Вячаслаў Бортнік: Беларусы ў Штатах апошнім часам гуртуюцца ў сацсетках

Сядзібу “Бацькаўшчыны” наведаў Вячаслаў Бортнік – грамадскі дзеяч, праваабаронца, сябра Рады “Бацькаўшчыны” і сакратар Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Прапануем да вашай увагі гутарку пра пра тое, чым займаюцца самыя буйныя беларускія арганізацыі ў ЗША, як працуе Amnesty International, ці думае Дзярждэп пра Беларусь і што такое беларускі “happy hour”.

– Вы кажаце, што ў эміграцыі з 2013 года, але пры гэтым ёсць звесткі, што вы ў БАЗА ад 2008-га. Як гэта атрымалася?

– Справа ў тым, што ездзіць у Вашынгтон і Нью-Ёрк – на канферэнцыі, у адведкі да знаёмых – я пачаў яшчэ ў 2004 годзе. Ездзіў даволі часта, разы два на год. У 2006 годзе я даведаўся, што ў Вашынгтоне існуе беларуская суполка – яны штомесяц 16 чысла ладзілі акцыі пратэсту каля беларускай амбасады. Аднойчы далучыўся да акцыі, такім чынам пазнаёміўся з беларусамі Вашынгтона і, калі бываў у Вашынгтоне, 16-га абавязкова іх падтрымліваў. А ў 2008 годзе я атрымаў двухгадовую стыпендыю Эдмунда Маскі на магістарскую праграму па кірунку “дзяржаўнае кіраванне”. І мне пашанцавала: з больш як сотні ўніверсітэтаў у розных гарадах, якія бралі ўдзел у праграме, мне зноў трапіўся вашынгтонскі – Амерыканскі ўніверсітэт. Калі я ў чарговы раз пайшоў пад амбасаду, каб падтрымаць беларускі пратэст, адзін хлопец з суполкі – Яраслаў Крывой – запрасіў мяне на пасяджэнне, і так мяне раптоўна абралі сакратаром Вашынгтонскага гуртка БАЗА.


Bortnik1.jpg

Стратэгiя-6. Пратэст каля рэзiдэнцыi расiйскага амбасадара, кастрычнiк 2018


Згодна з умовамі праграмы навучання я праз два гады мусіў з’ехаць назад у Беларусь, каб ужыць на практыцы атрыманыя веды. Вядома, уладкавацца ў дзяржаўную ўстанову было немагчыма праз тое, што я заўсёды быў крытыкам пануючай улады і мяне ўсе тут добра ведалі. Таму я працаваў у розных недзяржаўных, некамерцыйных арганізацыях – быў ментарам, кансультантам, трэнерам. Але і ў Штаты працягваў ездзіць – віза J1 вымагала адпрацаваць два гады, каб мець магчымасць прэтэндаваць на працоўную візу ці эміграцыйны статус. Праз тое, што часта і надоўга адлучаўся, атрыманне такога статусу зацягнулася на год. А яшчэ паўплывала мая дзесяцігадовая гісторыя кахання “на дзве краіны”– калі мы ў 2013 годзе афіцыйна аформілі стасункі, у мяне атрымалася застацца ў ЗША настала.

– А ў Беларусі з таго часу часта бываеце?

– Апошнім часам хіба раз на год. Стараюся прымяркоўваць прыезды да нейкіх мерапрыемстваў. Або часам даводзіцца бываць па працы ў суседніх краінах – дык спалучаю. Я сам з Гомеля, таму перш за ўсё еду туды, адведваю сваякоў, цікаўлюся, чым там і ў Мінску займаюцца знаёмыя грамадскія актывісты. Таксама, выпраўляючыся ў Беларусь, я думаю, што карыснага можна зрабіць для беларусаў ЗША – усталяваць новыя кантакты і да таго падобнае. Напрыклад, гэтую паездку я вырашыў скарыстаць на тое, каб сустрэцца з актывістамі. Затым планую пад’ехаць у Варшаву, у Кіеў, даведацца ў тамтэйшых актывістаў пра мясцовае беларускае жыццё, сабраць ідэі, абмеркаваць, якім чынам зрабіць так, каб праца Рады БНР стала больш эфектыўнай, прыносіла большую карысць для Беларусі. Я ж, сярод іншага, з’яўляюся, дарэчы, сябрам Рады БНР...

