Як рабілі галоўную кнігу беларускага замежжа

За таўсматую кнігу Янкі Купалы “Спадчына” заўсёды чапляешся вокам у букіністычных кнігарнях. Нават займеўшы гэты тамок, хочацца купіць яшчэ адзін пры нагодзе – усё ж такі вельмі мала сапраўды шыкоўных самавітых выданняў было ў беларусаў, і амерыканска-мюнхенская “Спадчына” 1955 года – бясспрэчна, адно з іх. Вага, аб’ём, файная вокладка, ілюстрацыі, шоргат акуратна ці не вельмі разрэзаных старонак, нетрывіяльныя фотаздымкі Купалы даюць пэўную букіністычную асалоду.

Кніга сапраўды знакавая, але не заўсёды ўсведамляеш, што вакол яе была і свая гісторыя. У прынцыпе дык кожная кніжка – гэта проста тэксты. Яна не скажа табе, як гэтыя творы пісаліся, што выкраслілася (аўтарам, рэдактарам, цэнзарам) і засталося за кадрам, адкуль узяліся грошы на друк, хто выбіраў вокладку, праз якія выпрабаванні трэба было прайсці перад, уласна кажучы, друкарняй – і ці куплялі гэтую кнігу наогул. Тым не менш уся гэтая закадравая гісторыя кніжак, як на мяне, надзвычай перспектыўная што да раскрыцця і абнародавання. На паверхні такой альтэрнатыўнай гісторыі беларускай кнігі лунаюць толькі нейкія асобныя выпадкі, як правіла, звязаныя з цэнзурай – напрыклад, рассыпаны набор першага рамана Уладзіміра Караткевіча “Леаніды не вернуцца да Зямлі”; можна ўспомніць, як грамадою ўпершыню збіралі грошы на выданне першай незалежнай кнігі Быкава “Сьцяна”; глухія чуткі пра тое, як рэдагаваўся той ці іншы культавы твор сучаснай літаратуры. Разам з тым, нават у не вельмі цікавай кнігі можа быць шалёная гісторыя ўзнікнення, і раз-пораз такія “патаемныя жыцці кніг” трапляюцца ў архіўных справах, аднак пакуль там, у справах, і застаюцца.

Вось жа, упершыню ў нас і, што таксама ў нейкім сэнсе паказальна, менавіта ў сувязі з найпершым класікам Янкам Купалам з’яўляецца выданне ў жанры “кніга пра кнігу” – “Як укладалі “Спадчыну” Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча.

Стваральнікаў “Спадчыны” – фактычна двое: нью-ёркавец Вітаўт Тумаш і мюнхенец Станіслаў Станкевіч, былыя “заходнебеларусы” і выпускнікі віленскіх універсітэтаў, адміністратары часоў акупацыі, тагачасныя топ-менеджары беларускага руху і лютыя ворагі УКП(б). Іх двухбаковае ліставанне – аснова дадзенай кнігі.

Трэба ведаць, што на той час, у 1950-я, Станіслаў Станкевіч выдае разам з газетай “Бацькаўшчына” кнігу за кнігай, якія спачатку друкуюцца на газетных палосах, а потым выходзяць асобнымі выданнямі, кожнае з якіх у пэўным сэнсе прадстаўляе тое, што ў гэты самы час Антон Адамовіч назаве “супраціўленнем саветызацыі ў беларускай літаратуры”: “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя, “Нядоля Заблоцкіх” Лукаша Калюгі, “Новая зямля” і “Сымон-музыка” Коласа, “Тутэйшыя” і “Раскіданае гняздо” таго ж Купалы. Неўзабаве выйдуць выбраныя творы Вацлава Ластоўскага і нават скандальныя “Дабрасельцы” Аляксея Кулакоўскага, праз якіх апошняга знялі з пасады галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць”.

Станкевіч такім чынам фармуе антысавецкі канон, што на пачатак 1950-х зрабіць зусім не складана, бо фактычна большасць заўважных твораў даваеннай літаратуры не перавыдадзеная ў БССР, не рэабілітаваныя яшчэ і іх аўтары. Значная частка класікі ў Савецкім Саюзе таксама застаецца пад забаронай, а Янка Купала шануецца выключна прасавецкі, перыяду 1930-х гадоў.


