У 2014 годзе быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб беларусах замежжа”. “Бацькаўшчына” пры падтрымцы шматлікіх беларускіх суполак у свеце актыўна прасоўвала яго прыняцце. У 2017 г. на Сёмым з’ездзе беларусаў свету прадстаўнікі беларускай дыяспары прапаноўвалі ўнесці дапаўненні і змены ў закон, напоўніць яго больш практычным зместам. “Бацькаўшчына” акумулявала прапановы прадстаўнікоў беларускіх суполак замежжа, а таксама зрабіла аналіз дзеючага заканадаўства на прадмет яго ўдасканалення з улікам нядаўна прынятага “Закона аб беларусах замежжа”. Гэтыя заўвагі і прапановы на просьбу Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь былі накіраваныя на іх адрас.
Аднак мы лічым важным, каб абмеркаванне ўдасканалення беларускага заканадаўства, якое тычыцца істотнай часткі нацыі, не заставалася ў закрытых колах. Таму публікуем на сайце zbsb.org нашы прапановы, якія датычацца не толькі самога Закона, але і ў сувязі з яго прыняццем – шэрагу іншых прававых дакументаў. Мы перакананыя, што супрацоўніцтва беларускай дзяржавы з беларускім замежжам павінна палягаць не толькі ў рэчышчы задавальнення культурніцкіх патрэб беларускай дыяспары, але і даваць магчымасць развівацца беларускім асяродкам у розных кірунках, і прыцягваць патэнцыял беларусаў замежжа ў эканоміку, навуку, культуру і сацыяльную сферу Беларусі, заахвочваць нашых суайчыннікаў быць не толькі іміджавымі цэнтрамі Беларусі ў замежжы, але і мастамі паміж краінамі, праз якія Беларусь можа атрымаць веды, інавацыйныя тэхналогіі і інвестыцыі, як эканамічныя, так і інтэлектуальныя.
Калі ласка, уважліва азнаёмцеся з тэкстам закона, з нашымі заўвагамі да яго. Дасылайце свае прапановы і заўвагі па ўдасканаленні “Закона аб беларусах замежжа” нам на адрас: zbsb.minsk@gmail.com.