Валянціна Шаўчэнка: Адна з галоўных праблем беларускага жыцця – гэта няздольнасць часам знаходзіць кампрамісы

Дарагія суайчыннікі!

Шчыра вітаю вас ад імя Згуртавання беларусаў Канады! Адразу хачу падзякаваць Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына” за магчымасць сустрэцца на Радзіме і абмеркаваць важныя для ўсіх нас пытанні, абмяняцца думкамі і знайсці новых сяброў, сустрэцца са старымі знаёмымі і адчуць яднанне беларусаў усяго свету.

Дзякуй Згуртаванню “Бацькаўшчына” за тое, што, нягледзячы на цяжкія ўмовы, арганізацыя існуе і аб’ядноўвае беларусаў! Мне здаецца, што адна з галоўных праблем беларускага жыцця як за мяжой, так і тут, у Беларусі, – гэта няздольнасць часам знаходзіць кампрамісы і паразуменне паміж сабой дзеля дасягнення агульнай мэты. Але ж Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” змагло пераадолець і гэта. Я ўпэўненая, што сярод нас, беларусаў, якія сабраліся тут, знойдзецца шмат тых, хто трымаецца нават супрацьлеглых пунктаў гледжання на розныя праблемы і пытанні, але ж таксама ўпэўненая, што дзякуючы атмасферы сяброўства, адкрытасці і добразычлівасці, створанай кіраўніцтвам ЗБС “Бацькаўшчына”, мы здолеем прыйсці да агульнага меркавання.

Але самае галоўнае цяпер менавіта для мяне – гэта тое, што ўсе ўдзельнікі справы “Белага легіёну” ўжо на волі, і ў гэтым вялікая заслуга старшыні Рады ЗБС “Бацькаўшчына” Ніны Шыдлоўскай. Патрыёт – не злачынца! Ніна, дзякуй вялікі за тое, што мужчыны, якімі мусіць ганарыцца кожная краіна, цяпер могуць абняць сваіх матуль, жонак і дзяцей!

Згуртаванне беларусаў Канады ёсць адной з найстарэйшых арганізацыяў беларускага замежжа – у наступным годзе мы будзем адзначаць 70 гадоў ЗБК. За гэтыя гады было зроблена шмат, нам ёсць чым ганарыцца. Тыя беларусы паваеннай эміграцыі, якія заснавалі нашу арганізацыю і шмат гадоў актыўна ўдзельнічалі у грамадскім жыцці (згадаю толькі некалькі імёнаў: Кастусь Акула, Мікола і Марыя Ганько, Барыс Рагуля, Алесь і Вольга Грыцукі, Вячаслаў Касцюкевіч, Раіса і Вінцэнт Жук-Грышкевічы, Барыс Кірка, Янка і Івонка Сурвіллы, Уладыка Мікалай) – усе яны былі і ёсць сапраўднымі сынамі і дочкамі нашай краіны. Яны рабілі ўсё што маглі дзеля захавання беларускай мовы, беларускай культуры і беларускага жыцця ў Канадзе і з'яўляюцца прыкладам для нас. У дзевяностыя гады рабілася шмат для дапамогі ахвярам Чарнобыля, канадскія беларусы перадавалі лекі і грошы, прымалі ў сябе беларускіх дзяцей. Гэтую эстафету падхапіла новая хваля беларускіх эмігрантаў. За апошнія 20 гадоў зроблена шмат – шматлікія палітычныя акцыі салідарнасці, культурныя і мастацкія імпрэзы, матэрыяльная і маральная дапамога тым, хто змагаецца за новую Беларусь, – цяжка пералічыць усё тое, што робіцца і, спадзяюся, будзе рабіцца беларусамі Канады.

Змяняліся пакаленні, але галоўная ідэя аб’яднання беларусаў Канады пад ідэаламі 25 сакавіка засталася нязменнай – жыве Беларусь! З гэтай нагоды абсалютна відавочна, што ў сучасных умовах наша арганізацыя не бачыць магчымым падтрымліваць стасункі з дзяржаўнымі ўстановамі і органамі. На жаль, як нам бачыцца з замежжа, не назіраецца ніякага руху ў бок дэмакратыі, не існуе механізму дэмакратычнай змены ўлады і пераемнасці палітычнай эліты. Стан беларускай мовы, якая мусіць быць дзяржаўнай у поўным сэнсе гэтага слова, вельмі сумны. Амаль зусім няма беларускамоўных школ і дзіцячых садкоў, вышэйшая адукацыя, калі не памыляюся, уся на рускай мове. Я памятаю, што яшчэ 30 гадоў таму шмат абітурыентаў валодала беларускай мовай і трымала на ёй экзамены не толькі па гуманітарных, але і па тэхнічных навуках. У такіх умовах асноўнай і адзінай формай узаемадзеяння Згуртавання беларусаў Канады і Беларусі сёння ёсць падтрымка грамадскіх арганізацыяў, якія працуюць на развіццё беларускай мовы і культуры, акцыі салідарнасці з тымі, хто абсалютна легітымна патрабуе зменаў, таму што патрыётамі ёсць не тыя, хто моўчкі пагаджаецца з усім, што адбываецца ў краіне, – патрыётам ёсць той, хто хоча змен да лепшага, у каго душа баліць за родную мову, культуру і гісторыю.

