“Суценёры, рэкецёры і кааператыўшчыкі”. Пяты выпуск “Запісаў і дзённікаў” Рыгора Барадуліна ўжо ў продажы

У супольнай серыі ЗБС “Бацькаўшчына” і “Саюза беларускіх пісьменнікаў” убачыў свет ужо пяты выпуск “Дзённікаў і запісаў” народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

З нататкаў, якія дзядзька Рыгор рабіў цягам усяго жыцця, у гэты том укладальніца Наталля Давыдзенка адабрала толькі зробленыя ў 1989–1991 гг. Бо падзеі гэтых трох гадоў сталі вызначальнымі і для Беларусі, і моцна паўплывалі на далейшае жыццё самога Рыгора Барадуліна.

Вядома, як і ў ранейшых выпусках запісаў, чытача не пакінуць абыякавымі вандроўныя нататкі Дзядзькі Рыгора, зробленыя ў Польшчы, Францыі, а тым больш у Кітаі. Вандроўкі ў Эстонскую, Украінскую, Кіргізскую, Туркменскую, Узбекскую, Літоўскую, Малдоўскую і Латышскую ССРы сталі для пісьменніка апошнімі – бліжэй да канца кнігі гэтыя краіны пакрысе знікаюць з палітычнай мапы свету, як і БССР. Замест паўстаюць маладыя незалежныя дзяржавы. Першыя нясмелыя крокі незалежнай Рэспублікі Беларусь, поўныя трывожных чаканняў і светлых надзеяў, набылі вельмі яскравае адлюстраванне ў паэтавых дзённіках.


_DSC0318-asn.jpg


Неспадзяваная “перабудова” і нечуваная “галоснасць”. Вострыя мітынгі ў Курапатах і шматлюдныя шэсці ў гадавіну Чарнобыльскай аварыі. Сяброўства ў Беларускім Народным Фронце і прэзідэнцтва ў новаствораным Беларускім ПЭН-Цэнтры. Сусветны кангрэс беларусістаў з удзелам прадстаўнікоў эміргацыі і падпісанне Белавежскага пагаднення. А яшчэ інфляцыя, талоны на прадукты, “суценёры, рэкецёры і кааператыўшчыкі”, больш за сем дзясяткаў не ўключаных у ранейшыя зборнікі вершаў і шмат іншага чакае чытача на старонках новага і, па словах укладальніцы Наталлі Давыдзенка, не апошняга выпуску “Дзённікаў і запісаў” дзядзькі Рыгора.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


Шукайце пяты выпуск “Дзённікаў і запісаў” Рыгора Барадуліна ў мінскіх крамах:

  • “Цэнтральны кніжны” (пр-т Незалежнасці, 19)

  • “Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72)

  • “Светач” (пр-т Пераможцаў, 11)

  • “Веды” (вул. К. Маркса, 36)

  • “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2).

А таксама замаўляйце праз інтэрнэт-краму knihi.by.