Як зрабіць так, каб арганізацыя, якую ты ствараеш, праіснавала 65 гадоў? Фактычна без сродкаў, без памяшкання, дзяржаўнай падтрымкі з разуменнем важнасці тваёй працы.
З вельмі слабым жаданнем сябраў плаціць складкі. Ды і сябры тваёй арганізацыі толькі этымалагічна маюць паміж сабой прыяцельскія стасункі, а на справе часам здаецца, што неўзабаве ўсяму канец. Гісторыя Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, апісаная Наталляй Гардзіенка і Лявонам Юрэвічам у кнізе “Хронікі БІНІМ”, шмат у чым павучальная. Але, што важна, мае аптымістычны фінал.
Траўматычная “біяграфія” беларускай паваеннай эміграцыі, шмат у якіх аспектах раскрытая менавіта дзякуючы згаданым суаўтарам, наогул не выглядае чымсьці “спецыфічна эміграцыйным”. Сюжэты з няпростым стварэннем і функцыянаваннем грамадскіх арганізацыяў, цэркваў, палітычных партый беларускай дыяспары на чужыне мелі цэлую купу непамысных спадарожных акалічнасцяў. Але траўматычнасць паўставання гэтых інстытуцый была ў пэўным сэнсе наканаваннем з прычыны таго, што ўсё гэта мела вельмі слабую традыцыю ў беларускім мінулым. Бо чарпануць да вайны беларускай дэмакратыі не было адкуль – засыпалі чалавечымі косткамі яе крыніцы.
Безумоўна, у свядомасці ставаральнікаў БІНІМа быў прыклад іншых народаў, якія яшчэ да вайны заклалі на эміграцыі свае навуковыя інстытуцыі і нават акадэміі. Беларусы ж маглі разбудоўваць сваю акадэмію, арыентуючыся на Інбелкульт 1920-х (эмігранты-“ўсходнікі”) альбо на культурніцкія арганізацыі міжваеннай Вільні (“заходнікі”). Ці хутчэй нават на вобраз гэтых інстытуцый, чым на іх саміх.
Што дапамагала БІНІМу набыць устойлівасць, дык гэта трывалая, бескарыслівая самаахвярнасць паасобных працаўнікоў інстытута. Імёны іх вядомыя: Антон Адамовіч, Наталля Арсеннева, Вітаўт Тумаш, Вітаўт Кіпель і Янка Запруднік. Менавіта гэтыя пяць арганізатараў здолелі згуртаваць даволі разасобленую і раздробленую пасляваенную беларускую эміграцыю на аснове больш ці менш апалітычнай навукова-культурніцкай дзейнасці. Апалітычнай унутрана, але палітычнай навонкі, бо зразумела, што арганізацыя была нацыянальна-арыентаванай і антысавецкай. З іншага боку, антысавецкасць яе вельмі часта палягала ў тым, каб падаваць чытачу інакшы, адрозны ад савецкага, варыянт беларускай гісторыі а таксама друкаваць навуковыя і культурніцкія тэксты без ідэалагічнага фальшу. Перадусім я маю тут на ўвазе асноўны часопіс інстытута – “Запісы БІНІМ”, які паспяхова выдаецца дагэтуль.
Але адкаснемся ад філасофстваванняў і звернемся да кнігі.
Як і заўсёды, калі згадваюцца прозвішчы Гардзіенка і Юрэвіч, кніга перарастае ў нешта большае за звычайны тэматычны блок сшытых і пераплеценых старонак. Тэма не можа тут разгортвацца толькі ў адным ключы. “Хронікі БІНІМ” толькі часткова з’яўляюцца гісторыяй арганізацыі, выкладзенай храналагічна, ад часу заснавання да цяпершчыны. Кніга моцна стэрэаскапічная, з самымі рознымі падыходамі.
Па-першае, аўтарскаму тэксту заўсёды спадарожнічае цытата з архіўнага дакумента, пераважна эпісталярнага альбо стэнаграфічнага. Гэта стварае ў чытача эфект прысутнасці.
