У Польшчы выйшла манаграфія пра вытокі беларускай непакоры

„Literatury białoruskiej rodowody niepokorne“ – так называецца свежая манаграфія, якая пабачыла свет у выдавецтве Беластоцкага ўніверсітэту. Мы не марудзячы паспяшаліся падрабязней распытаць пра яе змест непасрэдна ў аўтара – вядомага варшаўскага беларусіста Андрэя Масквіна, даследчыка беларускага тэатра і літаратуры, выкладчыка кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.


Andrej_Maskvin.jpg



– Чаму такая назва? І, дарэчы, як гэту назву можна слушна перакласці на беларускую мову - „Карані (або вытокі?) непакоры ў беларускай літаратуры“?

– Па-польску слова „радавод“ азначае „карані“, але ў той самы час і тое, што будзе далей... І таму адназначна перакласці цяжка. Можа, лепш выкарыстаць два словы? „Карані і эвалюцыя/развіццё...“?

– Ці шмат часу заняла праца над кнігай? Якія аспекты жыцця і творчасці дзеячаў беларускай літаратуры ў ёй разглядаюцца?

– На працягу многіх гадоў, з 2002-га па 2018-ы, я чытаў лекцыі па гісторыі беларускай літаратуры на сваёй Kафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў Варшаўскім універсітэце. Першы семестр ахопліваў перыяд ад XI–XIII стагоддзяў да 1917 года, а другі – XX стагоддзе. У лекцыях пра XX стагоддзе я аднойчы падкрэсліў такую праблему, як супрацьдзеянне беларускай літаратуры ўладам, існуючай сістэме, і зразумеў, што гэта можа быць цікавай тэмай для манаграфіі. І калі рыхтаваў гэтую кнігу, то мяне цікавіла тэма апазіцыі і супраціву ў гісторыі беларускай літаратуры. Кнігу я напісаў у два этапы. Спачатку прыкладна за год былі створаны асобныя артыкулы, а потым, у 2019 годзе, са студзеня да верасня я напісаў другую палову кнігі. Манаграфія змяшчае дзевяць раздзелаў: яна пачынаецца з дыскусіі пра развіццё беларускай літаратуры на старонках „Нашай Нівы“ на пачатку XX стагоддзя і заканчваецца зменамі ў праграме курсу беларускай літаратуры ў школах і ўніверсітэтах XXI стагоддзя. Апошняе, як вядома, прывяло да таго, што шмат важных імёнаў для беларускай літаратуры зніклі з падручнікаў, студэнты страцілі магчымасць даведацца пра складанае развіццё беларускай літаратуры, пра рэпрэсіі ў 20–30-я гады. Змены прывялі таксама да недахопу інфармацыі пра літаратуру эмігрантаў...

– Можа, атрымалася раскапаць якія-небудзь унікальныя дакументы ці ўсталяваць нейкія нечаканыя сувязі паміж творамі, персонамі і падзеямі іхнага жыцця?

– На гэты раз я не выкарыстаў архіўныя матэрыялы. Тым больш варта памятаць, што я пішу для польскага чытача. Але праца над кнігай была складаная. Давялося, у прыватнасці, перагледзець шмат падручнікаў, выдадзеных пасля 1991 года. У выніку вымалявалася жудасная карціна таго, што адбылося, асабліва ў даследваннях пра творчасць і жыццё Алеся Адамовіча і Васіля Быкава. Асаблівае месца ў манаграфіі займаюць даследаванні таго, якія вялікія змены цэнзура ўнесла ў аповесць „Сотнікаў“. Важнае месца ў кнізе займае тэкст, прысвечаны аповесці Францішка Аляхновіча „У капцюрох ГПУ“ – я вырашыў параўнаць усе беларускія і польскія версіі і паказаць, як Аляхновіч дапаўняў іх, дадаючы новыя факты з свайго знаходжання ў Беларусі і ГУЛАГу. Вельмі важны таксама тэкст пра перапіску Ларысы Геніюш, у якім яна паказана як выдатная пісьменніца, смелая і непаўторная асоба.

Гутарыў Сяргей Кандраценка, прэс-сакратар МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“,
фота facebook.com/andriej.moskwin