01-asn.jpg


Укладальнікі кнігі абсалютна недвухсэнсоўна даюць зразумець сваю пазіцыю, што Купала пасля 1930 года, пасля спробы самагубства, – гэта ўвогуле не Купала, адзначаючы ў “Спадчыне”, што “сваім абсягам кніга ня выходзіць за тую канцавую, замыкаючую вольную песьняровую творчасьць мяжу, якую сам Купала сваёй-жа рукою й крывёй правёў у часе гаракіры ў чэрвені 1930 году”. То бок нават храналагічны “савецкі Купала” бярэцца ўкладальнікамі толькі ў той сваёй часціне, дзе ён сцвярджае нацыянальную годнасць – маюцца на ўвазе вершы 1920-х супраць вялікарасейскіх шавіністаў. Сам перыяд 1920-х, які ў сучасны момант праходзіць стадыю некрытычнага прыняцця і міфалагізацыі, называецца ўкладальнікамі “эпохай безназоўнага”, калі чаканні нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі не спраўджваюцца, і наступае, на іх погляд, час, груба кажучы, “абы-чаго” – самастойнасць, незалежнасць, увогуле беларушчына як суб’ект не набывае таго статусу і той сілы, якія чакаліся “нашаніўцамі”.

Такім чынам, распачынаючы друк “Спадчыны”, Тумаш і Станкевіч бачаць статус свайго аднатомнага выдання Купалы як узорны, адзіна патрэбны для эміграцыі – у нейкім сэнсе, адпаведны класічнаму “Кабзару” Тараса Шаўчэнкі. Недарэмная ў рэкламнай абвестцы аб папярэдняй падпісцы (фактычна, аналагу цяперашняга краўдфандынгу) і згадка пра Біблію, якую некаторыя эмігранты выпісваюць і купляюць сабе за 45 даляраў, а вось жа выданне Купалы каштуе ў чатыры разы танней. Можна сказаць, што складальнікі ўяўляюць аднатамовую “Спадчыну” як Кнігу Кніг, своеасаблівы сакральны “маст хэв” для кожнага беларуса замежжа. Яны нават вырашаюць не згадваць у абвестках імя прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка – фактычнага фундатара выдання, каб аб’яднаць вакол Купалы прыхільнікаў БНР і БЦР.

З сакралізацыяй адразу (і непазбежна) узнікаюць праблемы, бо свайго дыстыляванага “Кабзара” Купала не пакінуў. Канцэптуалізаваць яго пакручасты і неаднародны лірычны наробак даводзіцца з нуля. Фактычна – пры адсутнасці папярэднікаў і пры надзвычай ускладненым германа-амерыканскім доступе нават папросту да прыжыццёвых публікацый ягонай лірыкі (узважваючы кілаграмовы том “Спадчыны”, трэба ведаць, што нават першых дзвюх кніжак Купалы – “Жалейкі” і “Гусляра” – укладальнікі на руках не мелі. Іх проста не было дзе ўзяць).

Вітаўт Тумаш бярэ на сябе гэтую працу і, па вялікім рахунку не з’яўляючыся чыстым літаратуразнаўцам ці купалазнаўцам, выдатна выконвае “структурны” аналіз усёй паэзіі Купалы, групуе яе па асноўных тэматычных блоках, вызначае гады напісання і ўрэшце на 500 старонках прадстаўляе кампазіцыйную ўверцюру ўсёй паэзіі Купалы. Ён вызначае пачатковыя вершы і кульмінацыі-фіналы для кожнага раздзела кнігі. Перад чытачом узнікае строгая форма “кнігі вершаў”, падобная да багдановічаўскага “Вянка”. Кожны твор займае сваё дакладнае месца, і Тумаш з вялікімі цяжкасцямі і відавочнай неахвотай пасля рэдагуе створаную ўласнаручна кампазіцыю зборніка.

