Янка Запруднік і Алег Трусаў узгадваюць Першы з’езд беларусаў свету

Янка Запруднік

у 1993 годзе рэдактар газеты “Беларус” (ЗША, Нью-Ёрк)

– Распад СССР нават для многіх савецкіх грамадзянаў быў неспадзяванкай. Ці думалі Вы, што калі-небудзь давядзецца прымаць удзел у такім мерапрыемстве? Якое самае яркае ўражанне пакінуў у Вашай памяці Першы з’езд беларусаў свету?

– Распад СССР быў сапраўды “неспадзяванкай”, і ня толькі для многіх савецкіх грамадзян (якія сядзелі за “жалезнай заслонай”, як у мяшку), але й для заходніх экспертаў-гісторыкаў, экспертаў-палітолагаў, а разам з імі і для дзяржаўных лідараў. Пісалі і гаварылі не гэтулькі пра няўхільнасць развалу СССР, колькі пра захаванне заходня-ўсходняга збройнага балансу. А ў сферы журналізму, радыё-журналізму, у якой я працаваў, гадамі цягнулася адлюстроўваньне агульнага страху перад ядзерным канфліктам. У абліччы такой пагрозы панавала перакананне, што трэба захоўваць статус-кво, шукаць нейкага “мірнага суіснавання”. А ў мяне асабіста ў гадах 60-х–70-х ды пачатку 80-х наростала й замацоўвалася перакананне, што Беларусі (са сваякамі ў ёй) я так і не пабачу.


img779.jpg

Янка Запруднік на Першым з’ездзе беларусаў свету пакідае аўтограф для Маі Кляшторнай і Уладзіміра Пузыні



І калі пад канец 80-х з-за сьценаў Крамля выпаўз і пашырыўся па ўсёй дзяржаве палітычны склероз, няздольнасць перадаваць уладу ў рукі наступнікаў, з’явілася магчымасць наведаць родны край. Гэта быў неверагодны экстаз, уздым энтузіязму, адчуванне свежага палітычнага паветра. Першы з’езд беларусаў свету адбываўся вось у такой рамантычнай атмасферы з гарызонтам свабоды й новых магчымасьцяў.

– На Першым з’ездзе вельмі горка прагучалі Вашыя словы пра тое, “як балюча пасля доўгай ростані бачыць унукаў Бацькаўшчыны, якія не здольныя разумець мову сваіх дзядоў“. Ці адбыліся, паводле Вашых назіранняў, нейкія змены ў становішчы беларускай мовы? Якія змены ў іншых сферах беларускага жыцця найперш кідаюцца ў вочы?

– “Нейкія змены” да лепшага ў сферы роднай мовы, агульна беручы, адбыліся й адбываюцца (прыкладам, у публікацыі разнастайных кніг), але боль у сэрцы застаўся, бо ў дзялянцы школьніцтва зруху не адбылося. Паўтараю словы сказаныя на Першым з’ездзе: “дзеці і далей не здольныя разумець мову сваіх дзядоў”. Я, праўда, не меў магчымасці пабыць у тыповай пачатковай школе, але пра заціск беларускай мовы ў школьніцтве даволі начытаны, дый сам чуў не так даўно ад беларускамоўнага пісьменніка, які наведваў школы, выступаў там, і казаў мне з горыччу: “Для каго ж тады пісаць, калі школьнікі мяне не разумеюць?!” Дыскрымінацыя й знявага роднай мовы навідавоку і ў афіцыйнай сферы, пачынаючы ад кіраўніка дзяржавы праз усе ступені да нізавых бюракратаў.

– А якія змены за тыя чвэрць стагоддзя, што мінулі ад часу Першага з’езда беларусаў свету, адбыліся ў жыцці амерыканскіх беларусаў?

