Што мы ведаем пра аўтара гімна «Магутны Божа»? Выйшла кніга пра Міколу Равенскага

Сёння «Магутны Божа» можна пачуць у мінскіх дварах, у метро, у гандлёвых цэнтрах, у цэрквах, на партыйных сходах. Беларусы спяваюць «Магутны Божа» на ўсіх кантынентах у дыяспарных асяродках — ну, можа, апроч Антарктыды.


02-1509b8f0375ae8f9fa6f2d35fc9783c2.jpg

Мікола Равенскі


У найлепшым выпадку людзі прыгадаюць, што аўтар верша — Наталля Арсеннева. Пра аўтара музыкі забываюць. Або ўстаўляюць наша любімае «музыка народная». Мабыць, для сціплага па жыцці Міколы Равенскага такое азначэнне было б найлепшым кампліментам.

Кампазітар, хормайстар, музычны крытык, арганізатар хораў у Беларусі і на чужыне. Аўтар вядомых мелодыяў накшталт «Люблю наш край» ці «Беларусь, мая шыпшына», а таксама нашмат менш знаных — «Гімна ваўчанятаў» ці «Скаўцкай малітвы». Аўтар першай беларускай оперы «Браніслава». Аўтар першага гімна Савецкай Беларусі, які выконваўся ў ранняй БССР нароўні з «Інтэрнацыяналам», — «Адвеку мы спалі». Першы арганізатар масавага выпуску беларускіх спеўнікаў. Такі быў ягоны час — час першых.


Кніга, сатканая з успамінаў блізкіх

Усё найлепшае Равенскі ствараў у бурлівыя гады рэпрэсіяў, вайны, акупацыі, выгнання. Калі рукапісы і накіды губляліся сярод пажарышчаў вайны — аднаўляў, успамінаў. Сімвалічна, што ў наш неспакойны час у выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга «Мікола Равенскі», укладзеная даследчыкам эміграцыі Лявонам Юрэвічам.

У кнізе шмат успамінаў сяброў і калегаў Равенскага — Уладзіміра Дубоўкі, Антона Адамовіча, Зоры Кіпель, Алеся Карповіча і іншых. На пачатку — цудоўная прадмова Ганны Севярынец, якая яднае час Равенскага і наш сённяшні.

А яшчэ ў выданні шмат ўнікальных фота з жыцця героя, ноты і вокладкі ягоных спеўнікаў. Сам Равенскі не любіў выкладаць думкі на пісьме, але, безумоўна, заслужыў кнігу пра сябе.

Кніга — гэта прыгожы партрэт у багетнай раме. Мы ж паспрабуем зрабіць накід партрэта Міколы Равенскага. Просты, але пазнавальны.


«Шчупленькі, нат сухенькі, з купінаю густых валасоў»

Равенскі яшчэ да рэвалюцыі атрымаў пачатковую музычную адукацыю ў Мінскім архірэйскім хоры. Тэма сакральнай музыкі і надалей суправаджала яго па жыцці. Нібы ў алхімічнай колбе, ён пераплаўляў духоўную энергетыку з народнай мелодыкай. Дарэчы, запісваць сялянскія спевы ён пачаў яшчэ да Першай сусветнай, на Ігуменшчыне і Наваградчыне.

Пасля ўжо была вучоба ў Маскоўскай кансерваторыі, супраца з Інбелкультам, удзел у этнаграфічных экспедыцыях, сяброўства з класікамі накшталт Уладзіміра Дубоўкі. 1920-я — 1930-я для Равенскага — гэта бясконцыя выступы хораў, з якімі ён працаваў.

Равенскага згадваюць як чалавека сціплага і культурнага — без аніякай пыхі. «Шчупленькі, нат сухенькі, з купінаю густых і даўгаватых, назад зачэсаных валасоў», — піша пра яго Антон Адамовіч. Не любіў знешняга пафасу і нават на выступы прыходзіў у фрэнчы: максімум дадаваў да яго вышытую кашулю ці паясок. Нават хор трымаўся дзякуючы самадысцыпліне: Равенскі ніколі ні на кога не крычаў.

