6 красавіка адбылося ўручэньне Мэдалёў да стагодзьдзя БНР у Атаве, сталіцы Канады.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла ўручыла мэдалі ўладыку Сьвятаславу (Логіну), дзеячам беларускае дыяспары ў Канадзе Пятру Мурзёнку, Валянціне Шаўчэнцы і Анатолю Храноўскаму, а таксама праваабаронцу Дэвіду Кілгуру.
Уладыка Сьвятаслаў (Логін) – архіяпіскап і першагіерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, духоўны лідар вернікаў БАПЦ.
Доктар Пётра Мурзёнак – паэт і актыўны дзеяч беларускае дыяспары ў Канадзе, старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады ў 2001 – 2005 гг.
Валянціна Шаўчэнка – адна зь лідараў беларускае грамады Канады, шматгадовая старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады, вядомая сваёй грамадзкай і творчай актыўнасьцю.
Анатоль Храноўскі – прадстаўнік старога пакаленьня беларускае дыяспары ў Канадзе, на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў актывіст і кіраўнік беларускае грамады ў Квэбэку. За пана Храноўскага, які ня змог прысутнічаць на мерапрыемстве, мэдаль атрымаў ягоны сын.
Дэвід Кілгур – канадзкі палітык і праваабаронца, былы дэпутат парлямэнта Канады, які на працягу сваёй кар’еры актыўна займаўся праблемамі правоў чалавека ў Беларусі і праявіў сябе як вялікі шчыры сябар Беларусі.
radabnr.org,
фота Алесь Каралькевіч