Родныя нашы беларусы і беларускі!
Сардэчна віншуем Вас з Калядамі і Новым годам!
За мінулы год шэрагі беларусаў замежжа істотна пашырыліся. На жаль, не па добрай волі. Але дзе бы вы ні былі зараз, будучыня нашай краіны, як заўсёды, у нашых руках, якія ад выпрабаванняў толькі мацнеюць.
Нашы галасы за мінулы год нарэшце сталі больш гучнымі ў свеце: дзень за днём за мяжой адбывалася такая колькасць знакавых для беларушчыны падзей, пра якую некалькі гадоў таму немагчыма было нават марыць – дзясяткі фільмаў, тэатральных пастановак, кніг, музычных альбомаў, школ ды моўных курсаў, безліч атрыманых міжнародных прэмій за ўсё вышэйпералічанае і тут не прыгаданае. Яшчэ і праявы нашай салідарнасці і паўстанне новых актыўных беларускіх суполак.
Сёння тысячы людзей ахвяруюць сваёй свабодай дзеля нашай супольнай будучыні і не дазваляюць пусціць у душу нават ценю сумневу ў тым, што мы ідзем слушным шляхам. Гэта шлях салідарнасці і веры у незалежную і свабодную Беларусь, у якой па-над усім пануюць права, павага да чалавечай годнасці і свабоды.
Любові вам, моцы і веры, трывалага сяброўства і здароўя, шаноўныя беларусы і беларускі! І, канешне, сілаў і плёну ў дзейнасці на карысць нашай Радзімы.
Аргкамітэт па стварэнні Згуртавання “Бацькаўшчына” ў замежжы