У Італіі прэзентавалі першую Анталогію беларускай паэзіі XX стагоддзя на італьянскай мове

У жніўні 2019 года праект гэтай анталогіі быў з удзелам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Саюзам беларускіх пісьменнікаў прэзентаваны ў Мінску.

20 лютага 2020 года на факультэце сучасных моваў, літаратур і культур Балонскага універсітэта адбылася прэзентацыя першай Анталогіі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя на італьянскай мове «Залатая сонца калясніца» («Carro dorato del sole. Antologia della poesia bielorussa del XX secolo», CAPIREedizioni, 2020) пад рэдакцыяй Ларысы Пуцылевай. Кніга ўяўляе сабой вынік калектыўнай працы групы перакладчыкаў: П.Гальвані, Л.Вентуры, С.Логіша, С.Каралевай, М.Галаванавай, Л.Пуцылевай, М.Ферэнціна. Арыгінальныя тэксты дваццаці шасці беларускіх паэтаў, якія належаць да розных гістарычных перыядаў (ад нацыянальнага рэнесансу пачатку дваццатага стагоддзя да «сацыялістычнага рэалізму» савецкіх гадоў і перыяду постмадэрну), у кнізе змешчаны побач з перакладамі на італьянскую мову:

У беларускай паэзіі, хоць яна і мала вядомая ў Еўропе, паколькі да 1991 года заставалася ў цені дамінуючай расійскай культуры, лепш, чым ва усіх астатніх відах мастацтва, адлюстраваўся доўгі шлях да нацыянальнай ідэнтычнасці, захоўвалася на працягу стагоддзяў культурная спадчына народа з пакутнай гісторыяй. Кнігу адкрывае уступнае слова паэта Давідэ Рандоні, рэдактара серыі «I Passatori < Contrabbando di poesia», і гісторыка-культурным нарысам Л.Пуцылевай «Маладая літаратура старажытнага народа». Паэтычныя тэксты суправаджаюцца біябібліяграфічнымі нататкамі пра аўтараў.


15.jpg

Перад пачаткам прэзентацыі


У прэзентацыі бралі ўдзел прафесар А.Чэкарэлі, дацэнты А.Ньера і Л.Пуцылева, а таксама студэнты славянскага аддзялення, якія прачыталі вершы ў арыгінале, на беларускай мове, і іх пераклады на італьянскую, рускую і польскія мовы.


9.jpg


1.jpg

Спадарыня Ларыса Пуцылева са студэнтамі


Алесандра Ньера, які сам перакладае рускіх паэтаў і курыруе конкурс Балонскага універсітэта на лепшую кнігу перакладаў паэзіі, адзначыў высокую якасць перакладу, разнастайнасць стыляў перакладчыкаў, шматжанравасць прадстаўленых у анталогіі паэтычных твораў: цікавыя, але мала тыповыя для італьянскай паэзіі творы ў фальклорным стылі, як «На магiле» Пашкевiч-Цёткi, «Мужык» Я.Коласа, высока патрыятычныя, як «Пагоня» Багдановiча, «О, Беларусь, мая шыпшына» Ул.Дубоўкi, «О, Беларусь, мой край стары и слаўны» Л.Генiюш. Ён асабліва падкрэсліў экспресію М.Танка («Готыка Святой Ганны»), філасофскую разважлівасць Р.Барадулiна («Парада»), элегантнасць малых форм А.Разанава («Перакладаю шэпт дажджу», «Яблык упаў») і Э.Акулiна («Памяцi музыканта»).


14.jpg

Выступае А. Ньера


Прафесар, выкладчык польскай мовы і літаратуры Андрэа Чэкарэлі, які ўзначальвае групу італьянскіх славістаў па вывучэнню аўтапераклада, таксама адзначыў шэраг цікавых аўтараў і перакладаў. Ён спыніўся на перыядзе Адрадження, у прыватнасці на некаторых вершах Я.Купалы, напісаных па-беларуску і па-польску, бо сам перакладаў іх для нарысу прафесара Антона Марыі Раффа, які ўпершыню прапанаваў стварыць італьянскую анталогію беларускай паэзіі, але не паспеў ажыццявіць задуманае. А.Чэкарэлі падкрэсліў разнастайнасць тэмаў перакладзеных твораў, цікавасць, якая не памяншаецца да канца чытання, працытаваў вершы К.Лялько «Тое» і Я.Чыквіна «Дауно нежывы бацька...». Выступоўцамі былі адзначаны лаканічная глыбіня А.Бадака «Пад канец тысячагоддзя», пранізлівая лірычнасць Я.Янiшчыц «Не адыходзь! Цябе так многа...», паэтычная маляўнічасць Л.Дранько-Майсюка «Твае гранатавыя каралi», драматычная экспрэсія А.Сыса, сімвалічная метафізічнасць А.Глобуса «Квадрат», складаны малюнак і выразнасць Дз.Плакса, выяўленчая сіла А.Данільчык, падманлівая простасць В.Жыбуля. У канцы А.Чэкарэлі далучыўся да А.Ньера, які адзначыў вострую назіральнасць і сучасны рытм «Беларускага мужчыны» А.Хадановiча і прачытаў яго па-італьянску. Абодва заявілі пад агульны смех, што аўтар здолеў абагуліць масу «усеагульных, сусветных рысаў мужчыны ўвогуле», у тым ліку італьянскага мужчыны.


11.jpg


8.jpg

Выступае А. Чэкарэлі


Пад час прэзентацыі была прадстаўлена яшчэ адна ластаўка на італьянскім паэтычным даляглядзе – дзвюхмоўная італьянска-беларуская кніга вершаў А. Данільчык «Il canto del ghiaccio. Песня лёду» (Edizioni Controluce, 2019). Вялікую цікавасць выклікаў верш «Савецкія жанчыны», які прачыталі па-італьянску.


