1. Забіванне чалавека або падгаворы на яго знішчэнне – вялікі грэх. Ва ўсе эпохі, ва ўсіх народаў. Калі свядома ці несвядома ідзе размова пра горшае ўмінусаванне мовы народа – гэта практычна азначае знішчэнне стрыжня, сутнасці гэтага народа.
У Беларусі апошнія гады беларуская мова загнана ў прыпечак, не роўніцца за сталом з рускай мовай. Дзяржаўныя установы адсунулі яе на трыдзесятае месца ў дакументах, пасяджэннях, рашэннях.
Да якога часу няроўнасць будзе працягвацца? Дакуль мы будзем сляпыя?
Прапаную адным з дэвізаў беларускіх сабрацтваў наступны – Беларусы яднайцеся!
2. Толькі што ў Мінску прайшоў чарговы сусветны семінар рускай прэсы. У ліпені сёлетняга года. Цяжэй за ўсё жыць на свеце рускай мове на беларускай зямлі, у Мінску. Таму і праводзіўся тут такі семінар. Смехата.
У якім універсітэце Расіі ёсць кафедра беларускай мовы? Не факультэт, а проста кафедра? Такога няма. Затое ў беларускіх універсітэтах рускія кафедры мовы і літаратуры ёсць паўсямесна. Міністэрскія беларускія стараннікі няроўнасці не заўважаюць.
3. Толькі што ў Беларусі адзначалі Дзень Незалежнасці дзяржавы Беларусь. На ўсіх незалежных мерапрыемствах, у выступленнях, па тэлевізіі практычна ні слова не прагучала па-беларуску. Усё прамаўлялася на рускай мове. Нават народны спявак Анатоль Ярмоленка ні радка не праспяваў па-беларуску.
А што, беларусы сцерпяць не такое ганьбоцце.
4. Секцыі па развіцці роднай мовы ёсць у парламентах Францыі, Эстоніі, Расіі… У беларускіх парламентарыяў камісіяў і секцыяў пра становішча беларускай мовы няма. Мы і так усё ведаем.
5. Указа пра развіццё беларускай мовы ўсё яшчэ няма, пастановы Саўміна таксама няма. Трасянка паступова завалодвае жыццёвай беларускай прасторай. Прагучалае роднае слова ў таго ці іншага вяскоўца, настаўніка старанна заціскаецца, нівеліруецца тупым калькавістам, прадстаўніком радыё і тэлебачання.
6. Назавіце на Украіне ці ў Расіі якую ўстанову ці кафэ «Хахляцкая» ці «Кацапская» – вас не толькі абзавуць, выганяць з працы. У Беларусі назвалі гарэлку «Бульбяш», столькі гадоў даказвалі ў Мінскім раёне што мажліва называць харчовы комплекс «Бульбяш». Разумныя людзі плююць беларусам у твар такімі назвамі, апломбамі, безгустоўшчынай. А мы ўсё не заўважаем.
7. Плошчы імя Леніна ў Мінску дзясяткі гадоў няма, а станцыя метро імя Леніна ў Мінску існуе. Мясцовы народ звыкся з мінскім адміністрацыйным недарэкствам, а прыезджы люд плюецца і смяецца з нас. Так не паважаць сябе рэдкая нацыя дазваляе.
Начальству метрапалітэна я пісаў, доказна, з матывамі. Адказ – пустэшная пісулька. Хай гарвыканкам заменіць нам шыльды і трафарэты. У метро ўсе маленькія. Салідныя дзядзькі з саліднымі зарплатамі пагульваюцца ў невідушчасць.
8. Беларуская прэса фактычна апускаецца ў слізгатню, фактаграфію. Назавіце дзяржаўную газету, у якой маецца хоць адзін сур'ёзны крытычны матэрыял. Няма такой. У савецкія часы ні адно выданне не магло выйсці без цвіка нумара – крытыкі. Якая дзяржаўная газета разабрала за апошнія дзесяць гадоў працу хоць якога міністэрства? Нават не самое міністэрства, а яго упраўленне, аддзел? Якая абласная ці раённая газета высвятліла недахопы і промахі якога аблвыканкама, райвыканкама?
Цяпер у нас крытычнае слова практычна не бывае. Не лічыць жа за крытыку пагладжванні і агульшчыну, сюсюкванні раздабрэлай дамачкі пра тэму дабра, кахання, кошачак, сабак.
9. Пра аварыю на ЧАЭС я, грэшны, напісаў дакументальны раман (612 стар., 2013). Ні адна дзяржаўная газета ні старонкі не надрукавала пра колішнюю савецкую бязглуздасць пры праектаванні ЧАЭС, 125 агрэхаў і недахопаў пры будаванні АЭС. Цяперашняя бяззубасць беларускай прэсы красамоўна высветліла наступнае: ні адна дзяржаўная і недзяржаўная газета, часопіс не надрукавалі 5-6 старонак судовай справы над вінаватымі ў аварыі (1987). Скараціў матэрыял да 3-4 старонак, у ім спасылкі на тамы справы, на старонкі, – і не адна газета не асмелілася сказаць праўду, ні адна.
Каго яны баяцца, чаго? Матэрыял дакументальны, рускія пра гэта апублікавалі, а справядлівыя і аб'ектыўныя беларускія газетчыкі ўсё яшчэ дзьмуць у старызну, пастрахотнасць.
Болей таго, 3,5 старонкі рэцэнзіі прафесара Рагулі на чарнобыльскі раман Валера Санько ні адна газета не надрукавала. Ні адна гомельская газета не абазвалася.
Мушу сказаць і аб'ектыўную праўду, адна беларуская газета з велізарным тыражом, аж за тысячу экзэмпляраў – «Наша слова» – некалькі глаў з чарнобыльскай дакументалістыкі апублікавала. Надрукавала таксама старонкі судовага разбора.
10. Матэрыял «Не трэба байкі пра цяжкасці з ажыўленнем беларускай мовы», 6 стар., за чатыры гады не надрукавала ні адна беларуская газета.
11. Хто курыруе матэрыялы ў газетах мы ўсе ведаем, але не ведаем усёй мінусавасці, да якой даходзяць беларускія ідэолагі. Лекцыю «Прыкмета і ты», у якой паказваецца мудрасць народа і яго прыкметаў супраць лаянкі, татуіроўкі, курава, п'янства, – не дазваляе раённы галоўны ідэолаг (г. Ліда), нельга выступіць перад студэнтамі педагагічнага каледжа. Як жа, прыкметы – гэта язычніцтва, на такое выступленне патрэбна пытаць дазвол у святароў каталіцкай і праваслаўнай канфесій.
12. Прыкметы супраць утрымання кошак і сабак у гарадской кватэры не надрукавала за чатыры гады ні адна рэспубліканская, абласная, ведамасная газета. Нават скарочаны матэрыял да трох старонак не надрукавалі. А матэрыялы пра догляд кошак і сабак, корм для іх, выгульванні, карысць для дзяцей, аматары прыроды друкуюць часта. Народная мудрасць, стогадовая прыкметавасць ў беларускіх газетах адхіляецца. Чаму? Паўтараю, да чаго мы ідзём?
Дзякуй за увагу. Спадзяюся, лозунг, пра які я гаварыў упачатку, спраўдзіцца нарэшце ў нас – «Беларусы, яднайцеся!».
Валер Санько, жнівень 2017