Сяргей Пульша: “У нас дагэтуль успрымаюць імігрантаў як «здраднікаў»”

Ні для каго не сакрэт, што беларусы масава з’язджаюць з «краіны для жыцця» і «сацыяльна арыентаванай дзяржавы». Тут не трэба быць сацыёлагам альбо шукаць нейкую статыстыку, трэба толькі азірнуцца навокал. Прынамсі, у мяне сяброў і знаёмых, якія цяпер стала жывуць у замежжы, больш, чым у Беларусі.


01-img_20191207_172022_logo_1.jpg

Беларусы Канады


Ні для каго не сакрэт, што беларусы масава з’язджаюць з «краіны для жыцця» і «сацыяльна арыентаванай дзяржавы». Тут не трэба быць сацыёлагам альбо шукаць нейкую статыстыку, трэба толькі азірнуцца навокал. Прынамсі, у мяне сяброў і знаёмых, якія цяпер стала жывуць у замежжы, больш, чым у Беларусі.

Прычынаў для ад’езду багата. Гэта і стагнацыя эканомікі, і немагчымасць рэалізаваць свае праекты. А тое і ўвогуле «нязгода з дзеючым кіраўніком дзяржавы». У нейкай ступені паўплывала і «праграма Каліноўскага», і выгнаны ў Вільню Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Пачыналася ўсё як «кузня адукаваных і дасведчаных кадраў для дэмакратычнай Беларусі». Але дэмакратыя ў Беларусі так і не настала (можа і «дзякуючы» адтоку актыўных і крэатыўных маладзёнаў у гэтыя праграмы). А таму ў Беларусі гэтым «адукаваным і крэатыўным» няма дзе прымяніць свае веды і здольнасці.

У нармальнай краіне, канешне, дзяржава, «маці-радзіма», была б зацікаўленая ў дасведчаных, маладых і поўных працоўнага энтузіязму кадрах. Але — не ў нас. У нас дагэтуль, па старой савецкай завядзёнцы, успрымаюць імігрантаў як «здраднікаў». Увогуле, узнікае адчуванне, што дзяржава кажа: «З’ехалі — дый добра».

У той жа час, нібыта, дзяржава і клапоціцца пра беларусаў замежжа. Фармальна, у нас існуюць, напрыклад, Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа пры МЗС, падпраграма «Беларусы ў свеце», якая з’яўляецца часткай праграмы «Культура Беларусі», газета «Голас Радзімы», і нават закон «Аб беларусах замежжа». Але, па-першае, сам гэты закон быў прыняты шмат у чым дзякуючы таму ж Міжнароднаму грамадскаму аб’яднанню “Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»”, структуры, якая, падаецца, адзіная, што клапоціцца пра нашых суайчыннікаў за мяжой, а па-другое — ці дастаткова такіх фармальных захадаў у дачыненнях з нашай дыяспарай?

Мы нават дакладна не ведаем, колькі ў свеце беларусаў-замежнікаў! Паводле звестак Міністэрства замежных спраў, колькасць беларусаў у свеце — каля 2,5 мільёна чалавек, большасць якіх жыве ў суседніх і гістарычна звязаных з Беларуссю краінах — Расія, дзяржавы Балтыі, Украіна, Польшча, Казахстан, Узбекістан, Малдова. Паводле іншых дадзеных, у 73 краінах свету жыве 3,5 мільёна беларусаў. Куды з-пад «дзяржаўнага кантролю» выпаў цэлы мільён чалавек?

У наш час усе суседзі асэнсавалі патэнцыял сваіх суайчыннікаў за мяжой. Знаная «карта паляка», Украіна ўвяла ў дзеянне «статус замежнага ўкраінца», Расія ўвогуле абмяркоўвае праекты па раздачы сваіх пашпартоў ці не ўсім рускамоўным. А Беларусь?


02-69878437_742427406275767_8034825337600737280_o_logo_1.jpg

У Саўт-Рыверы, што з’яўляецца адным з цэнтраў беларускай эміграцыі ў ЗША, ушанавалі памяці паўстанцаў Слуцкага збройнага чыну 1920 года. 8 снежня 2019 года


Тое ж ЗБС «Бацькаўшчына» больш за дзесяцігоддзе лабіруе прыняцце «карты беларуса» альбо «пасведчанне беларуса замежжа»: хаця б для таго, каб нашы суайчыннікі маглі наведваць Радзіму без візаў. У мінулым годзе арганізацыя накіравала 13 старонак (!) прапановаў па зменах у беларускае заканадаўства, якія б спрасцілі жыццё беларусаў замежжа, прынамсі, на Радзіме. Але Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі на гэтыя прапановы адказаў: неабходнае іх дадатковае вывучэнне. Гэтая неабходнасць звязаная (увага!) «з пазіцыяй Канстытуцыйнага суда Беларусі ў дачыненні да дзейнага ў Польшчы закона «Аб карце паляка». Суд лічыць, што паданне льгот і прывілеяў замежным грамадзянам — уладальнікам «карты паляка» супярэчыць палажэнням шэрагу міжнародных дагавораў і агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права».

