Віктар Марціновіч: Як выбіцца ў лідары амерыканскага пракату

Пісьменнік Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра самую нашумелую карціну гэтага года «Ніхто» Іллі Найшулера.


У вольным доступе з’явіўся фільм «Ніхто» Іллі Найшулера — самая нашумелая карціна гэтага года і хіба што першая ў гісторыі постсавецкая стужка, якая выйшла на месца лідара ў пракаце ЗША па касавых зборах.

Так, фільм можна назваць рускім вельмі ўмоўна: прадзюсар і галоўны герой — амерыканец Боб Адэнкірк, вядомы па серыялах Breaking Bad і Better Call Saul, адна з найбольш абаяльных роляў — старога, які ўмее добра страляць — дасталася Крыстаферу Лойду, вядомым па амплуа вар’ята-прафесара з франшызы Back to the Future.

Я пачынаў глядзець «Ніхто» з засцярогай, бо не мог паверыць, што культурны прадукт, які стаў настолькі папулярным настолькі хутка, можа быць цікавым удумліваму гледачу. Але літаральна праз 10 хвілін я забыў пра ўсе свае ваганні і чарговы раз упэўніўся, што амерыканскі глядач не дурань і абы-што ў лідары па зборах не выводзіць. Гэта вельмі добрая, пры ўсёй сваёй банальнасці, гісторыя, якая да таго ж шыкоўна знятая.

Фільм атрымаўся не проста выбітным, а эпахальным.

Магу прызнацца, што я не адчуваў нічога падобнага па ступені захаплення ажно з таго моманту, калі савецкім падлеткам хадзіў глядзець першыя дазволеныя ў СССР амерыканскія баевікі ў відэасалон «Ізумрудны» ў Зялёным Лузе.

«Ніхто» — гэта драма размаху «Чырвонай спёкі» з Арнольдам Шварцэнэгерам. Такія фільмы могуць з’яўляцца толькі ў час наяўнасці двухпалярнага свету, у час, калі ў паветры лунае атмасфера халоднай вайны.

«Чырвоная спёка» была крокам да набліжэння гэтых двух вымярэнняў — савецкага і амерыканскага. Там чырвоны «коп» працаваў у кааперацыі з амерыканскім калегам, і ў іх нават атрымлівалася нешта вельмі падобнае да сяброўства. І ў сюжэце «Спёкі» бачная была атмасфера перабудовы і хуткага знікнення СССР: Шварцэнэгер на Краснай плошчы быў сімвалам таго, што рускаму Івану Данко і амерыканскаму Арту Рыдзіку няма чаго варагаваць, лепш аб’яднацца для супрацьстаяння міжнароднаму крыміналу.

«Ніхто» Найшулера — гэта крок у адваротным напрамку. Рускія тут і ёсць «міжнародны крымінал». «Іван» — увасабленне Зла ў разуменні рэспубліканцаў з цэнтральных Штатаў. Рускія — людзі з вялікімі грашыма і сувязямі, але абсалютна без густу і манераў. Яны дакалёбваюцца да дзяўчыны ў грамадскім транспарце, імкненне абараніць якую вымушае пратаганіста, «містара Ніхто», былога ФБРаўца, зачапіцца з рускай мафіяй. Антаганіста завуць Юльян Кузняцоў, грае яго Аляксей Серабракоў. У «Левіяфане» Звягінцава Серабракоў увасобіў галоўнага змагара супраць карупцыі. І трэба сказаць, што гэтая роля пасавала яму фізіягнамічна нашмат горш, чым роля злодзея ў законе ў Найшулера.

Юльян — персанаж відавочна прыпылены: маючы кантроль над злодзейскім «абшчаком», ён носіць пінжак у стылі Кіркорава і зацята спявае «Бухгалтар, мілы мой бухгалтар» у сваім караоке.

Трэба адзначыць, што рускі свет за мяжой (атмасфера ўсіх гэтых «малін» у Літве, ЗША, Нямеччыне і г. д.) перададзены тут старанна і самакрытычна — гэта робіць сітуацыю парадаксальнай. Рускі рэжысёр Найшулер з рускім акцёрам Серабраковым вырабілі ў Галівудзе самы непрыязны да рускіх замежнікаў фільм, які грае на ўсіх фобіях амерыканцаў.

Але парадокс гэты мае і адваротны бок: добра бачна, што самім рускім гэты фільм вельмі добра «заходзіць». Рэч у тым, што яны тут паказаныя бязлітаснымі «адорвамі», жорсткімі, але вясёлымі людзьмі. І ў гэтым вобразе ёсць таксама нейкая абаяльнасць — у параўнанні з прыцішаным амерыканскім «містарам Ніхто», які б’ецца моўчкі і нават нібыта саромеючыся свайго майстэрства, рускія ў кіно — гэткія магутныя варвары, не раўнуючы клінгонцы з яшчэ аднаго кінапрадукту эпохі халоднай вайны, серыяла Star Trek.

«Ніхто» — прадукт пандэмічнай шызы, новага і вельмі трывожнага для мяне стану ў свеце. Стану, калі Чэхія высылае рускіх дыпламатаў і абвяшчае ў вышук расійскіх грамадзян, Пуцін і Байдэн абменьваюцца дакорамі і паступова падвышаюць інтанацыю, а пункт, дзе ўсё гэта можа прарвацца, дзе «містар Ніхто» можа счапіцца з Юльянам, знаходзіцца проста ў нас пад бокам, на поўначы, ва Украіне.

То, адзначаючы выключную вартасць гэтага кіно, спадзяюся, што неўзабаве Галівуд усё ж вернецца да сюжэтаў кшталту «Чырвонай спёкі».

Жыць у абстаноўцы ўсё большай непрыязі цікава, але вельмі неспакойна.

Віктар Марціновіч, budzma.by

\