Непадалёк ад сумнавядомага “саркафагу” Палаца Рэспублікі і ад месца, дзе некалі стаяў помнік Іосіфу Сталіну, у мінскім Палацы прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы, прэзентавалі дзве кнігі сяброў Рады БНР – Тамаша Грыба і Уладзіміра Самойлы.
Менавіта гэтымі двума аднатомнікамі распачалася падсерыя выдавецкага праекта “Бібліятэка Бацькаўшчыны” Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, якую арганізацыя заснавала сёлета сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і Нью-ёркскім беларускім інстытутам навукі і мастацтва. Аднатомнікамі, бо кожная з кніжак з’яўляецца пэўнага кшталту экстрактам аўтарскай спадчыны, якая ўпершыню выходзіць у выглядзе кнігі.
Атрымліваецца выдавецкі парадокс, бо звычайна аўтар выдае паасобныя кніжкі, з якіх пасля ўдзячныя ці не вельмі нашчадкі выбіраюць ім патрэбнае і актуальнае.
Але з серыяй “Спадчына: агледзіны” такая логіка не працуе. Папросту таму, што прэзентаваныя аўтары – і Тамаш Грыб, і Уладзімір Самойла – чакалі ўдзячных нашчадкаў дастаткова доўга. Можна спраектаваць, напрыклад, сітуацыю, калі Максім Гарэцкі гіне ў часе І сусветнай вайны і не паспявае выдаць сваю “Рунь”. А ў 2017-м нехта друкуе ягоную першую кніжку. Гучыць неверагодна, але так здарылася з Тамашом Грыбам і Уладзімірам Самойлам – найвыдатнейшымі беларускімі інтэлектуаламі даваеннага часу.
У неспакойны вераснёўскі вечар, абцяжараны тэмпераментным ураганам “Тамаш”, цёзкам аднаго з герояў прэзентацыі, да Палаца прафсаюзаў і размешчанага ў ім музея “Краіна міні” дайшлі самыя нязломныя і матываваныя. Тым не мен, вечар, безумоўна, адбыўся.
Па-над выступоўцамі, на экране, увесь час луналі абліччы вернутых з забыцця спадароў Тамаша і Уладзіміра – іх фотаздымкі, адбіткі іх рукапісаў, візітоўкі і публікацыі ў старых газетах: Наталля Гардзіенка, якая разам з нашым чалавекам у New York Public Library Лявонам Юрэвічам апякуецца новай серыяй, падрыхтавала для вечарыны адмысловы візуальны шэраг.
Да прэзентацыі падсерыі “Спадчына: агледзіны” паспела з’явіцца колькі рэцэнзій на кнігі, таму на сустрэчу былі запрошаныя і першыя крытыкі – Ганна Севярынец і Ціхан Чарнякевіч.
Даследчыца, аўтар дакументальнай біяграфіі Дубоўкі Ганна Севярынец распавяла, што яе далучэнне да творчасці Уладзіміра Самойлы адбылося з падачы Лявона Юрэвіча, які ўмее зацікавіць і заахвоціць новаю тэмаю: “Звярнулася ў чарговы раз да спадара Лявона па нейкую інфармацыю пра Алеся Дудара, а ён кажа: а ў нас Самойла выходзіць. Па шчырасці, на той час гэта мала што казала мне. Цяпер, прачытаўшы артыкулы Самойлы пра Купалу, магу сказаць, што кожны настаўнік можа спакойна браць іх за аснову да сваёй лекцыі. Так добра падабраныя цытаты, так ясна выкладзеныя думкі, што і праз сто гадоў пасля публікацыі тэксты Самойлы лепш чым якія іншыя раскрываюць Купалу”.
Літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч рэцэнзаваў кнігу лідара беларускіх эсэраў Тамаша Грыба, а ў сваім выступе акцэнтаваў увагу на тым, што лучыць абодвух першых герояў серыі “Спадчына: агледзіны”: “Тут мы найперш маем справу з прыкладамі беларускага мыслення. Лагічным было б выпусціць трэцім томам збор твораў Ігната Канчэўскага. Творы Самойлы і Канчэўскага заўжды ідуць праз коску, калі гавораць пра беларускую філасофію. Напісаныя ў часы міжчасся Сярэдняй Літвы, яны прапаноўвалі свой варыянт развіцця беларускай нацыі. Гэтаксама абедзве кнігі – узор рытарычнага майстэрства. За што б ні браліся Грыб і Самойла – трактат, эсэ, ліст, палемічны артыкул, – усё гэта выдатны прыклад жанру”.
Абодва героі серыі, як распавяла вядоўца Наталля Гардзіенка, мелі трагічны лёс – дагэтуль мы не ведаем дакладнага месца іх пахавання. На Альшанскіх могілках у Празе магіла Тамаша Грыба не знойдзеная, а Уладзімір Самойла разам з Антонам Луцкевічам і цэлай групай беларускай інтэлігенцыі быў арыштаваны ў 1939 годзе ў Вільні савецкімі энкавэдыстамі. След яго губляецца ў Мінску, дзе на 64-м годзе жыцця філосаф хутчэй за ўсё быў расстраляны.
Тым не менш іх тэксты і ў ХХІ стагоддзі застаюцца актуальнымі. Бо пісаліся яны людзьмі, якія ў надзвычай неспрыяльных і матэрыяльных, і геапалітычных умовах здолелі зрабіць многае – найперш раскрыцца як ідэолагі беларускага руху, палітыкі, навукоўцы. Іх энцыклапедычная дасведчанасць і нязломны аптымізм можа быць прыкладам і сёння – сітуацыя ўсё тая ж.
Набыць кнігу можна ў крамах:
«Акадэмкніга» (пр-т Незалежнасці, 72);
«Кнігарня пісьменніка» (вул. Казлова, 2);
«Веды» (вул. К.Маркса, 36);
«Светач» (пр-т Пераможцаў, 11);
«Цэнтральная кнігарня» (пр-т Незалежнасці, 19);
«Кнігі & кніжачкі» (пр-т Незалежнасці, 14);
«Эўрыка» (вул. Куйбышава, 75);
А таксама ў інтэрнэт-крамах knihi.by і imbryk.by.