Пайшла з жыцця Ірына Капчынская – старшыня Камітэта Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі па захаванні і папулярызацыі нацыянальнай культуры беларусаў, сябра Рады Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Масквы”, стваральніца і нязменная кіраўніца беларускага фальклорнага ансамбля “Кірмаш”.
Спадарыня Ірына Капчынская была вялікім экспертам па беларускай этнічнай музыцы, валодала вялікім архівам фальклорных матэрыялаў і стварыла ўнікальную аўтарскую калекцыю беларускіх касцюмаў. Шмат выступала – за дваццацігадовую гісторыю ансамбль “Кірмаш” сотні разоў быў узнагароджаны дыпломамі, граматамі і падзякамі. Апошнім часам Ірына Капчынская рапрацоўвала праекты па выучэнні і папулярызацыі беларускай культуры ў шэрагу гуманітарных вышэйшых навучальных установах Расіі.За вялікую працу па захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны беларусаў у Расіі Ірына Капчынская была ўзнагароджана дзяржаўнай узнагародай Беларусі – медалём Францыска Скарыны.
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Ірыны Германаўны.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”