Aksana Copertina.jpg


На жаль, не адбыліся з-за карантыну Covid-19 запланаваныя прэзентацыі для шырокай публікі, таму выдавец Р.Казадзеі прэзентаваў Анталогію ў фэйсбуку 3 красавіка ў інтэрв'ю з куратарам паэтычнай серыі выдавецтва «CAPIREеdizioni» паэтам Давідэ Рандані і адзначыў несумненную паэтычную каштоўнасць перакладзеных твораў. Ён ацаніў цікавыя вершы паэтаў пакалення 90-ых гг. і назваў кнігу «акном у новы паэтычны свет» для італьянскага чытача. Аднак, хочацца дадаць, што наўрад ці гэта, на нашу думку, можна лічыць кампліментам для беларускай паэзіі і культуры наогул. Даводзіцца з горыччу канстатаваць, што Рэспубліка Беларусь сапраўды дагэтуль застаецца «новым невядомым светам» для Італіі, паколькі практычна не папулярызуе сваю культуру і гісторыю. Амбасада РБ не падтрымлівае сувязі са славістамі універсітэтаў, з адзіным колам людзей, якія маглі б быць зацікаўленыя ў распаўсюджванні ведаў пра Беларусь, у развіцці культурных кантактаў. Мне гэта вядома з ўласнага досведу працы ў адным з найбуйнейшых і самых аўтарытэтных еўрапейскіх універсітэтаў, у Балонскім універсітэце «Альма Матэр Студыёрум». Не праводзяцца дні культуры, выставы і сустрэчы, няма курсаў беларускай мовы, у выніку сама краіна застаецца ў невядомасці: яе пастаянна блытаюць з Расіяй.


10.jpg

Спадарыня Ларыса Пуцылева з перакладчыцамі Святланай Кавалёвай і Маяй Галаванавай


16.jpg


4.jpg

Удзельнікі прэзентацыі


Хочацца верыць усё ж, што нешта зменіцца да лепшага, увесь наш калектыў перакладчыкаў выказвае надзею, што гэтае выданне будзе важным і цікавым не толькі для ўніверсітэцкіх славістаў, але і для ўсіх італьянскіх чытачоў, якія хочуць адкрыць новы і захапляльны свет беларускай паэзіі.


2.jpg


3.jpg


6.jpg


7.jpg

Гучаць вершы беларускіх паэтаў


На заканчэнне я хацела б прывесці тут неардынарнае меркаванне вядомага паэта і грамадскага дзеяча Давідэ Рандоні, выказанае ім у прадмове да кнігі.

Ларыса Пуцылева




Давiдэ Рaндонi

Прадмова да кнiгi Il carro dorato del sole. Antologia della poesia bielorussa del XX secolo.

Голас беларускай паэзіі мае бясспрэчны акцэнт зямлі без дакладных абрысаў, паколькі яна завёцца свабода. Зямлі, змучанай болем, дзе галасы паэтаў уцягнутыя ў пакутны лёс свайго народа настолькі, што многія з так званых сучасных паэтаў, засяроджаных на ўласным эга і мове, не змаглі б іх нават зразумець.


Davide-Rondoni_.jpg


Але насамрэч, анталогія такой паэзіі – жыватворчая, яна адкрывае выразную прастору супольнасці і адказнасці ў гісторыі, тое, што часта адсутнічае у паэзіі постмадэрну, ужо стомленай ад сваіх уласных манер, з рухам паміж спальняй і сталовай з кававаркай.

Натуральна, гаворка ідзе абсалютна не пра тое, каб супрацьпаставіць паэзію пра гісторыю (і ў гісторыі) паэзіі індывідуальнай і інтымнай, а пра тое, каб «вымераць» дух, які яе, паэзію, натхняе. Той дух, які можа знайсці ўвасабленне ў вельмі розных асобах: вялікім насычаным М.Багдановiчы, сястры міласэрнасці А.Пашкевiч, якая памерла ў гады Першай сусветнай вайны, У.Дубоўку, які меў дваццаць пяць гадоў высылкі ў Сібіры і на Далёкім Усходзе, і, з другога боку, П.Броўка, які заўсёды быў у саюзе з Крамлём, з яго гімнам каханню, дзе «пахне чабор». А яшчэ няўлоўная Ларыса Генiюш, якая стварыла вобраз «залатой сонца калясніцы», і глыбокі У.Някляеў, адзін са стваральнікаў руху «Гавары праўду», які піша «Цела на Захад, а кроў выцякае на ўсход. / Мёртвы народ сам сябе ўжо ня помнiць жывога», заклікаючы да «Бога беларускага». А вось яшчэ арыгінальная іронія А.Разанава, экстрэмальныя пытанні таленавітай Я.Янiшчыц, з загадкай самазабойства ў саракагадовым веку, і ўсе астатнія...

Перад вамі кніга – багатая, высокая, імклівая, як палёт над невядомай зямлёй, жывая даніна мове і гордаму народу; кніга, якая можа выклікаць у многіх як здаровую зацікаўленасць, гэтак і параніць або ўзрадаваць – кожнага ў асабістым куточку душы.

Il carro dorato del sole. Antologia della poesia bielorussa del XX secolo. A cura di Larisa Poutsileva /Зaлaтая сонца кaляснiца. Антaлогiя белaрускай пaэзii ХХ века. Пaд рэд. Л.Пуцылевай, CAPIREedizioni, 2020 (Фарлi, Iталiя)