Равенскі жыў у свеце мелодыяў і вуснага слова. Пісаць яму было няпроста: «Кажны, хто бліжэй знаў Равенскага, ведае, як лёгка мог ён разьвіваць свае ідэі ў жывой асабістай гутарцы і як блізу беспарадным аказваўся пры выкладаньні думак на пісьме, так што напісанае ім заўсёды трэ было некаму апрацоўваць», — узгадваў Адамовіч.


«Урэшце спявала ўсё поле...»

Каб трошкі ўявіць сусвет, у якім жыў кампазітар, прывядзём цытату з кнігі. Вакол — войны, рэвалюцыі, арышты, бежанства. А ў Равенскага — свой непаўторны космас:

«Аднойчы, — згадваў мне Мікола, — у час жытва я ішоў па дарозе. Хоць сонца было ўжо на заходзе, жнеі яшчэ жалі. Прысеў на прыдарожны камень, чакаючы сваю дзяўчыну. Абапал пералівалася каласамі жыта. Грамадкі жнеяў, параскіданыя па ўсім полі, увіхаліся каля снапоў. Мяне ведалі ўсе, таму, пабачыўшы мяне, найбліжэйшая група жанчын і дзяўчат завяла жніўную песню.

Іншыя, далейшыя, адна за адной падхоплівалі яе. Урэшце спявала ўсё поле. Адлегласць між групамі была вялікая, і гукі неяк дзіўна змешваліся між сабою. Да гэтага далучалася рэха. А ўсё разам тварыла неапісальную, цудоўную сімфонію...

Жнеі ўжо замоўклі, а рэха яшчэ доўга пералівалася, заміраючы ў далечыні. Не раз у жыцці я ўспамінаў той вечар і тую дзіўную сімфонію».

Сяброў усё меней — кола сціскаецца

Разам са згортваннем беларусізацыі і пачаткам рэпрэсіяў у БССР над галавой Равенскага пачалі збірацца хмары. То аднаго, то другога сябра забіралі чорныя варанкі. Дабраліся і да Уладзіміра Дубоўкі, разам з якім Равенскі ствараў рамансы і оперу «Браніслава»: у 1930-м той быў арыштаваны НКВД і высланы.

Равенскага выключылі з Саюза кампазітараў, у кансерваторыі пакінулі толькі адзін прадмет — гармонію. У 1938-м арыштавалі і хуценька расстралялі ягонага брата Антона. Сяброў рабілася ўсё меней: нехта «знікаў», нехта адварочваўся. Кола сціскалася...

Паводле некаторых сведчанняў, прозвішча Равенскага таксама ўжо было ў расстрэльным спісе, але лёс склаўся па-іншаму: пачалася вайна.


04-a35811ae36af78b0cac181e7d4ddaa4b.jpg

«Люблю наш край». Словы К. Буйло, музыка М. Равенскага

«Менск, ахоплены морам агню»

Пра пачатак вайны засталася такая згадка самога Равенскага: «23 чэрвеня 1941 г. — дзень пасьля пачатку нямецка-савецкае вайны. Амаль увесь Менск ахоплены морам агню; уся мая хатняя маёмасьць і ўся праца ў выданьнях і рукапісах, а ў гэтым ліку і захаваныя чарнавікі опэры "Браніслава", гінуць...»

У часы акупацыі Равенскі вяртаецца ў Чэрвень (былы родны Ігумень), дзе працуе ў царкве псаломшчыкам. Пасля — рэгентам царкоўнага хору. Як згадвала дачка кампазітара Вольга Равенская-Аляксеенка, «бацька быў веруючым чалавекам. І гэтая вера, любоў да Бога, дапамагла яму выстаяць у найцяжэйшых жыццёвых выпрабаваннях».

