“Выбранае” Льва Акіншэвіча

У серыі “Спадчына: Агледзіны” Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” рыхтуецца да друку зборнік “Выбранага” гісторыка Льва Акіншэвіча, укладзены даследчыкамі беларускай эміграцыі Лявонам Юрэвічам і Наталляй Гардзіенкай.

Леў Акіншэвіч ёсць добрым прыкладам асобы, чыя спадчына адначасова належыць беларусам і ўкраінцам. Народжаны ад бацькі-беларуса, ён значную частку свайго жыцця правёў ва Украіне. Тут пачалася яго навуковая дзейнасць, з украінскай гісторыяй і правам звязана большасць яго публікацый. Не дзіва, што нашыя паўднёвыя суседзі ўспрымаюць Льва Акіншэвіча як свайго.


Vokladka1.jpg


Аднак у жыцці гэтага навукоўца і яго працы важную ролю адыгрывала беларуская тэматыка, Беларусь. Гэтая частка амаль невядомая беларускім даследчыкам, не ўключаная ў нацыянальны гістарычны дыскурс. Менавіта выпраўленню згаданай несправядлівасці і мае паспрыяць зборнік, які рыхтуецца да друку. Тут прадстаўлена пераважная большасць беларусацэнтрычных тэкстаў Льва Акіншэвіча: працы па гісторыі казацтва, права, цывілізацыйных асновах беларускай гісторыі (сярод іншага, упершыню друкуецца пераклад на беларускую мову англамоўнага артыкула пра гісторыю ўсходнееўрапейскай цывілізацыі ў працы Арнольда Тойнбі). Таксама ў выданне ўключаны шматлікія рэцэнзіі, што друкаваліся ў беларускіх метрапольных і эміграцыйных перыёдыках. Змешчана ў зборніку і звязаная з Беларуссю частка ўспамінаў Льва Акіншэвіча.

Важную частку зборніка складаюць эпісталярыі. Нізкі выбранага ліставання Льва Акіншэвіча тут пададзены паводле храналогіі асноўнай часткі лістоў у кожнай групе. Арыгіналы захоўваюцца ў фондзе БІНіМа ў БДАМЛМ, у архіве а. Льва Гарошкі ў Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лондане, у фондзе Міколы Сільвановіча ў Бібліятэцы і архіве Канады ў Атаве, а таксама ў архіве Навуковага таварыства імя Шаўчэнкі ў Нью-Ёрку.

У зборніку змешчаныя таксама тэксты пра Льва Акіншэвіча і яго працы, а таксама найпаўнейшая на сёння бібліяграфія гісторыка.

Кніга з’яўляецца вынікам плённага супрацоўніцтва беларускіх і ўкраінскіх даследчыкаў і з’яўляецца першым кніжным выданнем творчай спадчыны Льва Акіншэвіча.

Інфармацыйны цэнтр МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“