– То бок не толькі кіраўніком Вашынгтонскай БАЗы?

– Акрамя Вашынгтонскай, я яшчэ і ў Галоўную Управу БАЗы ўваходжу.

– А ці шмат беларусаў у Амерыцы адначасова з’яўляюцца сябрамі розных беларускіх арганізацый – уваходзяць і ў БАЗу, і ў Раду БНР, і яшчэ кудысьці?..

– Рада БНР – гэта ўстанова крыху іншага, асаблівага кшталту. Сябры Рады БНР знаходзяцца ў пятнаццаці розных краінах свету. ЗША, Канада, Аўстралія, Вялікая Брытанія, Швейцарыя, Швецыя, Нямеччына, Расія, Украіна, Польшча, Францыя, Чэхія... Бяруць у Раду не кожнага, гэта людзі найбольш актыўныя і добра вядомыя ў сваіх асяродках.

– А чым зараз займаецеся?

– Зараз у асноўным выкладаю. Расейскую мову. Калі атрымліваецца – і беларускую. Амерыканскім дыпламатам, вайскоўцам, супрацоўнікам міжнародных арганізацый... Таксама займаюся лінгвістычнай працай, перакладамi.

– А ці існуе беларускае жыццё ў Вашынгтоне па-за БАЗАй? І наколькі тое беларускае жыццё нацыянальнае? І наколькі востра не хапае моладзі?

– Мушу растлумачыць пра БАЗу. Галоўная Управа ніколі не была галоўнай арганізуючай сілай. Асяродкі БАЗы ў розных штатах – аддзелы, гурткі – заўсёды былі даволі аўтаномнымі, і ініцыятыва традыцыйна сыходзіла не з Нью-Ёрка, а “знізу”, з гэтых асяродкаў. У ЗША шмат беларускіх арганізацый і па-за БАЗАй, што праўда, зараз іх зрабілася меней у параўнанні з 40–70-мі гадамі. Раней сярод іх існаваў, да прыкладу, падзел на прыхільнікаў БНР і прыхільнікаў БЦР – пасля БЦРаўскія арганізацыі амаль спынілі сваю дзейнасць, а БАЗА працягвае існаваць.


Bortnik2.jpg

Сустрэча с сенатарам Маккейнам, снежань 2014


Ёсць традыцыйныя беларускія асяродкі ў месцах, дзе гістарычна жыло шмат беларусаў – гэта Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі, Агаё, Каліфорнія. У некаторых штатах ёсць рускамоўныя суполкі беларусаў. Існуе такая агульная тэндэнцыя: маладыя людзі не шукаюць беларусаў, а далучаюцца да рускамоўных, “СНГшных” тусовак. Беларусы ў Штатах апошнім часам гуртуюцца ў асноўным у сацсетках – у тым жа Фэйсбуку. І яны ніяк не афіліяваныя ні з якімі зарэгістраванымі арганізацыямі, накшталт БАЗы. Хаця было і такое, што некаторыя суполкі выходзілі на кантакт з існуючымі арганізацыямі і нават уваходзілі ў іх склад.


Bortnik3.jpg

Пратэст супраць параду белых супрэматыстаў, жнiвень 2018


Што да Вашынгтону, то і беларусаў, і проста эмігрантаў з былога Савецкага Саюза тут амаль што няма. Але прадстаўніцтва Галоўнай Управы БАЗА было там яшчэ з канца 70-х гадоў – задачамі актывістаў былі сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных устаноў, перадача ім інфармацыі пра беларускае жыццё, палітыку, звароты з просьбамі да амерыканскіх дзяржаўных дзеячаў зрабіць якіясь заявы. Вашынгтон – усё ж сталіца, палітычны напрамак дзейнасці там больш перспектыўны, чым культурніцкі. Затым, на пачатку 90-х, у Вашынгтонскай БАЗе быў спад актыўнасці. Але пакрысе людзі пачалі гуртавацца, у асноўным вакол Алесі Кіпель (дачкі Вітаўта Кіпеля), Алесі Сёмухі (дачкі Васіля Сёмухі), Ірыны Красоўскай (удавы зніклага бізнесоўца Анатоля Красоўскага) і некаторых іншых. Арганізаваўся гурток актыўных людзей, далучылася моладзь, далучыўся, напрыклад, былы беларускі дыпламат, Аркадзь Чарапанскі.


