Так, я лічу, што цяпер не да літаратуры і, праз своеасаблівасць нашага пекла, няма ніводнай кнігі, якая дапамагла б яго асэнсаваць.
Але калі раптам даводзіцца адчуць у сабе моц сканцэнтравацца і чытаць — не навіны, але Літаратуру, — у любой сур’ёзнай кніжцы знаходзіш развагі пра сёння. Бо кнігі пішуць не пісьменнікі, а чытачы. Менавіта чытачы напаўняюць іх сэнсам. І калі чытач змешчаны ў задушлівую жудасць 2020 года, ён вырачаны перапісваць той ці іншы твор, робячы яго «творам пра ўсіх нас».
Першым пасля пачатку цяперашняй катастрофы раманам, які здольны быў захапіць маю ўвагу і пратрымаць яе ажно да канца, сталіся «Начныя дарогі» Гайто Газданава. Пісьменніка, які ў плане стылю дасканалы не менш за Яго Вялікасць Уладзіміра Набокава, але ж не настолькі ладнага ў плане ўласнага лёсу. Адукаваны не менш за Набокава, ён не здолеў напісаць сваёй «Лаліты», а таму ўсё жыццё бедаваў у Парыжы, кіруючы там… таксоўкай.
Пра Газданава забыліся на Радзіме, яшчэ 10 гадоў таму можна было знайсці хіба што «Вечар у Клэр» і цудоўны (асабліва раю!) «Прывід Аляксандра Вольфа». Цяпер выйшаў збор Газданавых твораў у чатырох тамах, яго можна знайсці ў любой электроннай бібліятэцы. У гэтым зборы з’явіўся забыты дакументальны раман, прысвечаны якраз першаму дзесяцігоддзю, якое Газданаў, былы актыўны ўдзельнік белага руху і Грамадзянскай вайны, правёў таксоўшчыкам на начных вуліцах Парыжа, паспеўшы да гэтага папрацаваць мыйшчыкам паравозаў.
Так сталася, што «Начныя дарогі» трапілі ў мае рукі адразу пасля таго, як я паглядзеў бадзёрае інтэрв’ю аднаго са свежых беларускіх уцекачоў (ягонаму лёсу я спачуваю, уласна, гэты тэкст — велізарнае падбадзёрванне тым, каго выціснулі з Беларусі). Інтэрв’ю, у якім эмігрант распавядаў, што рэжым не вытрымае, бо «ўсе разумнікі — не з ім», бо «Еўропа націсне», бо «змены непазбежныя». І вось у тую, змененую людзьмі, якія наважыліся застацца, Беларусь, збіраецца вярнуцца гэты чалавек.
«Начныя дарогі» паслядоўна абвяргаюць усе надзеі тых, хто спадзяецца пераседзець «неспакойную пару» за мяжой, думаючы, што без іхнай адукацыі і розуму краіна захлынецца.
Уласна, сітуацыя вельмі падобная — і тут, і там — грамадзянская вайна. І тут, і там — сыход з краіны найбольш таленавітых, заможных і ініцыятыўных. Тых, што палічылі, што яны прайгралі.
Першае, што абвяргаюць «Начныя дарогі», — думка пра тое, што «краіна без найлепшых — нікуды». Газданаў апісвае асобныя стаянкі таксовак у Парыжы 1930-х, на якіх збіраюцца «філосафы», «прафесары сацыяльных навук», «былыя адвакаты» і іншыя людзі, інтэлектуальны аўтарытэт якіх неаспрэчны. Яны чакаюць кліентаў і спрачаюцца — пра Канта і нават пра Ніцшэ, — усё яшчэ спадзеючыся, што іхны розум каму-небудзь акрамя іхнага бядацкага кола «былых людзей» будзе патрэбны. Савецкая Расія ў тыя часы працягвае выбудоўваць сваё чыгуннае «шчасце», і, нягледзячы на той факт, што колькасць чыноўнікаў, здольных напісаць тры сказы без пяці памылак, імкнецца да нуля, краіна жыве.
Другое горкае назіранне, якое прыводзіць Газданаў: якімі б заможнымі людзьмі ні з’язджалі з Радзімы белыя генералы, губернатары і князі, праз два-тры гады жыцця за мяжой яны непазбежна ператвараюцца ў жабракоў. Колькі б дыяментаў і даляраў яны ні прыхапілі з сабой, аказаўшыся ў новай рэальнасці, незапатрабаваныя, нікому не цікавыя, яны непазбежна марнавалі свае зберажэнні — спачатку імкнучыся ўвайсці ў мясцовыя колы роўных ім па статусе, потым — не жадаючы моцна страчваць у якасці жыцця, потым — не жадаючы замірацца з уласным бядацтвам, робячы пазыкі, якія ўжо ніколі не аддадуць.
Трэцяя прыкрасць, якая працінае тэкст, — расчараванне ў «культурнасці» Еўропы. Наракаючы на незацікаўленасць французаў у лёсавызначальных спрэчках пра пераадоленне бальшавіцкага гвалту, «былыя людзі» — паэты, ротмістры, рэжысёры і генералы — бачаць, што французам няма справы да той культуры, «каўчэгам» якой лічаць сябе гэтыя высакародныя эмігранты.
І пакуль «культурныя» бедакі топчуцца на ўваходах у кабарэ, чакаючы тых, хто можа замовіць таксоўку, у вокнах шыкоўных дамоў на Манмартры прыглушаецца святло — буржуа кладуцца спаць, так і не пачаўшы высакародных спрэчак пра Чэхава, Дастаеўскага і іншых.
Разуменне таго, што ты нікому збольшага не патрэбны за межамі Радзімы — асабліва калі твая работа — у вытворчасці культуры, а не жбаноў, — напаткае не адразу. Але нават калі ты айцішнік і добра ўладкаваны фінансава, адчуванне адарванасці ад матчынай мовы, ад людзей, якім цікавыя нашы гісторыі, нашы спевы, — вельмі балючае. Яно ператварае душу ў пустэчу.
Газданаў не вярнуўся ў СССР, пражыўшы ў выгнанні да 1971-га. Здаецца, ён так і не зрабіў асноўнай высновы з тых сумных назіранняў, якія выклаў у «Начных дарогах».
А выснова простая: краіну робяць тыя, хто ў ёй застаецца. Нават калі вельмі страшна. Калі небяспечна. Калі чырвоны тэрор.
Усім, каго запужалі, скалечылі і выціснулі, застаецца толькі роля маўклівага назіральніка.
Выключанага чалавека.
Былога грамадзяніна.
То я шчыра спадзяюся, што найлепшыя вернуцца. І Беларусь да пары іх вяртання стане месцам, прыдатным для жыцця.