Была ў Равенскага яшчэ адна дачка — Лена (або Лёля). У вайну яна была сувязной у мінскім падполлі. Блізкай сяброўкай Ісая Казінца — таго самага, чыім прозвішчам названая вуліца ў Мінску. Казінца злавілі і павесілі, а Лёлю расстралялі ў двары мінскай турмы. У вядомым творы Новікава «Руіны страляюць» ёсць згадка і пра візіты падпольшчыкаў на кватэру Равенскай.


Запісаць дыскі — каб засталося ў вечнасці

Гібель дачкі ад рук нацыстаў — удар для бацькі. Але зусім не індульгенцыя ў вачах наступаючай савецкай арміі. Для СССР Равенскі і такія як ён — здраднікі, «нацдэмы»... Давялося ехаць на Захад, ратуючыся ад смерці.

На эміграцыі кампазітар па памяці аднаўляе — чарговы раз — страчаныя падчас пераезду творы: «Шыпшыну», «Браніславу», арыю на словы Дубоўкі «Ноч над Мінскам» і інш. Арганізоўвае Беларускі студэнцкі хор у Бельгіі, які пасля ездзіць з выступамі ў Лондан, Берлін, Бон, Парыж. А яшчэ запісвае кружэлкі — дыскі.

Сёння нам падаецца, што запіс музычнага твора — цалкам руцінная рэч. Звыклая. Дамовіўся са студыяй — і пішы сабе. Для Равенскага ж гэта быў сакральны акт: нарэшце ён запіша напрацаванае гадамі, і яно застанецца ў вечнасці. Ужо не згарыць, не згубіцца, не будзе канфіскаванае падчас вобшуку.

Скончыўшы планавыя запісы, Равенскі прагаварыўся дачцэ: «Дзякуй Богу, што скончылі! Я не ведаю, ці перажыў бы яшчэ колькі такіх падарожжаў (у студыю — аўт.)...» Рэч у тым, што здароўе пачало даваць збоі. Пакрысе развівалася невылечная хвароба.


05-247eb6e63a84921a13d229d1e3c38c82.jpg

З беларускімі студэнтамі: Уладзімір Цвірка, Мікола Равенскі, Янка Запруднік, Алесь Марговіч. Брусэль, чэрвень 1951 г.

«Мне шкада, што выконваюць так слёзна...»

Зора Кіпель успамінае: «У адзін з прыездаў да бацькоў мама мне сказала: «Нешта-ж надта прыгожае піша сп. Равенскі». Гэта «нешта прыгожае» вылілася ў нешта магутнае — у гімн-малітву «Магутны Божа».

Над музыкай Равенскі працаваў увесну і ўлетку 1947-га, хоць сам верш Наталлі Арсенневай з’явіўся раней — у 1942-м, пад акупацыяй. Нарэшце, увосень 1947-га ў Парыжы, была выдадзеная брашурка з нотамі і словамі духоўнага гімна.


06-a3bd5ed92bba5c373a5e8541d590360d.jpg

Абвестка пра канцэрт Беларускага студэнцкага хору Міколы Равенскага. 1950 г.

А вось цікавая згадка Адамовіча: «Неяк яшчэ ў Міхэльсдорфе Равенскі кінуў неахвоча й мімабегам, што вось выканаў "парахвіяльны заказ" на беларускую патрыятычную малітву для царкоўнага хору — проста такая сабе "халтура". Можа, геній і сапраўды не ведаў, наколькі важны твор піша?.. Як той вандроўны сляпы лірнік з казак, які спявае, але не бачыць эфекту ад сваіх твораў. Равенскага так і называлі — "Лірнік".

Вось як апісвае першае харавое выкананне гімна Зора Кіпель: «Магутны Божа" зрабіў на мяне такое глыбокае ўражаньне, што я не магла стрымаць сьлёзы, хоць і сорамна было плакаць (...) Не было з кім абмяняцца першымі ўражаньнямі. Але гэты мамэнт, калі я ўпершыню пачула "Магутны Божа", назаўсёды застанецца ў маёй памяці. І колькі-б разоў пасьля гэтага я ні чула нашую малітву — кожны раз у мяне на вачох сьлёзы».