Па-другое, яшчэ адным, схаваным трэцім аўтарам кнігі з’яўляецца патрыярх эміграцыі і, у апошнія трыццаць пяць гадоў, кіраўнік БІНІМа Вітаўт Кіпель. Па кнізе рассыпаныя некалькі дзясяткаў яго дапаўненняў і ўдакладненняў што да асноўнага тэксту: рэмаркі, тлумачэнні, каментары ў самым шырокім значэнні гэтага слова. Гэтым усё прамоўленае верыфікуецца яшчэ раз, і сведчанні вельмі надзейныя.
Па-трэцяе, “Хронікі БІНІМ” – гэта архіўны даведнік, гайд па старых дакументах арганізацыі. Асобным раздзелам у кнізе пададзеныя ўсе даступныя новаму даследчыку фонды, з якіх можна скласці сваю гісторыю. Альбо дапоўніць расказаную.
Па-чацвёртае, гэта біяграфічны даведнік, дзе пададзеныя жыццяпісы ўсіх кіраўнікоў, супрацоўнікаў і сябраў арганізацыі.
Па-пятае, гэта бібліяграфічны даведнік па асноўным выданні БІНІМа – “Запісах”. Усе нумары з 1952 па 2016 год распісаныя паартыкульна, з нумараваннем старонак – так, каб будучаму студэнту ці аспіранту, якія захочуць даследаваць беларускую эміграцыю, не трэба было ісці ў сховішчы і бібліятэкі гартаць старыя падшыўкі. Цяпер усе “Запісы” пад рукой.
Па-шостае, гэта не толькі аўтарскі наратыў Гардзіенка, Кіпеля і Юрэвіча, але і погляд збоку, бо чытач знойдзе тут успаміны і сведчанні пра БІНІМ “з усіх краёў, з усіх народаў свету”: ад губернатараў штата і прафесараў Оксфарда і Гарварда да дырэктара сярэдняй школы горада Міёры.
Такая шматслойнасць кнігі (дадаткі фактычна займаюць палову яе аб’ёму) цікавая нават і важнымі лірычнымі адступленнямі, у якіх хаваюцца каштоўныя, як дыяменты, дэталі. Пра сваю працу ў Нью-ёркскай публічнай бібліятэцы (NYPL) успамінае Вітаўт Кіпель:
“У бібліятэцы бываў ён [Францішак Кушаль] зранку, а гадзіне першай ці другой сыходзіў, ішоў на працу. Адзін ягоны побыт мне прыпамінаецца асабліва. Зайшоў Кушаль да мяне ў навуковы аддзел, сказаў, што сёння працаваць з бібліятэчным матэрыялам не зможа – вельмі ўсхваляваны й хацеў бы са мной выйсці разам паснедаць. Я згадзіўся – бачыў, што яму сапраўды неспакойна. І вось, калі мы замовілі сняданак у бібліятэчнай кафетэрыі, Францішак Кушаль прызнаўся ў прычыне свайго хвалявання: два дні таму ён чытаў раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, і што твор зрабіў на яго такое моцнае ўражанне, што не можна ні на чым сканцэнтравацца! Тут жа ён мне “загадаў” твор прачытаць ды праз колькі дзён зноў спаткацца, каб раман прадыскутаваць. Гэтак яно й было”.
Гэта – наконт таго, якімі далёкімі былі эмігранты ад Беларусі. Ды не, якраз звязаныя яны былі з ёю, намёртва. І 70-гадовы стары, якога, за сукупнасцю ўражанняў за жыццё, наўрад ці назавеш рамантыкам, рэагуе на раман Караткевіча як 15-гадовы школьнік. Ды і наогул – чым яшчэ заняцца ў “Вялікім яблыку” на Пятай авеню ў сярэдзіне шасцідзясятых, як не абмеркаваннем “Каласоў”?
Менавіта ў гэтай адсутнасці мяжы бачыцца прычына таго, як лёгка шматтысячастаронкавы беларускі тэкст эміграцыйнага жыцця, выведзены з архіваў вышэйзгаданымі суаўтарамі, кладзецца сёння на вока чытачу. Ён – свой. Цалкам зразумелы і блізкі. Можа быць, нашмат больш зразумелы, чым гісторыя самой Беларусі.