Што трэба рабіць, каб вылучыцца назіральнікам за выбарамі ў замежжы? „Спатрэбіцца просты ліст паперы“

Да „Бацькаўшчыны“ звярнуліся беларусы замежжа з просьбай даведацца, як стаць назіральнікам за выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у іншых краінах. Мы накіравалі пытанні ў Цэнтрвыбаркам і неўзабаве атрымалі ліст, падпісаны старшынёй камісіі Лідзіяй Ярмошынай з тлумачэннямі момантаў у заканадаўстве, якія да гэтага падаваліся няяснымі. Выглядае, што для поспеху, акрамя пашпарту і даверу суграмадзянаў, спатрэбіцца ўсяго толькі аркуш паперы.

Сярод іншага, нас цікавіла, ці можа вылучаць назіральнікаў на выбарах Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“ – міжнародная арганізацыя з чальцамі ў розных краінах свету.

Высветлілася, што „на пасяджэннях утворанай за межамі Рэспублікі Беларусь участковай камісіі, як і пры галасаванні, акрамя давераных асоб кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і замежных (міжнародных) наглядальнікаў, акрэдытаваных Цэнтральнай камісіяй, маюць права прысутнічаць наглядальнікі толькі ад грамадзян (не менш 10 чалавек)“ (пункт 7 пастановы Цэнтральнай камісіі ад 8 мая 2020 г. №17: http://www.rec.gov.by/sites/default/files/pdf/2020/post17.pdf).

А таксама, што „да выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі замежнага ўчастка для галасавання i маюць права накіроўваць наглядальнікаў на адпаведны ўчастак для галасавання, адносяцца грамадзяне, якія знаходзяцца на консульскім уліку на дату падачы заявы, а таксама грамадзяне, якіх уключылі ў спіс выбаршчыкаў пры прад’яўленні пашпарта і дакумента аб пражыванні на тэрыторыі замежнай дзяржавы.

Як бачыце, пражываць на тэрыторыі замежнага ўчастка для галасавання неабавязкова. Пры гэтым яшчэ і пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь можа быць любой серыі.

Далей – прасцей:

Абраўшы ўчастак для галасавання, трэба на звычайным аркушы паперы напісаць заяву на імя старшыні выбарчай камісіі:

«Прашу зарэгістраваць мяне назіральнікам на ўчастку №___ як прадстаўніка грамадзянаў, звесткі пра якіх прыведзены ніжэй (Прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас і подпіс)»

На заяве мусіць быць самае меншае 10 подпісаў пражываючых на тэрыторыі ўчастку.

З гэтай паперай і пашпартам трэба прыйсці на ўчастак у прамежку ад пачатку папярэдняга галасавання да апошніх хвілінаў да закрыцця ўчастку ў асноўны дзень галасавання.

Старшыня выбарчай камісіі ўносіць звесткі пра назіральніка ў адмысловы журнал, пасля чаго грамадзянін можа прыступаць да маніторынгу“.

Спадзяемся, атрыманая інфармацыя дапаможа нашым суродзічам. Праўда, ужо цяпер вядома, што на некаторых выбарчых участках у замежжы ахвотным стаць назіральнікамі было адмоўлена.

Мы будзем рады зваротнай сувязі. Паведамляйце, ці атрымалася ў вас, кіруючыся інструкцыяй ад Лідзіі Ярмошынай, стаць назіральнікам.

Інфармацыйны цэнтр МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“,
фота – РІА „Новости“