У Мінску прайшоў вечар памяці Міколы Равенскага

12 сакавіка ў Мінску ў культурніцкай прасторы „Вір“ прайшоў арганізаваны Згуртаваннем беларусаў свету „Бацькаўшчына“ вечар, прысвечаны ўганараванню памяці слыннага беларускага кампізітара, аўтара гімну „Магутны Божа“ Міколы Равенскага (5 снежня 1886 – 9 сакавіка 1953).


prysutnyja.jpg


Гімн „Магутны Божа“ сёлета стаў адным з самых часта выконваемых і папулярных беларускіх музычных твораў. На ўсплёск цікаўнасці да творчасці кампазітара вядомыя даследчыкі гісторыі беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч зрэагавалі тым, што пры канцы мінулага году выступілі ініцыятарам выдадання біяграфічнай кнігі „Мікола Равенскі“ (укладальнік – Лявон Юрэвіч), якая акрамя ўспамінаў людзей, якія блізка ведалі кампазітара, утрымлівае таксама і нотны запіс гімну.


hardzijenka.jpg

Наталля Гардзіенка


На пачатку імпрэзы даследчыца беларускай эміграцыі, навуковая рэдактарка кнігі „Мікола Равенскі“ Наталля Гардзіенка выступіла з дакладам аб жыцці і творчасці Міколы Равенскага, з якога прысутныя маглі даведацца або ўзнавіць у памяці асноўныя падзеі біяграфіі кампазітара, атрымаць уяўленне пра ягоныя выключныя чалавечыя якасці, характар і тую напраўду вялізную ролю, якую адыгрывала музыка, асабліва народная, у ягоным жыцці. Асаблівы акцэнт дакладу быў зроблены на формы ўганаравання і захавання памяці пра кампазітара.


sanko.jpg

Зміцер Санько


Выдавец Зміцер Санько, які не адзін год супрацоўнічае з калектывам даследчыкаў беларускай музыкі „Беларуская капэла“ і займаецца выданнем поўнага збору твораў Міколы Равенскага, апавёў пра цяжкасці, з якімі давялося сутыкнуцца падчас падрыхтоўкі да выдання ягонай спадчыны. Напрыклад, пра тое, што праз пажар з усёй створанай аўтарам гімну „Магутны Божа“ музыкі захавалася блізу 8%, але затое грунтоўнае даследаванне беларускіх народных песень існуе ажно ў шасці версіях.


sieviaryniec.jpg

Ганна Севярынец


Ганна Севярынец, аўтарка прадмовы да кнігі „Мікола Равенскі“, падзялілася сваімі назіраннямі аб паўстанні маштабнага запыту на беларушчыну ў маладых людзей, якія сёння менавіта там шукаюць надзею, апірышча і план дзеянняў, а таксама дадала, што гэты працэс успыхнуў не толькі ў шматлікіх асяродках Беларусі, ад дваравых супольнасцяў да мясцовых аддзяленняў сусветных карпарацый, але і ў беларускай дыяспары таксама. Пасля таго, як яна падкрэсліла, што любое, нават самае малое зерне, кінутае ў беларускую справу, не сёння дык заўтра прарастае і дае ўмалот, Наталля Гардзіенка ўручыла ёй узнагароду Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва за спрыянне папулярызацыі спадчыны беларускай эміграцыі.


uznaharodzannie.jpg

talerka.jpg

Пры канцы імпрэзы Андрусь Такінданг з Ігарам Асідчанкам праспявалі дуэтам песні з рэпертуару гурта „Рэха“, якія карысталіся ў гэтым сезоне найбольшай папулярнасцю падчас вулічных канцэртаў.


takindanh.jpg

Андрэй Такінданг і Ігар Асідчанка


Падчас імпрэзы была прэзентавана наступная кніга з „гімнавай“ серыі – „Макар Краўцоў (Касцевіч)“, прысвечаная аўтару гімна „Мы выйдзем шчыльнымі радамі“ (укладальнік – Лявон Юрэвіч, навуковая рэдактура – Наталля Гардзіенка). Гэта першая спроба стварэння біяграфіі гэтага творцы, надзвычай захапляльнай праз тое, што апошні, як выявілася, меў не абы-якія схільнасці да авантураў.

Інфармацыйны цэнтр МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“