70 гадоў таму, 31 ліпеня 1949 года, у Нью-Ёрку адбыўся арганізацыйны сход, на якім было ўтворана Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне (БАЗА). Эмігранцкай арганізацыі, якая ўжо праз год атрымала афіцыйнае прызнанне амерыканскіх уладаў, было наканавана стаць найбуйнейшай і найважнейшай у беларускім руху Злучаных Штатаў Амерыкі. Аўтарытэтны беларускі даследчык Зміцер Саўка, аўтар кнігі, прысвечанай гісторыі першых пяці дзясяткаў гадоў БАЗы (кніга сёлета пабачыла свет у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”), небеспадстаўна ўважаў даробак Задзіночання ні многа ні мала за “беларускую цывілізацыю ў Амерыцы”.
Мэтавая дзейнасць БАЗы прадугледжвае не толькі працу па даследаванні, захаванні і развіцці беларускай культуры, але таксама спрыянне ў справе дэмакратычнага развіцця Беларусі. Кіруючыся закладзенымі падчас стварэння арганізацыі прынцыпамі, БАЗА, няспынна інфармуючы грамадства і ўлады ЗША аб стане рэчаў у Беларусі, культурных здабытках беларусаў і іх унёску ў амерыканскае грамадства, аказвае яшчэ і заўважны палітычны ўплыў. Хрэстаматыйным прыкладам, да прыкладу, з’яўляецца газета “Беларус”, выдаваная БАЗА з 1950 года, – савецкая прэса мусіла з ёй лічыцца і завочна палемізаваць, не ратавала нават “жалезная заслона” (падрабязней пра гэта можна прачытаць яшчэ ў адной сёлетняй кнізе “Бібліятэкі Бацькаўшчыны”, з падсерыі “Спадчына: Агледзіны”, і тамсама заадно пазнаёміцца з нестарэючай аналітыкай са старонак газеты).
БАЗА сёння – гэта семдзесят гадоў адданага служэння мастацтву і навуцы, сотні праведзеных культурніцкіх і палітычных акцый, восем вялікіх аддзяленняў у Нью-Ёрку, Вашынгтоне і пяці штатах, а таксама шматлікія гурткі ў гарадах, дзе няма дастатковай колькасці сябраў арганізацыі для заснавання аддзяленя. А таксама безліч планаў.
13 кастрычніка ў грамадскай залі сабору Св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбудуцца ўрачыстасці з нагоды 70-гадовага юбілею Беларуска-Амерыканскага Задзіночання. Падрабязнасці будуць вядомыя пазней.
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"