Bortnik4.jpg

Пратэст каля Белага дому, жнiвень 2018


У 2007 годзе дзейнасць Вашынгтонскага аддзела аднавілася: мы таксама ходзім у Дзярждэпартамент, сустракаемся з сенатарамі, з кангрэсменамі. Маладым людзям гэта не вельмі цікава, яны, можа, больш хацелі б ладзіць нейкія святы, велапрабегі, паходы. Хаця культурніцкія праекты таксама ж ладзім. А вось асяродкі ў Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі, Маямі якраз больш займаюцца культурай, арганізацыяй імпрэз. У некаторых штатах з’явілася “Мова нанова”.

– То бок “дэмаграфічнага крызісу” ў асяродку вашынгтонскіх беларусаў усё ж не прадбачыцца?

– Вядома, людзі ёсць. Мы, кантактуючы з імі, ад самага пачатку агаворваем, што прытрымліваемся ідэалаў Беларусі як незалежнай краіны, шануем бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоню”. Але калі да нас хочуць далучыцца апалітычныя ці рускамоўныя людзі, мы ім не перашкаджаем, ёсць жа розныя накірункі працы. У Вашынгтоне рэстаратары практыкуюць “happy hour” – гэта калі бары і рэстараны адразу па заканчэнні працоўнага дня цягам некалькіх гадзін прапаноўваюць ежу і напоі за паўцаны. Дык мы, напрыклад, робім беларускі “happy hour”, які больш прыцягвае маладых. У нас добрыя стасункі з праваабарончымі арганізацыямі. Напрыклад, у сакавіку Human Rights First дала нам памяшканне ў самым цэнтры Вашынгтона, за адзін квартал да Белага дома, і мы там рабілі прыняцце ў гонар 100-х угодкаў БНР. У якасці спікераў запрасілі былых амбасадараў, якія раней працавалі ў Беларусі, іншых гасцей, замовілі беларускую ежу...

– Дарэчы, наконт праваабарончых арганізацый. Вы ж яшчэ і з Amnesty International супрацоўнічаеце. Узначальваеце каардынацыйную групу па Еўразіі.

– Так. Amnesty International, відаць, самая буйная праваабарончая “membership-based” арганізацыя ў свеце, налічвае сем мільёнаў сябраў. Хаця зараз сярод падобных арганізацый якраз назіраецца іншая тэндэнцыя. Напрыклад, у Human Rights First і Human Rights Watch сябраў няма, гэта проста офісы, у якіх працуюць прафесіяналы, спецыялісты – так лягчэй працаваць. Бо перад сябрамі трэба справаздачыцца, сябры ўдзельнічаюць у працэсе прыняцця рашэнняў. Гэта складана арганізацыйна, тэхнічна, гэта нятанна. Але з іншага боку, наяўнасць сябраў для арганізацыі – гэта вялікая сіла, асабліва ў Штатах, дзе голас кожнага выбаршчыка насамрэч вельмі важны. Бо ён заўсёды можа звярнуцца да свайго прадстаўніка ў Кангрэсе, збіраць подпісы, арганізоўваць людзей і г.д. Важна, каб у арганізацыі былі сябры, і важна, што людзі робяць штосьці не за грошы, а каб палепшыць свет, падзяляюць місію арганізацыі.


