Сёння па-за межамі Беларусі пражывае больш за 3,5 мільёны беларусаў. Тое, што гэта багаты патэнцыял для развіцця нашай краіны – цяпер ужо агульнапрызнаны факт, і адно з яскравых сведчанняў гэтаму – дзяржаўная заклапочанасць азначанай сферай. У 2014 годзе быў прыняты ініцыяваны Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” Закон Рэспублікі Беларусь № 162-3 “Аб беларусах замежжа”. Таксама дзейнічае падпраграма “Беларусы ў свеце” ў рамках дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016–2020 гады.
Даследчыкі беларускага замежжа адзначаюць шырокую геаграфію беларускай прысутнасці ў свеце і насычанасць беларускага жыцця за мяжой. Яны цешацца з таго, што матэрыялаў для даследчыцкай працы хопіць яшчэ не на адно пакаленне іх наступнікаў. Разам з тым “Бацькаўшчына” пераканалася ў нізкай абазнанасці грамадства і супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў як пра істотны ўнёсак дыяспары ў развіццё беларускай прысутнасці ў розных краінах свету, гэтак і пра дапамогу з яе боку самой Беларусі.
Даць хуткі адказ на пытанне “Што дыяспара робіць для Беларусі?” цяжка яшчэ і таму, што паведамленні пра гэта альбо не трапляюць у СМІ, альбо губляюцца ў плыні навінаў і папросту забываюцца.
Праект ЗБС “Бацькаўшчына” “Дыяспара для Беларусі” (https://zbsb.org/info) мае на мэце запачаткаваць і развіваць адмысловы цэнтралізаваны рэсурс, агрэгатар інфармацыі пра найбольш значныя поспехі беларусаў-замежнікаў якраз у справе дапамогі самой Беларусі, як краіне, так і асобным ініцыятывам, установам і проста людзям.
Інфармацыя, якую мы сабралі і прапануем да Вашай увагі зараз – толькі пачатак для своеасаблівай “энцыклапедыі”, бо мы аднавілі далёка не ўсё, што зрабілі для краіны нашыя суродзічы з замежжа. Мы ведаем гэта дакладна! Таму звяртаемся да вас з просьбай распавесці, што вам вядома пра дапамогу Беларусі з боку дыяспары.
“Што дыяспара робіць для Беларусі?” Давайце разам распавядзем пра гэта самім сабе і ўсяму свету!
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”