Як эмігранты сварыліся праз “правільнага” і “няправільнага” Купалу

Адразу дзве кнігі з серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” прэзентавала даследчыца паваеннай эміграцыі Наталля Гардзіенка на фестывалі Pradmova.

Першае выданне – гэта кніга пра кнігу пад назвай “Як укладалі “Спадчыну”, якую ўкладалі сумесна Наталля Гардзіенка і нью-ёркскі архівіст Лявон Юрэвіч. Зборнік “Спадчына” з паэзіяй Янкі Купалы выйшаў у Мюнхене ў 1955 годзе, у часы, калі беларуская дыяспара на Захадзе яшчэ не ўмацавалася і не абжылася. І гэта феномен: людзі, што меліся думаць пра свае сем’і, працу і хлеб штодзённы, арганізаваліся і знайшлі грошы на хлеб духоўны – выданне твораў нацыянальнага прарока.

Кніга ва ўсіх падрабязнасцях распісвае падрыхтоўчы працэс да з’яўлення купалаўскага зборніка, які заняў тры гады: з 1952 па 1955-ы. Гэта і дыскусіі паміж рэдактарамі Станіславам Станкевічам і Вітаўтам Тумашам, і фінансавыя аспекты (у выніку грошы на кнігу знайшоў старшыня БНР Мікола Абрамчык), і нават працэс выбару шрыфтоў з калантытуламі. Цікава, што фактычна выйшлі два выданні: больш сціплае і больш раскошнае, каб кожны мог набыць на свой густ і кашалёк.

У пэўным сэнсе купалаўская “Спадчына” для эмігрантаў была патрэбная не менш за Тору для яўрэяў у часы выгнання, ці за “Кабзар” для ўкраінцаў, раскіданых пасля вайны, як і беларусы, па шырокім свеце. Гэта сімвал і запавет, які тлумачыў, чаму варта заставацца сабой і не згубіцца ў шматтысячных заакіянскіх мегаполісах.

Але і тут не ўсё проста. Што рабіць з “савецкім” Купалам, ягонымі одамі Сталіну і пластом творчасці 1930-х? Спачатку было дамоўлена, што прадмову да зборніка піша Янка Ліманоўскі, але той быў упэўнены, што Купалу варта ўспрымаць цэласна: і дасавецкага, і савецкага. Выдаўцы ж вырашылі па-іншаму і проста выключылі савецкі пласт. Для Ліманоўскага гэта быў шок і вялікая крыўда: у выніку ён наогул прыпыніць кантакты з беларускімі коламі ў замежжы…

Цікава, што дыскусіі пра Купалу і ягоную паэзію “з-пад чырвонай зоркі” ў нас трываюць і цяпер – згадаць хаця б скандальнага “Каяна Лупаку”… Наўрад ці варта сувора судзіць эмігрантаў за непрыманне Купалы ў комплексе: крыўда на савецкі строй і Сталіна, якія вынішчалі Беларусь і зрабілі іх выгнанцамі, была занадта вялікай, боль і нянавісць перамаглі. Нават не прымаючы такую пазіцыю сёння, згадзіцеся, яна вартая разумення.

Другая з прэзентаваных кніг – “PRO ET CONTRA” – прысвечаная паэту-эмігранту Масею Сяднёву. Назва, якая перакладаецца з лаціны як “за і супраць”, не выпадковая: Сяднёў бачыцца ўкладальніку Лявону Юрэвічу супярэчлівай асобай, якая выдатна ілюструе непаразуменні і шматлікія расколы ў шэрагах паваеннай дыяспары.

Скажам, будучы кіраўніком Радыё Свабода,  Сяднёў паступова… змяняў мову выдання, набліжаючы да варыянту наркамаўкі: не “Менск”, а “Мінск” і г.д. З аднаго боку, гэта можна патлумачыць паходжаннем: Сяднёў – усходнік, нарадзіўся на Магілёўшчыне. З іншага, магчыма, гэта была метадалогія: каб прабіцца да сэрцаў савецкіх беларусаў, трэба размаўляць на максімальна зразумелай мове. У любым выпадку, паплечнікі-эмігранты яго за гэта крытыкавалі.

Цікава, што нават на эміграцыі беларусы-ўсходнікі ставіліся да заходнікаў насцярожана. Чаму? Бо да 1939-га падзел быў цалкам рэальны і рэгіёны сапраўды ўяўляліся нашмат больш далёкімі адзін ад аднаго, чым сёння. Акрамя гэтага існаваў яшчэ і падзел на прыхільнікаў БНР і БЦР… Сяднёў прызнаваў БЦР на чале з Астроўскім, і гэта не магло застацца незаўважаным для яго крытыкаў: Радыё Свабода, моцны інфармацыйны рэсурс, падтрыманы Штатамі, аказаўся пад кантролем чалавека з “варожай групоўкі”…

“Свабода”, як мы памятаем, была важнай для беларусаў з абодвух бакоў жалезнай заслоны. Для жыхароў БССР гэта быў спосаб пачуць голас “свабоднага свету”, для эмігрантаў – даведацца, як там на Радзіме. Паводле Наталлі Гардзіенкі, нават у 1990-я эмігранты згадвалі пра свой страх цалкам страціць сувязь з Беларуссю і перастаць разумець суайчыннікаў з Брэста, Гомеля і Мінска…

Магчыма, некаму падасца, што такая літаратура можа зацікавіць толькі маленькае кола даследчыкаў, тэмы занадта вузкія і далёкія: гэта не Радзівілы, Каліноўскі ці Балаховіч, якія выклікаюць шмат эмоцыяў. З іншага – гэта кнігі пра нас сённяшніх, пра тое, як беларусы варагуюць і дзеляцца на групоўкі нават у складаных абставінах, але часам аб’ядноўваюцца, каб зрабіць нешта карыснае для краіны, якую падзяліць немагчыма.

Алесь Кіркевіч, “Будзьма беларусамі!”