Хведар Нюнька быў поўнасцю адданы Беларушчыне і зрабіў найбольш вялікі ўклад у захаванне, пашырэнне і прапаганду беларускасці ў Літве. Светлы, добразычлівы, з адкрытым сэрцам, гасцінны, усмешлівы, з прыгожым тварам і ясным поглядам шэрых вачэй, акуратнай сівой бародкай і вусікамі, заўсёды добра апрануты, невысокага росту, але падцягнуты, стромкі, ён адразу спадабаўся мне, калі мы разам займаліся стварэннем ЗБС “Бацькаўшчына”. Прыемна было бычыць яго такім энергічным, нястомным, заўжды поўным новых ідэй, цвёрдым у сваіх грамадзянскіх пазіцыях, гатовым адгукнуцца на падтрымку самых розных патрэбных спраў не толькі ў Літве, але і ў іншых краінах. Усё, што ён зрабіў, цяжка пералічыць, дастаткова нагадаць пра ўсталяванне больш як дзесяці шыльдаў беларускім дзеячам, шэраг помнікаў на могілках Росы, назвы вуліц, працу беларускай гімназіі, выданне шэрагу беларускіх кніг і інш. Хведар Нюнька прыватызаваў сядзібу Таварыства беларускай культуры, ля вытокаў якога стаяў і якое дваццаць пяць гадоў узначальваў. А пазней атрымаў пляцоўку (12 сотак) для Цэнтра культуры Якуба Коласа (тут раней быў дом сям’і жонкі паэта – Марыі Дзмітрыеўны).
Я асабліва ўдзячны яму за ўшанаванне памяці Максіма Гарэцкага і яго лепшай вучаніцы з Першай віленскай беларускай гімназіі Наталлі Арсенневай – мой дзядзька дапамог ёй стаць выдатнейшай беларускай паэтэсай. Дзякуючы намаганням Хведара мемарыяльныя дошкі ў іх гонар усталяваныя побач з уваходам у былы будынак гімназіі.
Р.Гарэцкі з Хведарам Нюнькам на адкрыцці мемарыяльных дошак Максіму Гарэцкаму і Наталлі Арсенневай ля ўвахода ў будынак Віленскай беларускай гімназіі. Аўтар – Алесь Шатэрнік. Вільня, кастрычнік 2007 г.
Мне давялося ўдзельнічаць у пяці Канферэнцыях беларусаў Балтыі, якія ТБК правялі ў Вільні, а таксама ў іншых мерапрыемствах ТБК, таму я разам з маім сябрам, выдатным гісторыкам Анатолем Грыцкевічам, былі прынятыя ў ТБК як ганаровыя члены.
Хведар Нюнька карыстаўся вялікай павагай як у літоўцаў і ўладаў Літвы (важна, што дасканала ведаў літоўскую мову), так і ў шырокага кола ўсіх беларусаў. Ён – выдатны беларускі адраджэнец Літвы, спадкаемца многіх віленскіх адраджэнцаў мінулага стагоддзя. Для беларускай справы ён гатовы быў аддаць усё. Я ведаю, што каб утрымліваць сядзібу ТБК і добра праводзіць іншыя мерапрыемствы, ён укладаў свае асабістыя грошы, нават браў крэдыт і заклаў сваю кватэру. Калі я прыязждаў у Вільню, звычайна з маёй жонкай Галяй, мы спыняліся ў кватэры гасціннага Хведара, а ён, калі прыязджаў у Мінск – у нас. Часта мы сядзелі доўга за поўнач, бо не маглі скончыць размовы пра нашыя справы. У Хведара была вельмі добрая беларускамоўная сям’я – дачка, сын і ўнукі. Я ўспамінаю, што ў першыя мае прыезды ў Вільню Хведар Нюнька быў у вялікім смутку, бо яго жонка вельмі цяжка і доўга хварэла, і ужо не магла сама ўставаць. Яе смерць стала для яго вялікай трагедыяй, бо між імі было сапраўднае моцнае каханне. Ён на ўсё далейшае жыццё застаўся верны ёй. У вялікім пакоі яго кватэры на сцяне вісеў яе партрэт, а на пісьмовым стале стаяў яе мармуровы бюст. Мы некалькі разоў разам з ім ездзілі на могілкі Росы, ускладалі кветкі да яе помніка.
