Віншуем Радзіма Гарэцкага!

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе шаноўнага Радзіма Гаўрылавіча з 90-гадовым юбілеем!

Мы робім гэта з пачуццём вялікага гонару, з захапленнем ад усведамлення маштабу юбіляра і моцы яго адданасці Беларусі.

Лішне казаць, што згадка імя Радзіма Гарэцкага выклікае падобныя пачуцці ў сэрцы кожнага культурнага беларуса, а ў многіх прадстаўнікоў сусветнай навуковай супольнасці – магчыма нават яшчэ мацнейшыя. Аўтарытэт доктара геолага-мінералагічных навук, прафесара, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і яе віцэ-прэзідэнта ў 1992–1997 гг., лаўрэата шматлікіх дзяржаўных прэмій, у тым ліку замежных, – непахісны. А яго кнігі, прысвечаныя нацыянальнаму адраджэнню Беларусі і рэканструкцыі жыццёвых шляхоў беларускіх дзеячаў з дынастыі Гарэцкіх – каштоўны ўнёсак у гістарычную і літаратурную скарбонкі беларускай культуры.

“Бацькаўшчыну” з Радзімам Гаўрылавічам звязваюць асаблівыя стасункі. Менавіта ён на працягу васьмі гадоў кіраваў Згуртаваннем, у самыя складаныя для яго часы: ад акту яднання грамадскасці, дыяспары і дзяржавы падчас Першага з’езда беларусаў свету да часоў вострага ідэалагічнага падзелу ў беларускім грамадстве. У якасці сябра Рады “Бацькаўшчыны” спадар Радзім браў удзел у падрыхтоўцы ўсіх сямі З’ездаў беларусаў свету, і сёння ён застаецца адным з самых актыўных сябраў Згуртавання, знаходзячы час, каб паміж клопатаў, звязаных з бягучай навуковай працай у Акадэміі, рэгулярна цікавіцца справамі арганізацыі, падтрымліваць яе і дзеліцца карыснымі парадамі з кіраўніцтвам.

Шчыры дязкуй Вам, шаноўны Радзім Гаўрылавіч, за шматгадовую супрацу!

Ад усяго сэрца зычым Вам моцнага здароўя і заўжды заставацца такім жа актыўным, імпэтным і натхнёным!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”