9 жніўня спаўняецца 95 гадоў сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, патрыярху беларускай дыяспары, доктару гісторыі, палітолагу, літаратару і публіцысту Янку Запрудніку.
У гутарках з журналістамі спадар Янка Запруднік прызнаваўся, што ў беларускай справе і службе беларускаму народу ён калісьці сам для сябе знайшоў і сэнс жыцця, і яго мэту, і, урэшце, папросту вялікае задавальненне. За гэтае крэда, выказанае словамі, куды больш яскрава сведчаць факты жыцця шаноўнага юбіляра, а таксама магутны даробак у беларушчыну, які ён нястомна штодня працягвае павялічваць.
Пакінуўшы Беларусь у 40-х гадах мінулага стагоддзя і атрымаўшы адукацыю ў Лювенскім каталіцкім універсітэце, спадар Запруднік не абмінуў практычна аніводнай формы беларускай актыўнасці за мяжой, пачынаючы ад удзелу ў студэнцкіх звязах і арганізацыі беларускіх канцэртаў у Вялікабрытаніі і сканчаючы выданнем беларускага часопіса. Янка Запруднік стаяў ля вытокаў “Радыё Свабода” (тады – беларускай секцыі радыёстанцыі “Вызваленне”), быў галоўным рэдактарам славутай газеты “Беларус”. Спалучаючы журналісцкую працу з навуковай дзейнасцю, у 1969-м годзе ён атрымаў ступень доктара гістарычных навук у Нью-Ёркскім універсітэце, і ад 1974 году ўваходзіць у склад рэдакцыйнай калегіі “Запісаў” Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
Спадар Янка запруднік аўтар шматлікіх кніг, і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” мае гонар мець ва ўласнай выдавецкай серыі пакуль прынамсі дзьве з іх: “Па гарачых слядах мінуушчыны: мае лісты 1952–1959 гг.” і “Кантакты”.
Шаноўны спадар Янка! Шчыра дзякуем за нашае шматгадовае сяброўства – гэта для нас вялікі гонар! Ад імя Управы сардэчна віншуем Вас з юбілеем, зычым моцнага здароўя, плёну ў беларускіх справах, новых дасягненняў у навуцы і добрых навін з Радзімы!
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”