Так і хочацца накіраваць гэты адказ у праграму «Дзе логіка?», што ідзе па ТНТ. Можа, там патлумачаць, якое дачыненне «карта паляка» мае да мажлівай «карты беларуса»? Калі «карта паляка» нечаму супярэчыць — гэта праблема палякаў. Пры чым тут пазіцыя Канстытуцыйнага суда па іншым — замежным! — дакуменце?

У час VII з’езду беларусаў свету ў 2017 годзе, выступаючы з яго трыбуны, кіраўнік МЗС Уладзімір Макей зазначыў, што дыяспара — гэта «мяккая, але магутная і велізарная сіла, здольная адстойваць інтарэсы народа Беларусі і мацаваць незалежнасць дзяржавы». І гэта сапраўды так. Сённяшнія імігранты, можа быць, і не імкнуцца яднацца ў нейкія структуры, ствараць беларускія суполкі і арганізацыі ў краінах побыту. Выглядае, што яны — самі па сабе. Аднак, як толькі ўзнікла «паглыбленая інтэграцыя» і паўстала пагроза незалежнасці Беларусі, па ўсім свеце пракацілася хваля пікетаў і акцый у падтрымку суверэнітэту краіны.


03-77085850_742368236281684_2776283481657835520_o_1.jpg

У Ню-Ёрку беларусы Амерікі пратэставалі супраць паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі. 9 снежня 2019 года.


А што робіць краіна для дыяспары? На тым жа з’ездзе беларусаў свету ўладам прапанавалі распрацаваць і прыняць Дзяржаўную стратэгію супрацоўніцтва з беларусамі замежжа на перыяд да 2025 года». Канцэпцыя гэтай стратэгіі прадугледжвае падтрымку дыяспары, пашырэнне правоў і магчымасцяў «замежных беларусаў» на Радзіме і заахвочванне новых імігрантаў браць актыўны ўдзел у арганізаваных беларускіх суполках. Ну і, канешне, «больш актыўна выкарыстоўваць пасярэдніцкі патэнцыял дыяспары».

Але, нягледзячы на тое, што прапановы былі выказаныя амаль тры гады таму, прыняцце такой стратэгіі, — не блізкі свет. Як паведаміла «Новаму Часу» кіраўніца МГА ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская, цяпер распрацоўваецца новая дзяржаўная праграма, што будзе закранаць і пытанні дыяспары. Яна павінна пачаць дзейнічаць з 2021 года, і МЗС Беларусі ўжо заахвоціў зацікаўленыя арганізацыі падаваць свае прапановы па змесце гэтага дакумента. Зразумела, прадстаўнікі «Бацькаўшчыны» такія прапановы падалі. І яны ўтрымліваюць багата рэчаў з канцэпцыі стратэгіі супрацоўніцтва з беларусамі замежжа.

Па словах Алены Макоўскай, пакуль нават не вядома, будзе гэта асобная праграма, ці, як і раней, падпраграма ў раздзеле праграмы «Культура». «Мы вельмі спадзяемся, што гэта будзе асобная праграма, бо падпраграма закранае толькі культурныя пытанні. Але вопыт іншых краінаў сведчыць, што супрацоўніцтва павінна быць шырэйшым, у шмат якіх кірунках — гэта і эканамічны, і інтэлектуальны, гэта пабудова даверу паміж дзяржавай і дыяспарай, розныя кірункі», — кажа яна.

Паводле Алены Макоўскай, асобнай стратэгіі супрацоўніцтва з беларусамі замежжа чакаць пакуль не варта. Не варта чакаць і «карты беларуса», што вельмі прыкра. Бо які давер можа быць у суайчынніка за мяжой да «маці-радзімы», калі наведаць гэтую «маці» ён можа толькі па візе, альбо — на кароткі тэрмін, — скарыстаўшыся «бязвізам»? Атрымліваецца, што наш суайчыннік дэ-факта прыроўнены да простага замежніка.

Пакуль, на жаль, ёсць сталае ўражанне, што ўлада Сінявокай — зноў жа, у адрозненне ад суседзяў, — проста не хоча асэнсоўваць патэнцыял дыяспары. І наша «мяккая сіла» так і застаецца рэзервам на будучыню.

Паводле Сяргея Пульшы, novychas.by