У 2016–2017 гадах я яшчэ заспеў Хведара бадзёрым.
26-27 сакавіка 2016 года Хведар Нюнька, які ў той час быў старшынёй Культурнага цэнтра Якуба Коласа ў Вільні, запрасіў сваіх сяброў адзначыць свята 25 сакавіка – дзень абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Той Дзень Волі мы вельмі ўрачыста і ўзнёсла адсвяткавалі ў Беларускім доме правоў чалавека імя Барыса Звозскава. Тады ж вырашылі стварыць Аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя БНР.
15-16 ліпеня 2017 года ў Мінску ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханеса Рау прайшоў Сёмы з’езд беларусаў свету ЗБС “Бацькаўшчына” (галоўная тэма – “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці і стратэгія развіцця”). Прыехаў на яго і Хведар Нюнька. Мы шмат гаварылі з ім пра нашы справы.
Аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Злева направа: Алег Трусаў, Алег Дашкевіч, Алена Анісім, Крысціна Аблажэй, Хведар Нюнька, Лявон Баршчэўскі, Марыя Міцкевіч, Радзім Гарэцкі, Галіна Гарэцкая, Вольга Мікалайчык, Вячаслаў Піліпчук, Мікола Люцко. Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Вільня. 26 сакавіка 2016 г.
Сёмы з’езд беларусаў свету ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханеса Рау 16 ліпеня 2017 года. Злева направа: Леакадзія Мілаш, Радзім Гарэцкі, Хведар Нюнька, Уладзімір Колас
6 красавіка 2018 года я пазваніў Хведару, каб павіншаваць сябра з 90-годдзем і даведаўся, што Хведар, на жаль, пасля перанесенай траўмы і аперацыі вельмі саслабнуў і кепска пачуваецца. Да яго прыехала Крысціна Аблажэй, каб даглядаць і дапамагаць яму. Яна ж мне і пацвердзіла, што святкаванне юбілею 14 красавіка ўсё ж адбудзецца., не быў ужо такім бадзёрым, як заўсёды. Шкадаваў, што вымушаны быў пасяліць нас не ў сваёй кватэры, як звычайна.
Павіншаваць юбіляра прыйшлі шмат гасцей з Вільні (у тым ліку і прадстаўнікі віленскіх уладаў). Многія прыехалі з Беларусі, Польшчы, Латвіі. Кіравала ўрачыстасцю дачка Хведара Ніна – вельмі ўдала, па-майстэрску. Было шмат добрых віншаванняў і падарункаў, прамоўцы адзначалі шматлікія дасягненні Нюнькі і выказвалі за іх удзячнасць. Хведар стараўся быць бадзёрым, як і раней добра браў чарку, але выглядаў стомленым, у вачах быў сум. Я ўбачыў, што ён і праўда моцна здаў, і мне тады здалося, што гэта – развітанне. Мы з сумам абняліся, развіталіся, пажадалі адзін адному трымацца і быць здаравейшымі.
Ад пачатку траўня я некалькі разоў званіў Хведару Нюньку, але нехта падыходзіў да тэлефону і тут жа адключаў яго. Я вырашыў, што Хведар не хоча, каб яго турбавалі. Ніхто дакладна не ведаў у чым тут справа. А ў сярэдзіне жніўня мне патэлефанавала Алена Макоўская і перадала ад дачкі Хведара Ніны сумную навіну: неўзабаве пасля юбілею яе тата выйшаў з хаты, яму стала кепска і ён зноў паваліўся ды пабіў галаву. 15 жніўня яго не стала.
Беларускае грамадства панесла вялікую страту. Але імя вялікага беларускага адраджэнца назаўжды застанецца ў гісторыі Беларусі. Няхай пухам яму будзе Віленская наша зямля. А для нас Вільня без Хведара Нюнькі ўжо зусім іншая Вільня.
Радзім Гарэцкі