Леанід Лыч пайшоў з жыцця 17 студзеня. Развітанне са знаным гісторыкам, прафесарам, доктарам гістарычных навук адбылося 19 студзеня ў памінальнай залі на Сямашка, 8/8.
На развітанне з Леанідам Лычом прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, сярод якіх былі родныя гісторыка, калегі, сябры па грамадскай дзейнасці. На развітанні прысутнічалі кіраўнік Беларускай Грэка-Каталіцкай царквы, апостальскі візітар Сяргей Гаек, выдавец Павел Жук, гісторыкі Валеры Герасімаў і Сяргей Пятровіч, бард Андрэй Мельнікаў, сябра ТБМ Мікола Лавіцкі і іншыя.
Гісторык Сяргей Пятровіч узгадаў Леаніда Лыча, як чалавека, у якога ён не вучыўся ў інстытуце гісторыі, але які быў яго настаўнікам і прыкладам па жыцці — прыкладам у любові да Беларусі.
Барду Андрэю Мельнікаву Леанід Лыч запомніўся, як вельмі ўважлівы чалавек, які ўмеў слухаць і змястоўна адказваць на пытанні. Таксама бард звярнуў увагу на тое, што Леанід Лыч быў чалавекам, які прыйшоў у беларускі свет ужо ў дарослым узросце, калі вярнуўся ў Беларусь:
“Чалавек, які прыйшоў да беларушчыны ўжо ў вельмі сталым узросце, маючы навуковую ступень...Ён імкнуўся спасцігаць беларускі свет і рабіць у ім тое, на што хапала ведаў...
Апошняя сустрэча з ім, якую запомніў — на восеньскія Дзяды-2019... Ён прыйшоў да Кальварыйскіх могілак памянуць загінулых пад час савецкіх рэпрэсіяў. Тым разам ён на могілках не выступаў — сухенькі падцягнуты дзядок у някідкай вопратцы. Адмовіўся ад прапановы яго падвезці — яму было важна прайсціся самому, штось асэнсаваць...”
Пахаваны Леанід Лыч будзе на сваёй Радзіме на Уздзенчыне на могілках у аграгарадку Магільна.