Сябра Рады „Бацькаўшчыны“ Павел Ляхновіч атрымаў міжнародную літаратурную ўзнагароду

Прэмію „Світ Пограниччя“ спадар Павел атрымаў „за непераўзыдзеныя пераклады на беларускую мову і папулярызацыю сучаснай літаратуры суседніх з Беларуссю народаў“.

Са словаў самога перакладчыка, ніякіх адмысловых намаганняў, каб атрымаць прэмію, ён не рабіў, узнагарода сталася для яго поўным сюрпрызам. Нават пра тое, што цяпер ён лаўрэат „Світу Пограниччя“, Павел Ляхновіч даведаўся ад польскага калегі Войцеха Пэсткі, кнігу якога „Да сустрэчы ў пекле“ таксама пераклаў быў на беларускую мову.

Міжнародная літаратурна-мастацкая прэмія „Світ Пограниччя“ была заснавана ва Украіне ў 2015 годзе. Ад 2018 году заснавальнікамі прэміі выступаюць Міжнародная літаратурна-мастацкая акадэмія Украіны і грамадская арганізацыя „Чумацький віз“. Прэміяй адзначаюць украінскіх і замежных пісьменнікаў, навукоўцаў, перакладчыкаў, мастакоў і людзей, якія спрыяюць развіццю нацыянальных мастацтваў і ўзаемнаму абмену культурнымі каштоўнасцямі, робячы іх агульначалавечым здабыткам.

Усяго на перакладчыцкім рахунку Паўла Ляхновіча дзясяткі твораў. Ён пераклаў на расейскую мову ўвесь цыкл раманаў Людмілы Рублеўскай аб прыгодах Пранціша Вырвіча, з польскай на беларускую – 70 апавяданняў празаіка Збігнева Уладзімежа Фрончка, кнігу Альдона Дзенцёла „На літаратурнай Любельшчыне“, раман „З Богам у Расеі“ Вальтара Цішка ды іншыя творы. Акрамя гэтага, спадар Павел часта выступае аўтарам уласных апавяданняў і аповесцяў, мае больш за пяць выдадзеных кніг.

Ад імя Згуртавання „Бацькаўшчына“ шчыра віншуем спадара Паўла Ляхновіча з прэміяй і зычым натхнення, плёну, новых перамог і мастацкіх вяршыняў!

Інфармацыйны цэнтр МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“