамі чыноўніцкай сістэмы з Беларусі праз тэлеграм-каналы.

Але, здаецца, упершыню першакрыніцай стала аўтарытэтнае еўрапейскае інтэрнэт-выданне. Таксама ўпершыню афіцыйныя асобы і структуры з-за мяжы літаральна ў той жа дзень адрэагавалі на інфармацыю з Беларусі.

А менавіта міністр унутраных справаў Украіны адзначыў:

«Мы атрымалі ў рукі досыць шмат дакументаў, цяпер іх вывучаюць».

Удар па Зяленскім і ягоных гаспадарах

Такая хуткая рэакцыя, нягледзячы на звычайную маруднасць у працы ўкраінскага МУС, можа сведчыць пра мэтавую накіраванасць інфармацыйнай працы зацікаўленых структураў. Вядома, што «справа Шарамета» для дзейнай украінскай улады вельмі нязручная і непрыемная, палітызаваная. Нездарма першай рэакцыяй на з’яўленне «запісаў Зайцава» з боку апазіцыйнай Еўрапейскай салідарнасці, а менавіта нардэпа Ар’ева, было абвінавачванне Зяленскага і ягонага міністра Авакава ў спробах схаваць «беларускія сляды» ў справе забойства Шарамета.



Калі зыходзіць з таго, што запісы і дакументы з «кабінета Зайцава» сапраўдныя, сітуацыя для ўкраінскіх уладаў аказваецца вельмі цяжкай. Палітычныя канкурэнты Зяленскага і ягонай партыі могуць атрымаць дадатковыя інструменты для ціску. У тым ліку на эканамічную палітыку, па кірунках супрацоўніцтва з наменклатурай з Беларусі фінансавых груп, што кантралююць цяпер палітыку Украіны. Бо нягледзячы на крытыку мінскай камандна-адміністрацыйнай сістэмы, украінскія «зялёныя» не толькі не прыпынілі, але і развівалі з ёй эканамічнае супрацоўніцтва. У прыватнасці, пачалі закупку электраэнергіі з БелАЭС.

А што найбольш істотна, для пэўных колаў у Крамлі афіцыйны Кіеў, здаецца, стаў транспартным ланцужком для азербайджанскай і туркменскай нафты на шляху да беларускай мяжы. Пра пастаўкі з азербайджанскай кампаніяй Socar пагадненне заключыла «Белнафта». Цалкам імаверна, што ў 2021 годзе сыравіна будзе трапляць на тэрыторыю Беларусі з порта Адэсы па нафтаправодзе.

Нягледзячы на тое, што дамоўленасць заключаная на пакупку толькі на 1 мільёна тонаў, гэта адна з першых доўгатэрміновых нафтавых дамоваў не з расійскімі кампаніямі. Перспектыва паступовага зніжэння колькасці паставак сыравіны з-за ўсходняй мяжы і магла справакаваць актывізацыю дзеянняў крамлёўскіх спецслужбаў.


Час узнімаць рукі дагары

Цяжка сабе ўявіць, каб дзейныя украінскія ўлады былі датычныя да забойства Шарамета ці спрыяння ў замаруджванні расследавання, але факт публікацыі запісаў з кабінетаў КДБ у Мінску можа вымусіць афіцыйны Кіеў прыпыніць эканамічную актывізацыю на беларускім кірунку. Каб не даваць нагоды апазіцыйным партыям і «заходнім партнёрам» вінаваціць Зяленскага і К. у супрацоўніцтве з саюзікам Расіі.

Такія абвінавачванні з боку грамадства і палітычных канкурэнтаў, якія ўлетку вымусілі спыніць імпарт беларускай электраэнергіі, могуць быць выгадныя ў тым ліку і пэўным апазіцыйным алігархічным колам на тэрыторыі Украіны.

Але галоўнымі мажлівымі беніфіцыярамі ў любым выпадку будуць менавіта некаторыя «крамлёўскія вежы», задача якіх — ізаляваць чыноўніцкі апарат у Мінску ад любых альтэрнатыўных расійскім крыніцаў паставак нафты.

Нават калі запісы несапраўдныя, а ёсць спецаперацыяй нейкіх патаемных «кратоў у беларускіх спецслужбах», выгаду ад чарговага этапу пагаршэння стасункаў наменклатуры з Беларусі з Захадам і Поўднем атрымаюць менавіта ў Маскве.

Цалкам імаверна, што гэтыя падзеі могуць канчаткова ўпэўніць камандны апарат з Беларусі, што інструментаў супрацьдзеяння паглынання з боку Расіі ўжо не засталося, паўсюль «берлінскі мур», і час узнімаць дагары рукі на міласць новаму, ужо паўнавартаснаму, гаспадару.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.by