“Выбранае” Тамаша Грыба

Пабачыла свет першая кніга ў новай серыі “Спадчына: агледзіны”, запачаткаванай сумесна Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Беларускім інстытутам навукі і мастацтва (Нью-Ёрк) і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва. “Выбранае” Тамаша Грыба — першая ў гісторыі спроба сабраць пад адной вокладкай раскіданыя па розных перыёдыках тэксты гэтага грамадскага дзеяча, раднага БНР, аднаго з заснавальнікаў беларускай партыі эсэраў, філосафа, публіцыста.

Творчая спадчына Тамаша Грыба налічвае дзясяткі, ці нават сотні артыкулаў і зацемак, што друкаваліся ў газетах і часопісах міжваенных Беларусі і Чэхаславаччыны (дзе ён правёў апошнія пятнаццаць гадоў свайго жыцця). У выданні можна знайсці публікацыі з газеты “Грамадзянін”, часопісаў “Сялянская доля”, “Перавясла”, Студэнцкая думка”, “Золак”, “Іскры Скарыны”, “Калоссе, ёсць таксама тэксты з архіваў, што не былі надрукаваныя пры жыцці аўтара. Тамаш Грыб выказваўся на актуальныя праблемы свайго часу, звязаныя з польскай і савецкай палітыкай у Беларусі, пісаў пра праблемы нацыянальнага развіцця беларусаў, пра вынішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі ў БССР і інш. Укладальнікі тома не мелі на мэце сабраць усё напісанае дзеячам, засяродзіўшыся на найбольш важных і актуальных сёння тэкстах, якія дапамогуць паказаць Тамаша Грыба як таленавітага публіцыста, палеміста і філосафа.

hryb_cover.jpg

Акрамя артыкулаў, у “Выбраным” можна знайсці ліставанне Тамаша Грыба з Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Міхасём Мялешкам, Уладзімірам Жулкам, Мікітам Шапавалам і сабрамі па партыі. Эпісталярная спадчына дзеяча захоўваецца ў архівах розных краінаў і прадстаўленая ў выданні вельмі невялікай, але надзвычай цікавай сваёй часткай. Некаторыя лісты публікаваліся раней у іншых выданнях, але не заўсёды былі адпаведна расчытаныя і пракаментаваныя. У новай публікацыі тэксты звераныя па архіўных арыгіналах і суправаджаюцца якаснымі каментарамі.

У біяграфіі Тамаша Грыба дасёння застаюцца невядомыя старонкі, таму ўкладальнікі вырашылі не даваць у кнізе адмысловы біяграфічны нарыс, паўтараючы сказанае іншымі даследчыкамі, а прапанавалі чытачу асобны важны раздзел “Сучаснікі пра Тамаша Грыба”. Ён складаецца з успамінаў грамадзянскай жонкі дзеяча Паўліны Мядзёлкі, лістоў яшчэ адной жанчыны, што прэтэндавала на ролю жонкі дзеяча, Палуты Бадуновай, а таксама публікацый з нагоды смерці пражскага беларуса. Тут змешчана таксама факсіміле часопіса “Наш золак”, цалкам прысвечанага смерці Тамаша Грыба, з тэкстамі-ўспамінамі і прамовамі Віктара Чарнова і іншых саратнікаў дзеяча.

Добрай дапамогай даследчыкам творчасці Тамаша Грыба будзе змешчаная ў выданні бібліяграфія, складзеная гісторыкам Андрэем Бучам.

Асоба Тамаша Грыба, як і ягоная творчая і эпісталярная спадчына, ад пачатку 1990-х гадоў стала прыцягваць пільную ўвагу даследчыкаў розных краін. Аднак адмысловае выданне з’явілася, дзякуючы ініцыятыве Лявона Юрэвіча і Наталлі Гардзіенка, толькі сёння, напярэдадні 100-х угодкаў БНР, якім прысвечаная і сама кніга, і распачатая ёй серыя.

“Выбранае” Тамаша Грыба мае стаць важным крокам у вяртанні асобы аўтара і ягоных ідэяў у інтэлектуальную прастору Беларусі.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”