Bortnik5.jpg



У Amnesty International, вядома, ёсць штат, ёсць офіс, дзе працуюць прафесіяналы, атрымліваюць заробкі. Але ёсць маса валанцёраў, якія грошай не атрымліваюць. У Амерыцы гэта нармальная рэч, там людзі часта бяруць удзел “на грамадскіх пачатках” у розных арганізацыях – нацыянальных, гарадскіх, мясцовых. Мая пасада ў Amnesty International USA таксама валанцёрская. У нас ёсць дырэктар па Еўропе і Цэнтральнай Азіі, але адзін чалавек, канечне, не можа ўсё ведаць, таму для гэтага ёсць спецыялісты па ўсіх пяцідзесяці краінах, і яны ў свой вольны час служаць дарадцамі для людзей, якія працуюць у асноўным штаце Amnesty International. Такія каардынацыйныя структуры фармуюцца паводле розных прынцыпаў, не толькі геаграфічнага. Ёсць групы па правах жанчын, па ЛГБТ, па пытаннях бяспекі...

Я ўзначальваю такую валанцёрскую каардынацыйную структуру па Еўразіі.У маю групу ўваходзяць спецыялісты па дванаццаці краінах: Расія, Беларусь, Украіна, Грузія, Азербайджан... Таксама ёсць лакальныя групы Amnesty International, у кожным горадзе, ва ўніверсітэтах, у вышэйшых школах. Валанцёры рэгулярна збіраюцца для разгляду, напрыклад, канкрэтнага “кейсу” палітвязня з якой-небудзь краіны: накіроўваюць лісты да пракурора, да міністра ўнутраных спраў, усталёўваюць кантакт са сваякамі асуджанага, падтрымліваюць яго самога, пішуць яму лісты, дасылаюць паштоўкі. Могуць публікаваць артыкулы, прасіць кангрэсмэна ці сенатара зрабіць заяву. У Дзярждэпе ЗША ёсць людзі, якія займаюцца асобнымі краінамі, г. зв. desk officers. Адмысловы спецыяліст па Беларусі там таксама ёсць.


Bortnik6.jpg

Сустрэча са Святланай Алексiевiч у Вашынгтоне, чэрвень 2016


Дапамагаем таксама з атрыманнем палiтычнага прытулку. Вядома, мы не маем магчымасцяў праверыць кожны “кейс”, затое можам накіраваць ліст з ацэнкай агульнай сітуацыі ў краіне, калі нейкія падобныя парушэнні правоў адбываюцца рэгулярна. Ладзім канферэнцыі, панэльныя дыскусіі, працуем з медыямі – у ЗША ліст, апублікаваны ў газеце, напрыклад, у Washington Post, можа аказаць на сітуацыю вельмі вялікі ўплыў.

– А што такое Беларускі інстытут Амерыкі? Вы ж і да яго дачыненне мелі...

– Так, меў. На запрашэнне Андруся Асадчага.

– Запрашэнне таксама было на кіраўнічую пасаду?

– Таксама на кіраўнічую. Па-шчырасці, не ведаю, як у іх зараз справы. Бруклінскі аддзел БАЗА нейкі час узначальваў вельмі актыўны і ідэйны малады чалавек – Андрусь Асадчы. Пасля таго, як ён сыйшоў, то вырашыў стварыць новую арганізацыю – Беларускі інстытут Амерыкі. Ідэя вельмі добрая, ён хоча згуртаваць маладых, актыўных, адукаваных людзей, з навуковымі ступенямі. Планаў шмат. Навуковы напрамак – правядзенне канферэнцый, запрашэнне навукоўцаў з Беларусі, наладжванне кантактаў з навукоўцамі Паўночнай Амерыкі. Культурніцкі напрамак – канцэрты, мастацкія выставы. Палітычны напрамак, праваабарончы... Але, наколькі я разумею, далей за культурніцкі напрамак справа пакуль што не пайшла. Была праведзеная беларуская канферэнцыя ў Вашынгтоне з беларускімі і амерыканскімі дзеячамі. Было праведзена шмат беларускіх канцэртаў, зроблены сайт “Беларуская прастора”. Да стагоддзя БНР яны зладзілі вялікі канцэрт у Нью-Ёрку. Па ўсім відаць, папросту не хапае рэсурсаў, людзей, каб рэалізаваць гэты амбітны праект у поўнай меры і па ўсіх кірунках. Ёсць над чым працаваць.

Гутарыў Сяргей Кандраценка, прэс-сакратар ЗБС “Бацькаўшчына”