Часам даводзіцца чуць, што «Магутны Божа» — занадта мінорная, слязлівая кампазіцыя. І тут варта прывесці словы Вольгі Равенскай, дачкі кампазітара:

«...Малітву тую ведаюць і спяваюць у многіх краінах свету. Я чула яе ў выкананні многіх харавых калектываў, і мне вельмі шкада, што ў асноўным выконваюць яго так "слёзна", што гэта ўжо не гімн, а нейкая жальба. А на самай справе аўтар тут выказаў павагу Уладару Сусветаў, "вялікіх сонцаў і сэрц малых". Песня сапраўды павінна спявацца як гімн».

Міколка-рыбалоў з Лювэна

У кнізе пра Равенскага чытач знойдзе таксама цікавыя моманты з асабістага жыцця героя. Напрыклад, кампазітар любіў добры тытунь, а таксама віно. Але без перагібаў: «Час ад часу сустракаюся з чаркай, але ўжываю вельмі скромна», — піша Равенскі ў адным з лістоў.

Фантастычна, як чалавек пасля ўсяго перажытага не зваліўся ў дэпрэсію, не перастаў пісаць, а надалей жыў у нябачным сусвеце гукаў і мелодыяў. У лістах да Лявона Савёнка ён апісвае, як... спяваюць птушкі! А пасля — разбірае на галасы перазвон з касцёлаў, угадвае ў ім бельгійскія народныя матывы. Паводле Равенскага, такі перазвон ён чуе кожны аўторак па абедзе, і працягваецца ён каля гадзіны: час адкласці ўсе справы і слухаць.


07-cc146263130c89db8c5e9754042ea92e.jpg

Мікола Равенскі. Лювен, 1952 г.


Піша таксама пра «ягадныя, грыбныя ды рыбалоўныя справы». Пасядзець з вудай ля возера — вялікая асалода для Равенскага. З гэтай жа прычыны ён са скрухай апісвае «бязводны» Лювэн, дзе няма куды пайсці парыбачыць, і цёпла згадвае «рыбныя паходы на Дунай». Адна з ягоных жартаўлівых мянушак — Міколка-рыбалоў.


«Песня не загіне»

Самаахвярнасць у штодзённай працы — здаецца, феномен зусім не гераічны, не пафасны. Акурат такім быў Мікола Равенскі. Калі працаваць — то напоўніцу. Згадваюць, што святло ў ягоным акне часта гарэла да чацвёртай ці пятай ранку. Ён ведаў, што часу застаецца няшмат.

«Колькі бяссонных ночаў праседзеў кампазытар над нотнай паперай у сваім пакойчыку ў Студэнцкім Доме, бясконца перапісваючы, дарабляючы, зьмяняючы — "каб лепш гучэла!". Ужо цяжка хворы, ён трымаўся бадзёра і быў поўны творчых і жыцьцёвых плянаў на будучыню», — згадвае эмігрант Алесь Карповіч.


08-6739cb2f15b06918bd44ccb54fea8f20.jpg

Мікола Равенскі і Алесь Карповіч. Лювен, травень 1952 г.


Мікола Равенскі адышоў у лепшы свет сціпла і незаўважна: як снег з лясной сцежкі. Чалавек веры, музычнай гармоніі ды няспыннай працы. Недарма слова «праца» гучала нават у некралогах, напісаных пасля пахавання:

«Моўчкі расходзяцца людзі і расьцярушваюцца ў шэрых калідорах вуліц, але кожны ў сэрцы носіць сьветлую памяць аб адышоўшым, — піша Пётра Сыч. — Кожны з нас думае, верыць і кажа, што ён не памёр, што толькі адышоў адпачыць пасьля доўгай, упорыстай і сумленна выкананай працы, але будзе жыць так доўга, як доўга будуць на сьвеце беларусы, а зь імі родная песьня. (...) А мы песьні Твае панясём пад родныя стрэхі, каб жылі там вечна і ажыўлялі. Бо «песьня не загіне».


Алесь Кіркевіч, budzma.by