– Змены адбыліся, і вялікія. Адышло ў “лепшы свет” пакаленне, якое прыбыло ў Злучаныя Штаты ў канцы 1940-х–пачатку 1950-х, якое заснавала арганізацыі, збудавала матэрыяльныя асновы арганізацыйнага існавання ды перадало малодшым наступнікам нацыянальную свядомасць. Вечная ім памяць. Цяпер беларуская прысутнасць у Амерыцы забяспечваецца што раз у большай ступені новапрыбылымі суродзічамі. Праўда, яны адрозніваюцца ад іхных гістарычных папярэднікаў тым, што бальшыня з іх – людзі з чыста эканамічнымі ды персанальна бытавымі інтарэсамі. Беларускае нацыянальна-палітычнае пытанне іх цікавіць няшмат, а нацыянальна-культурнае яшчэ менш. Сваё арганізацыйнае існаванне, у тым ліку царкоўнае – тое, што было святым для папярэднікаў у 50-я–60-я гады – для іх мала патрэбнае. Ім хапае таго, што яшчэ існуе і што малая частка з іх падтрымлівае.


zapr.jpg

Янка Запруднік у Мінску на прэзентацыі кнігі Наталлі Гардзіенка і Лявона Юрэвіча “Кантакты” (серыя “Бібліятэка “Бацькаўшчыны”). 2016 год

– У 1993 годзе Вы адзначалі істотную розніцу паміж праблемамі дыяспараў “блізкага“ і “далёкага“ замежжа. Ці захоўваецца гэты разрыў і ў сучасным свеце?

– Розніца застаецца. Беларусы, што жывуць у навакольных з Бацькаўшчынай краінах – у Польшчы, Літве, Расіі й г.д. – маюць большыя магчымасці кантактаваць з беларушчынай на Бацькаўшчыне. Хоць, трэба тут сказаць наступнае. Паняцце “блізкасці-далёкасці” даволі ўмоўнае -- скажам, для беларусаў у расейскім Іркутску й канадзкім Таронта. Іркутскія беларусы, так як і канадзкія, сваімі этнічна-культурніцкімі ініцыятывамі даюць выдатны прыклад для дыяспараў ува ўсіх краінах, блізкіх і далёкіх. Рэч у тым, што блізкасьць і далёкасьць вымяраецца не геаграфічнай дыстанцыяй, а духовай. У той жа сучаснай Беларусі, на вялікі жаль, поўна такіх суродзічаў, якія шмат далей ад Бацькаўшчыны, чымся Іркутск і Таронта.


Алег Трусаў

у 1993 годзе старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады

– Падчас пленарнага пасяджэння Вы звярталіся да ўдзельнікаў Першага з’езда ад імя Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, якую на той час узначальвалі – “партыі, якая ўзяла на сябе нялёгкую місію адрадзіць і працягваць традыцыі першай беларускай партыі”. Ці зведалі Вашыя палітычныя погляды і ідэалы трансфармацыю за чвэрць стагоддзя, якая мінула з таго часу?

– Збольшага не зведалі, хаця пасля майго сыходу Грамада не раз развальвалася – на дзве, а пасля і на тры партыі. Тым не менш, Грамада сёння дзейнічае. Нядаўна выбралі маладога актыўнага лідара, я – па-ранейшаму ў Цэнтральным Камітэце. Нам удалося пераадолець амаль усе расколы, і сёння толькі нашая Грамада і з’яўляецца сапраўднай партыяй. Ёсць частка, якую ўзначальвае Мікалай Статкевіч, больш фармальная – Грамада пад кіраўніцтвам Станіслава Шушкевіча. А нашая партыя – рэальная, удзельнічае ў выбарах...


YYD_4777.jpg

Алег Трусаў (з мікрафонам) на Сёмым з’ездзе беларусаў свету. 2017 год.


– У тым самым звароце быў выказаны спадзеў, што З’езд дапаможа зразумець, дзе крыецца галоўная небяспека беларускай незалежнасці і развіццю. Ці апраўдала гэтае маштабнае мерапрыемства Вашыя спадзевы?

– На жаль, доўгі час зразумець не атрымоўвалася. Зразумелі толькі нядаўна, пасля акупацыі Крыма і вайны на Данбасе. А да таго частка грамадства проста не разумела, дзе тая небяспека і як з ёй змагацца. Гэтая небяспека існавала ў 1993 годзе, існуе і зараз. Прычым, на маю думку, пасля падзеяў ва Ўкраіне яна істотна павялічылася, стала значна больш пагрозлівай, чым дваццаць пяць гадоў таму.

Гутарыў Сяргей Кандраценка,
прэс-сакратар ЗБС “Бацькаўшчына”