Калі казаць пра выклікі, якія стаяць перад сучаснай беларускай эміграцыяй, то, на маю думку, гэта нацыянальная самаідэнтыфікацыя беларуса. На жаль, становішча не вельмі пазітыўнае – шмат хто бачыць сябе часткай былога Савецкага Саюза, часам нават у Таронта моладзь трапляе пад расійскую прапаганду і лічыць сябе “рускімі”. Але ж мне здаецца, што толькі нацыянальная культура можа дапамагчы вырашыць гэтую праблему, і я паспрабую паказаць гэта на прыкладзе такой культурна-грамадскай з'явы, як фальклорны гурт “Яваровы людзі”. Я не памылілася, менавіта з'явы, бо “Яваровы людзі” ўжо даўно ператварыліся з мастацкага гурта ў цэнтр прыцягнення людзей шматлікіх нацыянальнасцяў, нават тых, хто не паходзіць з Беларусі, але з цягам часу пачынае адчуваць сябе беларусам.

Усе пачалося ўвесну 2001 года, калі у Канаду эмігравала сям’я Кавалёвых. Віялета Кавалёва адразу пачала гуртаваць вакол сябе людзей, якія любілі спяваць беларускія народныя песні. Ізноў хачу падкрэсліць – любілі спяваць, не абавязкова маглі спяваць. Але ў гурт прымаліся ўсе аматары беларускай песні, і праз некаторы час спявалі ўсе – хто горш, хто лепш, але задавальненне ад гэтага атрымлівалі і выканаўцы, і слухачы. Амаль адразу стварылася ядро калектыву, якое існуе да гэтага часу і да якога далучаюцца розныя людзі. Нельга сказаць, што ўсе застаюцца – у людзей змяняюцца жыццёвыя ўмовы, не заўсёды хапае часу, ды і што казаць – не ўсім хапае цярплівасці кожную сераду прыходзіць у беларускі цэнтр на рэпетыцыі. Але праз гурт прайшло больш за сто чалавек, і кожны лічыць сябе сябрам гурта. Ёсць людзі, якія наагул не спяваюць, але дапамагаюць рабіць дэкарацыі, ёсць нават свая група падтрымкі, якая прысутнічае амаль на кожным канцэрце.

Аднак “Яваровы людзі” – гэта не толькі песні. На базе гэтага гурта рабіліся спектаклі (“Год беларуса”, “То-то-то”, “Дружная капэла” і іншыя), навагоднія вечарыны, існуе танцавальная група, і ніводная імпрэза ў Беларускім культурным цэнтры не абыходзіцца без іх. “Яваровы людзі” кожны год арганізуюць свята Купалле ў беларускім цэнтры адпачынку “Слуцак”, за 250 кіламетраў ад Таронта, і гэтае Купалле цяпер ператварылася ў двухдзённы фестываль беларускай культуры, на які збіраецца паўтары сотні беларусаў. Трэба бачыць магію гэтага старажытнага абраду, здаецца, што ўсё адбываецца не ў паўночнай частцы Антарыа, а недзе ў беларускай вёсцы, і гэта прыцягвае людзей больш, чым усе палітычныя імпрэзы. А потым вельмі часта людзі далучаюцца да грамадскага жыцця, пачынаюць удзельнічаць у палітычных мерапрыемствах, размаўляць на беларускай мове. Я ўжо казала пра мову, гэта асобная гаворка. Не сакрэт, што мала хто з эмігрантаў размаўляе на роднай мове. Але праз песні мова прыходзіць да людзей так арганічна, што пачынае ліцца, як песня, пачынае жыць і гучаць.

“Яваровы людзі” бяруць удзел у канадскіх святах, яны частыя госці на фальклорных міжнацыянальных і славянскіх фестывалях, менавіта гэты гурт быў запрошаны на Парад нацый, прысвечаны 150-годдзю Канады, дзе беларусы з вялікім поспехам прайшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі пад крыламі Бусла.

З “Яваровых людзей” пачаўся канадскі праект “Мова Нанова”, які прыцягвае шмат моладзі. І, што самае галоўнае, ужо існуе дзіцячая група, куды ўваходзяць дзеці не толькі беларусаў, але і ўсіх, каго прываблівае наша культура, наша мова. Вось ужо шэсць гадоў “Яваровы людзі” запісваюць і здымаюць музычныя навагоднія відэапаштоўкі, якія адразу робяцца хітамі ў сеціве. Усё гэта прываблівае людзей, пашыраецца кола тых, хто ідэнтыфікуе сябе беларусам, людзі пачынаюць расказваць пра гурт, пачынаюць прыходзіць і прыводзіць сяброў і дзяцей. І ўжо ніякая варожая прапаганда не можа паўплываць на тых, да каго дакрануліся родныя песні, хто танчыў пад родную музыку.

Кажуць, што трэба проста рабіць сваю справу, і тады ўсё атрымаецца – і гэта праўда. Відавочна, што самаадданая праца Віялеты Кавалёвай, якая змагла аб’яднаць вакол сябе самых розных людзей і 16 гадоў кіраваць гуртом, час і энергія тых, хто ўсе гэтыя доўгія гады ўдзельнічае ў гурце, здолелі нарадзіць такую з'яву, як “Яваровы людзі”, і ёсць надзея, што Беларусь будзе жыць у Канадзе яшчэ доўгія гады, нягледзячы на ўсе выклікі сучаснасці, і што беларуская мова будзе гучаць паўсюль, дзе жывуць беларусы, у першую чаргу – у Беларусі.