Усё гэта адбываецца яшчэ ў Нью-Ёрку, а ў Мюнхене, пад кантролем Станкевіча – не менш працаёмкая тэхнічная праца. Здабыццё грошай, дамовы з друкарнямі, вёрстка, пераклады ўступу на замежныя мовы, друк, пераплёт, распаўсюд…

Як жа быў ацэнены гэты тытанічны чын працягласцю ў некалькі гадоў? Ці ёсць у лістах згадка, “па колькі чырвонцаў” атрымліваюць укладальнікі? Ды не. Можа, яны атрымаюць ганарар кніжкамі? Адказ ёсць у лісце Станкевіча: “Купалаў зборнік разсылаем у пачках па 5 штук у кажнай. Днямі атрымаеш і інструкцыю, як іх прадаваць і нікому абсалютна не даваць задарма. Навет я, які бадай найбольш працы ўлажыў пры яе выданьні, адзін эгзэмпляр за 11 даляраў купіў за “налічныя”.”

Як кажуць, без каментарыяў.


kupala_cover_draft-1.jpg


Праз усю кнігу, разам з гутаркамі пра вёрстку ці карэктуру кнігі, фонам праходзіць палітычная барацьба, праца адноўленай Рады БНР, кагадзе створанай Беларускай службы Радыё Свабода, канфлікты з БЦР, канфлікты ў Інстытуце вывучэння СССР. Вакол купкі людзей стаіць неймаверны шум: ідуць дыскусіі па, фактычна, праве беларусаў на самавызначэнне перад усім светам. Відавочна, што беларуская дыяспара і пасля вайны адчувала сябе не вельмі моцна ў параўнанні з рускай, украінскай, якія даўно заявілі пра сябе. Літаральна некалькім людзям даводзілася ў наўпроставым сэнсе адбівацца ад прапаноў злучыцца ў саюз з рускімі антысаветчыкамі, стаць пад крыло ўкраінскай ідэнтычнасці, увайсці ў той ці іншы альянс, які пагражаў бы самастойнаму існаванню беларускіх арганізацый. Дзякуючы імпэту і бескампраміснай пазіцыі Міколы Абрамчыка і Станіслава Станкевіча высокіх урадоўцаў Амерыкі і Еўропы ўдалося пераканаць у праве на асобную беларускую “рацыю стану”, а часта нават і пазнаёміць увогуле з існаваннем беларускага народа, з яго гісторыяй. “Расейскія пызыцыі і так забясьпечаныя, а што-ж датычыцца, каб нешта можна было зрабіць “нацыяналам”, дык усё ўпіраецца ў аргумэнт “няма грошаў”. Тое, што мы… дабіліся выданьняў сваіх зборнікаў, дык гэта даслоўна было вырвана з зубоў іхных пры загрозе, што бразьнем дзьвярыма”, – абмалёўвае сітуацыю з беларускімі выданнямі Станкевіч.

Зразумела, што назваць гэта “фонам” можна толькі “мякка кажучы”. Насамрэч барацьба за кожную капейку, за месца пад сонцам займала львіную долю часу, і тое, што ў такіх варунках атрымлівалася рабіць свае газеты, радыёстанцыі, кнігі, падобныя да “Спадчыны”, само па сабе ўражвае. Усё пастаянна вісела на валаску.

“Кніга вялізарная (каля кіляграма вагі), і вымагае шмат тэхнічных і рэдактарскіх выканчэньняў. Яна мне, ды, думаю, і Табе далася моцна ў знакі, што больш за такія вялікія выданьні ніколі брацца ня буду”, – піша за некалькі месяцаў да выхаду “Спадчыны” Станіслаў Станкевіч. “Надаела кніга, то пэўна, – адказвае на ліст Тумаш. – Працы й часу таксама затрачана нямала. Самой перапіскі ў гэтай справе, перадусім з Табой, набралася ўжо ня менш хіба як тэксту самой кнігі. Як некалі справа ўжо будзе закончаная, думаю ўсю перапіску вылучыць, скласьці ў месца ды для архіўных патрэбаў даць апрацаваць: том, думаю, будзе мала меншы за самую Купалаву кнігу”.

Вось жа, праз 63 гады архіўны том дачакаўся свайго часу. Застаецца спадзявацца, што ён будзе ўдзячна прачытаны і “трутнем не з’ездзены”.

Ціхан Чарнякевіч